Бацькі загінулай на бульбе школьніцы: Ёсць людзі, якіх чамусьці няма на лаве падсудных


Юлія і Алег Папчэня напісалі заяву з хадатайніцтвам скончыць судовы працэс без іхнага ўдзелу, піша kraj.by.

«Мы цяжка пераносім гэты судовы працэс, які доўжыцца ўжо вельмі доўга. Нам трэба зʼехаць… Скажу таксама: мы не хочам, каб абвінавачаных настаўнікаў пазбаўлялі свабоды і магчымасці выкладаць. – кажа Юлія. – Так, яны вінаватыя, але ёсць людзі, чыя віна больш значныя. Не буду называць прозвішчы. Гэтыя людзі чамусьці не знаходзяцца на лаве падсудных», – распавяла выданню маці 13-гадовай Вікі Папчэні.

Нагадаем, летась кіраўніцтва маладзечанскай школы № 11 выправіла вучняў 8-га класу збіраць ураджай для сельскагаспадарчага прадпрыемства «Усход-Агра». Выезд на бульбу скончыўся трагедыяй – пад коламі самазвала загінула 13-гадовая Вікторыя Папчэня. Кіроўцу асудзілі на 3 гады «хіміі».

У Маладзечне судзяць настаўніц Вікторыі Папчэні. Ім пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі. Ірыну Апанасевіч (выкладае фізіку) і Вольгу Завадскую (французскую мову) абвінавачваюць у «неналежным забеспячэнні кантролю за дзецьмі на полі».

Чарговае судовае паседжанне прызначанае на 10 ліпеня.

ЮВ, belsat.eu, паводле kraj.by

Стужка навінаў