Панікі няма: у NATO адказалі на размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі


З’явіліся першыя рэакцыі Захаду на нядаўнія ядравыя пагрозы Лукашэнкі. Пакуль што заявы гучаць вельмі стрыманыя, калі не сказаць «спакойныя». Гэтак, Джульен Сміт, амбасадарка ЗША пры NATO, сёння заявіла, што пакуль не бачыць нагоды мяняць стратэгічныя падыходы адносна бяспекі. Чаму размяшчэнне расейскай зброі ў Беларусі не выклікала на Захадзе панікі, на якую, магчыма, разлічвалі Масква і Менск? І чаму Пуцін ды Лукашэнка па-рознаму гавораць пра тое, хто будзе кантраляваць «чырвоны ґузік»?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Захад, падобна, не надта перапужаўся. Джульен Сміт, прадстаўніца ЗША пры NATO, падчас сённяшняй прэсавай канферэнцыі не выказала асаблівай занепакоенасці свежаю порцыяй пагрозаў ад Лукашэнкі.

«Мы не бачым ніякіх прыкметаў існавання непазбежнай рызыкі таго, што яны будуць спадзявацца на ядравую зброю, але, зноў жа, мы будзем вельмі ўважліва сачыць за гэтым, асабліва ў сувязі з любымі новымі падзеямі ў Беларусі», – заявіла Джульен Сміт.

Лукашэнка сцвярджаў, што сам будзе распараджацца завезенай у Беларусь ядраваю зброяй. Пазней, у размове з расейскаю прапагандысткаю Скабеевай, адумаўся: маўляў, рашэнні прымаем разам з Пуціным.

Але Масква ўвесь час адназначна заяўляе: «чырвоны ґузік» будзе толькі ў Крамля.

«Аляксандр Лукашэнка выступае ў ролі стэндапера, гэткага сабе коміка. Нічога, акрамя ўсмешкі, ягоныя алармісцкія заявы выклікаць не могуць. Ніякага ўплыву на працэсы, звязаныя з выкарыстаннем тактычнай ядравай зброі, ні Лукашэнка, ні ягоны ўрад мець не будуць», – кажа былы спікер ЗСУ, украінскі вайсковы эксперт Уладзіслаў Селязнёў.

А закрываюць вочы ў Крамлі на хлусню Лукашэнкі не толькі, каб пацешыць свайго галоўнага хаўрусніка, але і каб прымусіць Захад хвалявацца.

«А вы думайце, хто будзе зброяй кіраваць. Мы кажам, што мы. І мы не парушаем ніякіх міжнародных дамоваў. А Лукашэнка гаворыць, што ён. Вось і думайце, як яно будзе. Што яно будзе. А, можа, мы яму і дамо на нейкі момант самому распараджацца», – разважае палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст.

Паводле аглядальніка, калі ядравая зброя застаецца пад кантролем Расеі, Крэмль адбіваецца ад абвінавачанняў пра распаўсюд. Маўляў, ЗША таксама трымаюць свае тактычныя ўзбраенні ў іншых краінах ажно з 1967-га года. Вось і Масква высоўвае свае арсеналы за межы Расеі – да саюзніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Штаб-кватэра NATO. Фота з архіву Belsat.eu

«Гэта такі стратэгічны адказ на пашырэнне NATO на Фінляндыю і Швецыю. Бо чым можна было адказаць? Напасці на іх? Гэта было б небяспечна», – мяркуе Юры Дракахруст.

Але пагроза ў размяшчэнні тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі не такая значная, мяркуе Уладзіслаў Селязнёў.

«Ці нагэтулькі прынцыповая розніца ў часе, будуць гэтыя ракеты запускацца з-пад Берасця ці ўмоўна з тэрыторыі Калінінградскай вобласці. Другі момант – мы ўсе павінныя памятаць, што Паўночнаатлантычны Альянс усе рашэнні прымае шляхам кансэнсусу. То бок усе ўдзельнікі – 31 краіна – павінныя адказаць “Так” на тое ці іншае пытанне», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Пакуль што да адказу на пагрозы Пуціна і Лукашэнкі заклікалі Літва і Польшча. Магчыма, агульную пазіцыю Альянсу вызначаць падчас саміту NATO ў Вільні, што пачнецца 11-га ліпеня. Акурат пасля агучанай Крамлём даты дастаўкі ядравых набояў у Беларусі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»