Рыхтавалі для Кебіча, а прыйшоў Лукашэнка: як Беларусь сталася прэзідэнцкаю рэспублікаю?


Паўнамоцтвы Лукашэнкі не проста моцныя, а фактычна неабмежаваныя. Прынамсі асабіста ён вызначае структуру ўраду, прызначае прэм’ер-міністра, генеральнага пракурора і суддзяў. Узурпацыю ўлады Лукашэнка называе прэзідэнцкаю рэспублікай, якую трэба захаваць, бо інакш, маўляў, краіна знікне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Будаваць менавіта прэзідэнцкую рэспубліку пастанавіў Вярхоўны Савет у сакавіку 1994-га года. За адпаведную папраўку ў Канстытуцыю прагаласавалі дзве траціны дэпутатаў. Паводле ўспамінаў сведкаў тых падзеяў, змены рыхтавалі канкрэтна пад тагачаснага старшыню Савету Міністраў Вячаслава Кебіча. Аднак на прэзідэнцкіх выбарах 1994-га перамог Лукашэнка. Як пісаў Васіль Быкаў, народ пайшоў за жорсткім, настырным і прагматычным дырэктарам саўгасу.

«Уяўлялася сапраўды так, што прыйдзе чалавек, які абяцае ўсё «разруліць» хутка і якасна. Толькі трэба даць яму нейкую ўладу. Гэтак было, але варта лічыць, што гэта такая чыста беларуская рыса: беларусы хацелі моцнай рукі, а ўсе астатнія не хацелі. І вось у беларусаў выйшла так, а ў іншых выйшла па-іншаму», – патлумачыў гісторык Алесь Пашкевіч.

Паводле тагачаснай Канстытуцыі, прэзідэнт меў дастатковыя паўнамоцтвы. Аднак Лукашэнка прагнуў большага. Неабмежаваную прэзідэнцкую ўладу ён атрымаў паводле вынікаў рэферэндуму 1996-га года, які сам і ініцыяваў. Супраць выступілі як дэпутаты Вярхоўнага Савету, гэтак і беларусы. Пратэсты, хоць і не вельмі масавыя, Лукашэнка жорстка здушыў. Аднак тое, што тагачасны прэзідэнт узурпуе ўладу, стала ясна яшчэ красавіку 1995-га, мяркуе былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык. Тады невядомыя сілавікі збілі і вывезлі з будынку парламенту 19 прадстаўнікоў ад фракцыі БНФ «Адраджэнне».

«Гэтага абсалютна хапала і каб узбудзіць супраць Лукашэнкі крымінальную справу, і каб абвясціць яму імпічмент. Але кіраўніцтва Вярхоўнага Савету выявіла сваю абсалютную бяздзейнасць. І вось тут сваё слова павінна было б сказаць грамадства. Але падтрымаць гэтых 19 дэпутатаў на плошчу прыйшлі толькі некалькі сотняў чалавек», – дадаў Сяргей Навумчык.

Цяпер бальшыня беларусаў хацела б жыць у парламенцкай рэспубліцы. Прынамсі за такую форму кіравання па выніках апытання выступіла пераважная колькасць нашых гледачоў. Неабходнасць жа захаваць прэзідэнта як моцнага лідара падтрымалі ўсяго 2 адсоткі.

«Я разумею псіхалагічны стан многіх беларусаў. Калі ім гаворыш слова прэзідэнт, у іх у мазжачку толькі Лукашэнка. Яны не ўяўляюць іншага. Бо 30 гадоў мы бачым толькі Лукашэнку. Але Лукашэнка, прабачце, гэта не прэзідэнт. Прэзідэнтам ён быў да 1996 года, да антыканстытуцыйнага перавароту», – мяркуе дарадца Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

У новай Беларусі магчымая наяўнасць пасады прэзідэнта, адзначыў Анатоль Лябедзька. Гэта прапісана і ў праекце Канстытуцыі, якую прапанавалі дэмакратычныя сілы.

«Самае галоўнае, што ў праекце Канстытуцыі Новай Беларусі вельмі добра прапрацаваны прынцып падзелу ўладаў. Там моцнае самакіраванне, там моцная судовая сістэма, там свабодныя, сумленныя выбары. Там прэзідэнт не кіраўнік выканаўчай улады», – падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Акрамя асноўных органаў улады, якія цалкам падпарадкоўваюцца Лукашэнку, у 2022-ім годзе ў Беларусі зʼявіўся яшчэ адзін – Усебеларускі народны сход. Яго рэжым пазіцыянуе як, цытата, найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя. Аднак трапіць ва УНС змогуць выключна лаяльныя дэлегаты, у тым ліку дэпутаты і чыноўнікі ды прадстаўнікі БРСМ і «Белай Русі».

Ірына Юрʼева, «Белсат»