Выратаваў калій. Аднаўленне экспарту ўгнаенняў дапамагло вонкаваму гандлю Беларусі не сысці ў мінус


Нацбанк абнародаваў статыстыку вонкавага гандлю Беларусі ў студзені – красавіку сёлета. З прыкметных тэндэнцыяў: агульнае сальда імкнецца да адмоўных паказнікаў, абрынуўшыся год да года на 82%, а адмоўнае сальда гандлю таварамі вырасла ўдвая. Эканаміст Дзмітрый Крук упэўнены: калі б не аднаўленне экспарту калійных угнаенняў, чыноўнікам не было б чым хваліцца.

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Агулам замежнагандлёвы зварот тавараў і паслугаў у студзені – красавіку сёлета склаў 30 млрд 564 млн долараў і вырас год да года на 14%. Пры гэтым імпарт павялічваўся амаль удвая шпарчэй за экспарт (18,4% супраць 9,9%), і сальда, пакуль станоўчае, імкнецца да адмоўных паказнікаў. За чатыры месяцы летась яно было 1 млрд 167 млн долараў, а сёлета ўжо – 203 млн долараў: падзенне на 83%, сведчаць звесткі Нацыянальнага банку.

Экспарт тавараў сёлета вырас на 13,8%, а імпарт – на 16,8%. Адмоўнае сальда ў гандлі таварамі было і летась (мінус 383 млн долараў), а сёлета яно павялічылася ўдвая (ужо мінус 782 млн долараў).

Агульнае станоўчае сальда вонкавага гандлю забяспечылі паслугі. Іхны экспарт крыху прасеў (на 4,6%), імпарт заўважна вырас (на 31%), аднак вынік пакуль на карысць беларускай эканомікі. Сальда, хаця і зменшылася год да года на 37%, яшчэ станоўчае (985 млн долараў).

Вонкавы гандаль Беларусі нібы гойдаецца на арэлях. Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у каментары «Белсату» адзначыў: летась ратавалі цэны (прадавалі на экспарт мала, але дорага), цяпер жа – аб’ёмы (прадаем болей у штуках, кілаграмах і літрах).

«Змяніўся леташні трэнд, калі істотна паляпшаліся цэнавыя ўмовы, найперш раслі цэны на беларускі экспарт, а фізічны аб’ём экспарту заставаўся вельмі нізкім і істотна ніжэйшым, чымся перад вайною. Зараз гэтыя два чынніка памяняліся месцамі: фізічны аб’ём экспарту стаў вельмі істотна расці, а цэны, наадварот, зніжаюцца», – тлумачыць эканаміст.

Hавiны
Галоўчанка: Санкцыі адбіліся на чвэрці галінаў беларускай эканомікі
2023.06.09 16:47

Бадай, самыя затратныя артыкулы беларускага імпарту – энерганосьбіты – летась даражэлі не так хутка, як наш экспарт. У выніку для краіны склаліся найлепшыя ўмовы вонкавага гандлю за ўсю найноўшую гісторыю.

«Цэнавы фактар быў суперспрыяльным: цэны на беларускі экспарт раслі, а на імпарт за кошт таго, што цэны на нафту ды газ абмяжоўваліся, раслі значна меншымі тэмпамі. І гэтыя ўмовы гандлю былі найлепшымі за ўсе часы, гэта быў гістарычны пік», – заявіў Крук.

Цяпер жа гэтае шчасце заканчваецца. І яно б цалкам скончылася, калі б не атрымалася аднавіць экспарт калійных угнаенняў, мяркуе суразмоўца «Белсату».

«Узрастае фізічны аб’ём экспарту, і, мяркую, ён фактычна выйшаў на перадваенны ўзровень. Бяруся сцвярджаць, што ключавую ролю тут адыгралі калійныя ўгнаенні. З леташніх нізкіх узроўняў, відаць, адбыўся істотны штуршок. Як яны пайшлі, на якіх умовах – інфармацыі няма. Але без гэтага не адбылося б такога скачка ў фізічным аб’ёме экспарту. Гэта асноўны чыннік, што падтрымоўвае стан вонкавага гандлю», – сказаў Крук.

Скачок у экспарце калійных угнаенняў ён назваў «галоўнай навіною апошніх месяцаў».

