Расейскія ільготы не вытрымалі і года


Не сакрэт, што расейскі рынак збыту – асноўны для Беларусі. Усходняя суседка з мінулага году была таксама найбуйнейшай пакупніцаю беларускіх нафтапрадуктаў. Пастаўкі ажыццяўляліся на дэмпферных ільготных умовах, што дазваляла няблага зарабіць. Але гэтак будзе толькі да канца лета. Якіх зменаў чакае экспарт?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускае дызельнае паліва вось ужо адзінаццаты месяц паступае на расейскі рынак паводле схемы з выплатай дэмпферу. Гэта значыць, што паліва дарагое, але расейскі бюджэт дапамагае яго прадаць. На што выдаткаваў звыш $ 10,3 млн. Але праз месяц – дапамогу ўрэжуць удвая з прычыны зменаў у Падатковым кодэксе.

«Змены ў падатковым кодэксе – гэта даволі стратэгічная працэдура, накіраваная на шмат гадоў. Але зробленая цяпер “на злобу дня”, канкрэтна дзеля таго, каб павялічыць напаўняльнасць расейскага бюджэту», – кажа расейскі эканаміст, кандыдат эканамічных навук Мікалай Кульбака.

З пакупнікамі паліва ніхто не раіўся, дадае Мікалай Кульбака. На галоўнай таварна-сыравінавай біржы Расеі цана дызелю падскочыла амаль на паўтара адсотка пасля артыкулу «Коммерсанта» пра магчымы сыход з рынку беларускага паліва. Эксперт з Беларусі кажа: усё не так адназначна.

«Магчыма, гэта прывядзе да таго, што закупачныя цэны ў Расеі стануць не такімі выгаднымі для беларускіх НПЗ, таму, магчыма, пастаўкі скароцяцца. Аднак хутчэй за ўсё яны могуць быць перанакіраваныя ў такім выпадку ў іншыя краіны пры дапамозе транспартна-лагістычнай структуры Расеі», – распавядае эканаміст цэнтру «BEROC» Анатоль Харытончык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына запраўляе аўтамабіль на АЗС. Менск, Беларусь. 28 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

На ліпеньскай нарадзе, датычнай лагістыкі асноўных беларускіх вырабаў, калійных і нафтапрадуктаў, Лукашэнка згадваў: «Па перавалцы ўсіх грузаў, а гэта каля 20 мільёнаў тон, працуем ва ўсіх партах Расейскай федэрацыі».

Было агучана, што ў гэтым годзе пры жаданні можам перавальваць 12 мільёнаў тонаў калію – гэта дасанкцыйныя аб’ёмы. Наконт нафтапрадуктаў магчымыя абʼёмы продажу за мяжу не канкрэтызавалі. Вядома толькі, што перапрацоўваем цяпер 6-7 мільёнаў тонаў нафты. Гэта на 30 % менш, чым да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Каму прадаем, апроч Расеі?

«У мінулым годзе была інфармацыя, што прыходзілі яны ў Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. Далей, імаверна, таксама некуды ішлі. Куды – сказаць складана. Але ўсё ж такі попыт на нафтапрадукты ў свеце ёсць. І я думаю, што беларускія нафтапрадукты цалкам можна перанакіраваць», – лічыць Анатоль Харытончык.

Магчыма, Эміраты, ці Індыя, ці Кітай. Статыстыка экспарту закрытая як у Беларусі, гэтак і ў Расеі. Тым не менш эканамістам ёсць што сказаць пра экспарт у пералічаныя краіны.

«Вялікая частка грошай, якія вы б маглі выручыць, сыходзіць да пасярэднікаў. Гэта могуць быць свае пасярэднікі і чужыя. Наступная праблема, якая ўзнікае, – гэта якімі валютамі вы разлічваецеся. Дапусцім, прадукцыя ідзе ў Індыю і разлічваецца ў індыйскіх рупіях, якія невядома, куды дзяваць», – кажа Мікалай Кульбака.

Такім чынам, сённяшні заробак ад прадуктаў перапрацоўвання сямі мільёнаў тонаў нафты непараўнальна меншы, чым быў у 2021-ым годзе. У верасні ён скароціцца ўдвая.

Юлія Цяльпук, «Белсат»