Маці загінулага ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча паведаміла журналістам media-polesye.by, што падчас следства загінуў сведка па справе ейнага сына.
«Мне даслалі ліст са Следчага камітэту і сказалі, што следства працягнуць да чэрвеня, а тут раптам такі рэзкі паварот. Я ім сказала, што вы, напэўна, жадаеце, каб усе тыя, хто мае дачыненне да гэтай справы, зніклі. Роўна праз 5 месяцаў пасля смерці Сашы 3 сакавіка, памерла ягоная бабуля, якая праходзіла пацярпелай па справе, а нядаўна на вучэннях ва Уруччы загінуў калега Сашы [Дзмітрый Удод. – Заўв. Belsat.eu], які быў сведкам. Я ўжо і не ведаю, што думаць», – кажа Святлана Коржыч.
Нагадаем, што 19 красавіка Следчы камітэт паведаміў журналістам пра завяршэнне справы шараговага Коржыча.
Паводле следчых, збіццё і здзекі сталі прычынаю самагубства 21-гадовага жаўнера.
Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах 3 кастрычніка. Цела Коржыча знайшлі са звязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны.
ЮВ, belsat.eu, паводле media-polesye.by