Каментар
Павел Латушка: Лукашэнка можа страціць мільярд долараў праз пастаўкі калію ў Кітай
2023.06.08 18:24

Праз тое, што чыноўнікі хаваюць якія-кольвек падрабязнасці замежнагандлёвых аперацыяў, аніякіх прагнозаў рабіць нельга, канстатуе аналітык. Без належнай статыстыкі гэта будзе варажэнне на кававай гушчы:

«Галоўнае пытанне, на якое ў мяне няма адказу, якім чынам ідзе гэты экспарт – праз расейскія парты ці яшчэ больш чыгунку загрузілі? Адказ на гэта фармуе адказ на пытанне, ці ўстойлівая гэтая новая сітуацыя, ці змогуць далей працягваць экспартаваць угнаенні і падтрымоўваць экспарт на перадваенным узроўні, ці гэта часовы скачок, ці гэта новы статус-кво».

Важна, што экспарт калію цяпер – самае істотнае пытанне ў вонкавым гандлі, падкрэсліў Дзмітрый Крук.

«Мы не ведаем, якім чынам лагістычна адбылося аднаўленне экспарту калію, астатняга экспарту, якія асноўныя краіны, куды гэта ідзе – Кітай ды Індыя, або, напрыклад, Бразілія», – заўважыў эканаміст.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: chandlervid85 / Freepik

Што тычыцца паслугаў, то тут таксама ёсць загадка: за кошт чаго адбыўся ўсплёск іхнага імпарту.

«Мяне таксама цікавіць, што за гэтым стаіць. Скачок, амаль вяртанне на перадваенны ўзровень, і тут ёсць незразумеласці, што ў гэтым імпарце паслугаў. Імаверна, гэта неяк звязана з экспартам калію ці іншага, што патрабуе транспартных паслугаў замежных кампаніяў», – мяркуе наш суразмоўца.

Павольнае ж зніжэнне экспарту паслугаў – стагнацыя IT-галіны, адзначыў эксперт.

«Пэўныя ваганні ёсць у экспарце паслугаў – гэта з вялікай імавернасцю адлюстраванне зніжэння экспарту IT-сферы. Гэта такі паступовы пакрокавы працэс, і тое, што скончылася гэтая тэндэнцыя, казаць пакуль не выпадае», – падсумаваў Дзмітрый Крук.

Hавiны
Замест «імпартанезалежнасці» Беларусь скацілася ў большую залежнасць ад гандлю з Расеяй
2023.05.12 13:43

Крыху падрабязнасцяў пра вонкавы гандаль краіны распавёў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой. Інтэрв’ю з ім тэлеканал СТВ паказаў напярэдадні.

Чыноўнік сказаў, што, нягледзячы на працу ў Маскве, яму даручана «актыўна працаваць з трэцімі краінамі». Пры гэтым доля Расеі ў вонкавым гандлі Беларусі перавышае 60%.

«Галоўны акцэнт – Афрыка. Агульны аб’ём гандлю ў Беларусі з Афрыкай ужо перавышае 200 млн долараў. Ну і азіяцкі вектар. Цяпер вельмі актыўна развіваюцца стасункі з Інданезіяй. Традыцыйна ў нас такі быў монагандаль, пераважалі калійныя ўгнаенні альбо нафтапрадукты. Але цяпер наменклатура пашыраецца: і сельская гаспадарка, і лёгкая прамысловасць, і нафтахімія», – заявіў Крутой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: rw.by

Гандлю з Кітаем перашкаджае лагістыка і моцная канкурэнцыя, паскардзіўся дыпламат. Аднак запэўніў, хоць і не назваў лічбаў, што трывае «актыўны гандаль, маецца істотны прырост у сельскагаспадарчай групе, плюс дрэваапрацоўванне і цэлюлозна-папяровая прамысловасць».

«Я асабіста чакаю вельмі сур’ёзнага прарыву на кітайскім кірунку ў бліжэйшыя год-два», – прагназуе Крутой.

Ён таксама чакае, што праз той жа год-два «праблему лагістыкі мы проста забудзем». Ужо зараз атрымалася «практычна паўсюль» пераарыентаваць больш за 10 мільёнаў тон грузаў: ад металургіі да хіміі і дрэваапрацоўвання.

«Тое, што атрымалася ў нас за апошні год – беспрэцэдэнтная гісторыя. І тыя калідоры – Поўнач і Поўдзень, Далёкі Усход, Сібір, Урал – выдатныя маршруты. Кантэйнерныя цягнікі ў Кітай. Прыкладаў дзясяткі, насамрэч», – заявіў амбасадар.

Аналітыка
Вайна, санкцыі і рост цэнаў: што адбываецца з замежным гандлем Беларусі?
2023.04.06 13:44

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў