Рыгор Ніжнікаў пра размяшчэнне ядравай зброі: «Лукашэнка спрабуе паказаць, што ён застаецца ўладаром у Беларусі»


Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што можа «без вагання» выкарыстаць ядравую зброю, пра размяшчэнне якой на тэрыторыі Беларусі было дамоўлена з расейскім презідэнтам Уладзімірам Пуціным яшчэ летась. Лукашэнка заяўляе, што гэта не Расея імкнецца размясціць ядравую зброю ў нашай краіне, а ён сам настойліва патрабуе гэтага, каб гарантаваць уласную бяспеку. На думку аналітыка Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгора Ніжнікава, выказаную ў жывым эфіры «Белсату», гэтыя заявы не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю, іх мэта – паказаць, што Лукашэнка застаецца гаспадаром у краіне.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Я думаю, што Лукашэнка спрабуе стварыць альтэрнатыўны наратыў, альтэрнатыўную рэальнасць, каб паказаць, што ён застаецца ўладаром у Беларусі, але вядома, што пастанова прымалася Расеяй. Расея будзе кантраляваць зброю і Расея цалкам будзе вызначаць, што з гэтай зброяй будзе ў Беларусі. […] Хутчэй за ўсё, ён гэта кажа для сябе, для сваіх элітаў. […]

Бо яшчэ тры гады таму ён быў цалкам гаспадаром у краіне і рабіў, што хацеў, а цяпер ён робіць тое, што ад яго чакае Масква.  Яму таксама важна паказваць элітам, што ён яшчэ можа вызначаць іхны лёс, але я думаю, што гэта не больш, чым самагіпноз», – разважае Рыгор Ніжнікаў.

Каментуючы заяву Лукашэнкі пра магчымае размяшчэнне ў Беларусі стратэгічнай ядравай зброі, эксперт адзначыў, што «гэта будзе вялікім ударам па сістэме сённяшняй рэгіянальнай бяспекі, якая і так пад ударам». Ён упэўнены, што нават калі Беларусь атрымае стратэгічную зброю, гэта будзе выбарам Масквы  і кантраляваць яе, зноў жа, будзе Масква». На думку эксперта, гэта ўжо нагода задумацца, ці застанецца Беларусь у гэтым выпадку суверэннай дзяржавай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя. Крыніца: jacos.net

Акрамя таго, Рыгор Ніжнікаў бачыць у заявах Лукашэнкі намер затрашыць Захад і нейкім чынам, як гэта было раней, выклікаць заходніх палітыкаў на размову. Але спадзевы гэтыя эксперт лічыць марнымі.

«Думаю, Лукашэнка не цалкам уявіў новую рэальнасць пасля 2020 года. Што гэтыя ягоныя пагрозы ці заахвочванні Захаду больш не працуюць. Захад прыняў даволі канкрэтную пазіцыю ў дачыненні Беларусі і Лукашэнкі. З ім размаўляць больш не будуць. А Лукашэнка ўсё працягвае казаць і рабіць з інерцыі, ён думае, што Захад пойдзе на саступкі», – адзначае палітолаг.

Даволі стрыманую рэакцыю заходніх краінаў на планы Уладзіміра Пуціна размясціць у Беларусі ядравую зброю Рыгор Ніжнікаў тлумачыць іх нежаданнем паддавацца расейскаму шантажу.

«Не трэба адказваць эскалацыяй на эскалацыю. Гэта тое, чаго чакае Масква. Я думаю, што для Масквы было б выдатна прывесці свет на парог яшчэ аднаго Карыбскага крызісу, каб сесці за стол перамоваў з Вашынгтонам і дамовіцца пра перадзел парадку ў рэгіёне. Думаю, гэта была б мара Уладзіміра Пуціна. І тое, што Захад не хоча ісці гэтаму насустрач, не хоча рабіць крокі ў эскалацыі, – гэта ўзважаная палітыка», – кажа эксперт.

Змены рыторыкі заходніх краінаў найбліжэйшым часам чакаць не выпадае яшчэ і таму, што, на вялікі рахунак, з размяшчэннем ядравай зброі ў Беларусі «стратэгічна у рэгіёне нічога не зменіцца», бо ўжо цяпер Масква мае магчымасць выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору, адзначае Рыгор Ніжнікаў.  «Таму лепш за ўсё паказаць, што ніякіх бяздумных адказаў не будзе», – мяркуе ён.

Малаімавернай суразмоўца «Белсату» бачыць магчымасць таго, што Расея скарыстае ядравую зброю, размешчаную ў Беларусі, і скажа, што гэта ўсё зрабіў Аляксандр Лукашэнка.

«Я не думаю, што для Масквы цяпер ёсць нейкі сэнс, каб выкарыстоўваць тактычную ядравую зброю. Мы бачым развагі розных экспертаў, што ніякіх перавагаў Маскве гэта не дасць, а наадварот, можа негатыўна адбіцца на яе геапалітычным, геастратэгічным стане.  Таму я не думаю, што Масква гэта плануе, але мы мусім не забываць, што калі на сцэне ёсць стрэльба, то яна ў пэўны час можа стрэліць», – падсумоўвае эксперт.

Hавiны
Лукашэнка пагражае «без вагання» выкарыстаць ядравую зброю, якой яму ніхто не перадае
2023.06.13 13:25

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў