Лукашэнка: Расея абяцала кампенсаваць страты ад падатковага манеўра. І потым раптам усё спынілася


Падчас нарады аб актуальных пытаннях супрацы з Расеяй Аляксандр Лукашэнка заявіў: перамовы з Уладзімірам Пуціным, што маюць адбыцца 25 снежня ў Маскве, будуць няпростыя.

Паводле Лукашэнкі, расейскае кіраўніцтва не выконвае свае абяцанні.

«І мне асабіста, і ўрад гэта не зняпраўджваў, было жорстка абяцана: «Мы (Расея. – заўвага. belsat.eu) ніколі не пойдзем на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, і мы кампенсуем страты ад падатковага манеўру». Гэта былі абяцанні. Мы разумелі і гатовыя былі весці перамовы, – заявіў ён. – Быццам бы вы на ўзроўні двух урадаў палічылі ўсе, было прынята рашэнне».

Лукашэнка нагадаў, што раней першы віцэ-прэм’ер РФ Антон Сілуанаў казаў, што страты Беларусі ад падатковага манеўра будуць сапраўды сурʼёзныя, і расейскі бок гатовы іх кампенсаваць.

«І потым раптам усё спынілася. Я хацеў бы атрымаць адказ на пытанне: чаму спыніліся гэтыя перамовы, калі ў прынцыпе ўсё было гатова для прыняцця рашэння нават на саюзным Саўміне ў Берасці?» – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што падчас заўтрашніх перамоваў у Крамлі варыянтаў рашэння тых ці іншых пытанняў будзе шмат, але беларускі бок мусіць выразна пазначыць і адстойваць сваю пазіцыю.

Нарада Лукашэнкі, 24 снежня. Фота -president.gov.by

Лукашэнка заявіў, што яшчэ ў красавіку 2017 года на перамовах у Санкт-Пецярбургу яны з Пуціным дамовіліся вырашыць усе пытанні па цане на газ і падатковаму манеўру да канца 2018 года.

«Аднак на ўсе нашыя прапановы Расея не пайшла, і гэтыя тэрміны фактычна сарваныя. І наша частка дэлегацыі заўтра на перамовах, і расейская павінны будуць адказаць на пытанне, чаму прынятае двума прэзідэнтамі рашэнне не было выканана сёлета», – сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што да 2024 года беларускі бюджэт страціць ад падатковага манеўра каля $ 10,5 млрд.

Як можна меркаваць з фотаздымкаў з нарады, у абмеркаванні стасункаў з Расеяй удзельнічаюць не толькі прадстаўнікі ўраду. Па левую руку ад Лукашэнкі сядзяць старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, кіраўніца адміністрацыі прэзідэнту Наталля Качанава, міністр замежных справаў Уладзімір Макеі і старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Па правую руку ад Лукашэнкі – прэмʼер-міністр Сяргей Румас, віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка, віцэ-прэмʼер Ігар Петрышэнка, міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

Hавiны
Аляксей Венедыктаў: 25 снежня Пуцін прапануе Лукашэнку «глыбокую інтэграцыю»
2018.12.22 18:31

Заўтра, 25 снежня, Аляксандр Лукашэнка мусіць правесці перамовы з Уладзімірам Пуціным. Мяркуецца, што Пуцін падчас сустрэчы будзе патрабаваць ад Лукашэнкі «глыбокай інтэграцыі», а той дамагацца вырашэння пытанняў па газу і нафце.

  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзвездзева – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў