Сёння адзначаюць Дзень адзінства Беларусі і Расеі


Святочны канцэрт ля поля на ўзбочыне прасёлкавай дарогі. А таксама аўтапрабегі, тэлемасты і парады. Гэтак адзначаюць Дзень яднання Беларусі і Расеі. У школах з гэтай нагоды праводзяць адзіны ўрок. А віншаванні ладзяцца на ўсіх узроўнях: ад кіраўнікоў краінаў і чыноўнікаў да прадстаўнікоў моладзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пытанне інтэграцыі між дзвюма краінамі, найперш эканамічнай, было ўзнятае яшчэ падчас рэферэндуму 1995-га года. Але афіцыйны пачатак яднання заклалі Лукашэнка і Ельцын 2-га красавіка 1996-га, падпісаўшы пагадненне пра беларуска-расейскую супольнасць. У Менску тады адбылося масавае шэсце з затрыманнямі і збіццём.

Роўна праз год гэтыя ж два прэзідэнты падпісалі дамову пра стварэнне саюзу Беларусі і Расеі. Але інтэграцыя доўгі час стаяла на месцы. Улады дзвюх краінаў распрацоўвалі і падпісвалі дарожныя мапы, а Лукашэнка атрымліваў танныя нафту, газ і крэдыты.

«Іх нельга назваць раўнапраўнымі і ніколі нельга было назваць. Калі адна краіна цягам дзесяцігоддзяў субсідуе іншую і ў нейкіх момантах субсідаванне сягае 15 адсоткаў ВУП субсідаванай дзяржавы, то безумоўна трэба чакаць нейкіх наступстваў», – мяркуе дырэктар расейскіх праграмаў Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Аркадзь Мошас.

Паслявыбарчыя пратэсты 2020-га і жорсткая рэакцыя на іх лукашэнкаўскага рэжыму прывяла да ўзмацнення канфрантацыі з Захадам. Пагоршыла сітуацыю прымусовая пасадка самалёта кампаніі «Раянэйр» у траўні 2021-га і арганізаваны рэжымам міграцыйны крызіс. А з пачаткам поўнамаштабнай вайны супраць Украіны беларуская эканоміка амаль цалкам пераарыентавалася на расейскую.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Беларусі і Расеі.
Фота: tourdom.ru

Паводле Белстату, толькі летась у Беларусь прыйшлі 52 новыя кампаніі з расейскім капіталам, а колькасць інвестыцыяў у эканоміку склала дзве траціны ад усіх замежных сродкаў. Гэта на 10 адсоткавых пунктаў больш як у папярэднім, 2022 годзе. Вядома пра расейскія вайсковыя замовы, якія беларускія прадпрыемствы выконваюць пад выглядам тавараў лёгкай ці харчовай прамысловасці або частак для аўтамабіляў.

«Зарабляе так Лукашэнка і яго паплечнікі вельмі добра на вайне, але гэта заробак такі, што гэта вайна скончыцца перамогай Украіны – і ўсё гэта абрынецца. Усе гэтыя станкі, уся вытворчасць не проста скароціцца на, скажам, 5 адсоткаў, а стане колам», – кажа прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Да 2020-га года Лукашэнка меў шанец зменшыць сваю залежнасць ад Расеі, павярнуўшыся тварам да Захаду. У цяперашніх умовах магчымасцяў для манеўравання няшмат, падкрэслівае Аркадзь Мошас. Хоць перыядычна Лукашэнка і закідвае ідэі пра дыялог.

«Гэтыя ідэі зводзяцца да таго, што зноў дыялог будзе весціся на ягоных умовах. Але на гэта Захад сёння не павядзецца і любая сур’ёзная размова будзе пачынацца з патрабавання вызваліць усіх палітвязняў. І на гэтым яна і скончыцца, бо Лукашэнка да гэтага не гатовы. І Масква, я думаю, у такім руху яго не тое што ніякім чынам не падтрымала б, але і нейтральна да гэтага не паставілася б», – кажа Аркадзь Мошас.

Пагатоў ідэя «русского мира» актыўна ўкараняецца ў Беларусі. Гэтак, у Горадні адкрылі Расейскі цэнтр навукі і культуры – гэтак званы Расейскі дом, ужо чацвёрты ў нашай краіне. Пры падтрыманні гэтых установаў беларускім школьнікам арганізоўвалі адпачынак у акупаваным Крыме і ладзілі зборы гуманітарнай дапамогі для самаабвешчаных Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»