Перамовы Лукашэнкі і Пуціна скончыліся. Хто каго «нахіліў»?


Перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі працягваліся амаль 4 гадзіны. Сустрэча праходзіла ў Крамлі з невялікімі перапынкамі і зменай фарматаў.

Перамовы стартавалі ў пашыраным фармаце з удзелам чальцоў дэлегацый дзвюх краінаў. З расейскага боку ў іх прынялі ўдзел першы віцэ-прэм’ер – міністр фінансаў Антон Сілуанаў, кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, віцэ-прэмʼер Дзмітрый Козак, міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, а таксама амбасадар РФ у Беларусі Міхаіл Бабіч. Беларускі бок акрамя Лукашэнкі прадстаўлялі віцэ-прэмʼеры Ігар Петрышэнка і Ігар Ляшэнка, міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей і амбасадар у РФ Уладзімір Сямашка. Пасля завяршэння перамоваў у складзе дэлегацый Лукашэнка і Пуцін працягнулі размову сам-насам у фармаце працоўнага абеду, паведамляе ТАСС.

Па выніках перамоваў першы віцэ-прэм’ер РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Расея і Беларусь створаць працоўную групу па падрыхтоўцы прапановаў па інтэграцыі і вырашэнню спрэчных пытанняў.

«Была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні рабочай групы, якая будзе ўзаемадзейнічаць і складацца з прадстаўнікоў урада. І гэтая рабочая група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэнню тых надзённых пытанняў, якія турбуюць урады нашых краін», – сказаў ён.

Перамовы ў Крамлі. Фота – president.gov.by

Віцэ-прэмʼер РФ паведаміў, што на перамовах абмяркоўваўся расейскі падатковы манеўр і цэны на энергарэсурсы.

«Дамовіліся таксама пра збліжэнне пазіцыяў па ўсіх гэтых напрамках», – падкрэсліў Сілуанаў.

Ён дадаў, што Расея і Беларусь павінны выпрацаваць прапановы па фармаванні цаны на газ з 2020 года.

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант назвала перамовы «канструктыўнымі», у выніку якіх «пазіцыі збліжаныя па ўсіх пытаннях». Паводле яе, кіраўнікі РФ і Беларусі, асабліва падчас сустрэчы сам-насам, сур’ёзна прааналізавалі дамоўленасці ў рамках Саюзнай дзяржавы, іх рэалізацыю. «Было адзначана адставанне па некаторых пазіцыях і абазначаны намер дадзеныя працэсы актывізаваць (гэта тычацца, напрыклад, правядзення адзінай узгодненай прамысловай палітыкі і гэтак далей)», – цытуе Эйсмант БелТА.

«У выніку кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся да Новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прыняцця рашэнняў, якія не церпяць адкладаў. У першую чаргу гэта звязана з жаданнем прэзідэнта Расеі глыбей паглыбіцца ў сутнасць праблемаў, каб знайсці шляхі іх рашэння. Дата дадзенай сустрэчы будзе ўзгоднена дадаткова з улікам графікаў кіраўнікоў дзяржаваў», – дадала прэс-сакратар.

ВІДЭА
Лукашэнка: Расея абяцала кампенсаваць страты ад падатковага манеўра. І потым раптам усё спынілася
2018.12.24 14:24
  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзвездзева – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў