навіны

Зоаабаронцы ў Берасці дамагліся закрыцця скандальнага жывога кутка. Той не хоча раздаваць жывёлінаў

Плямістыя алені ў жывым кутку берасцейскага парку. Берасце, Беларусь. Фота: Brestpark.by
Плямістыя алені ў жывым кутку берасцейскага парку. Берасце, Беларусь. Фота: Brestpark.by
podpis źródła zdjęcia

Гісторыя з кутком жывой прыроды і скаргамі на яго мелася закончыцца 1 траўня, аднак і пасля закрыцця зоаабаронцы працягваюць непакоіцца: адміністрацыя не аддае жывёлінаў. Людзі баяцца, што гадаванцаў могуць пусціць на мяса. «Белсат» спытаў адміністрацыю, ці можна ўратаваць жывёлінаў, і атрымаў абыякавы адказ.

Жывы куток у берасцейскім парку культуры і адпачынку працаваў з 2007 года. Як сцвярджала кіраўніцтва КУП «Парк культуры і адпачынку», куток меў не столькі камерцыйны, колькі сацыяльны характар, выстаўляў мінімальныя цэны на ўваход, каб дзеці маглі пазнаёміцца з жывёлінамі і птушкамі: ад трусікаў і кураў да лісы і паўліна. Не ўсе наведнікі былі задаволеныя: шмат каго непакоіў занядбаны стан жывёлінаў, хоць вальеры былі ў адносна нармальным стане.


Людзі скардзіліся на тое, што ў каня гнілі капыты, што асёл з адрослымі капытамі катаў людзей, што ў трусікаў былі хворыя вочы, што козлік быў «увесь у фекаліях», расказвала «Салідарнасць». Зоаабаронцы доўгі час патрабавалі закрыць куток ці прывесці яго ў належны стан, збіралі подпісы і пісалі скаргі, разам з тым прыносілі корм жывёлінам, дапамагалі кутку фінансава, забяспечвалі жывёлінам медычнае абслугоўванне. Актывісты былі гатовыя выкупіць жывёлінаў ці забраць іх сабе.

Пасля шматлікіх скаргаў Берасцейскі гарвыканкам пастанавіў закрыць жывы куток з 1 траўня. Што рабіць з жывёлінамі, падобна, не вызначыў. Цяпер зоаабаронцы спрабуюць дамагчыся, каб гадаванцы – ад шыншылаў да коней – трапілі ў добрыя рукі. Адна карыстальніца TikTok б’е трывогу з пачатку траўня: людзям, якія хочуць выкупіць жывёлінаў, перашкаджаюць; выкупіць не даюць нават хворых. Паводле яе, адну свінню з кутка ўжо зарэзалі проста ў парку «на вачох у людзей».

Як сцвярджаюць зоаабаронцы, гэта лужына крыві ад свінні, зарэзанай проста ў берасцейскім парку. Публікуюць таксама фота і відэа таго, як рэжуць свінню. Паводле «Салідарнасці», працаўнікі парку называюць гэта мантажом. Фота: карыстальнікі сацсетак
Як сцвярджаюць зоаабаронцы, гэта лужына крыві ад свінні, зарэзанай проста ў берасцейскім парку. Публікуюць таксама фота і відэа таго, як рэжуць свінню. Паводле «Салідарнасці», працаўнікі парку называюць гэта мантажом. Фота: карыстальнікі сацсетак

Праз амаль два тыдні па закрыцці кутка большая частка жывёлінаў, падобна, застаецца на старым месцы. Паводле зоаабаронцаў, адміністрацыя парку абяцала 7 траўня даць прайс-ліст на выкуп жывёлінаў, але ён так і не з’явіўся, а ахвочых выкупіць хапала. Перад тым, як выставіць жывёлінаў на продаж, прынамсі коней аддалі ў дзяржаўную стайню. Карыстальніца TikTok непакоіцца, што жывёлінаў «ціха» раздадуць знаёмым і не ў кожным выпадку асобіны выжывуць. Карыстальнік чату зоаабаронцаў у Viber сцвярджае, што дырэктар парку сам піша скаргі на валанцёраў. Іншы карыстальнік заяўляе, што дырэктар робіць уражанне «жорсткага гаспадарніка, які трымае слова».


Адна з удзельніц чату ў Viber сцвярджала, што за з’яўленне прайс-ліста на жывёлінаў была адказная галоўная бухгалтарка берасцейскага парку. «Белсат» патэлефанаваў ёй і спытаў, ці можна выкупіць жывёлінаў не на забой. У парку заявілі, што на забой жывёлінаў не прадаюць, а пры згадцы пра свіней сказалі, што «былі – і няма». Не на зарэз нібы прадаюць, але каго – не кажуць. Просяць высылаць пісьмовы зварот і расказваць, што цікавіць. 

,,

«Паглядзець пакуль нельга, бо гэта ўсё яшчэ ў распрацоўцы, – сказала бухгалтарка пра спіс жывёлінаў і цэны. – Але калі вас нейкія жывёліны цікавяць, вы можаце проста скіраваць нам пісьмова, што вас цікавіць, і мы вам дамо адказ, ёсць яны ў нас у наяўнасці ці няма».


Калі ўсё ж удасца дамовіцца на куплю, то як вывозіць жывёлінаў? На гэта бухгалтарка не ведала адказу: трэба ўзгадняць з кіраўніком. 


Зоаабаронцы спадзяюцца на розгалас у дзяржаўных медыях: праграма «Белорусское времечко» тэлеканалу «Беларусь 1» рабіла сюжэт з парку – кажуць, ён мае выйсці ў эфір вечарам 13 траўня. Актывісты заклікаюць тэлефанаваць у эфір і выказвацца пра лёс жывёлінаў. У каментарах у TikTok некаторыя заклікаюць давесці справу з ратаваннем жывёлінаў да Аляксандра Лукашэнкі, бо ён жа «не ведае пра такую бяду».

 

Алесь Наваборскі, Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10