Берасцейскія памежнікі паведамляюць, што 14 красавіка яны спынілі спробу ўвозу марыхуаны з Польшчы ў Беларусь у пункце пропуску «Берасце».
Падчас памежнага кантролю ў грамадзянкі Беларусі, што ехала рэйсавым аўтобусам, знайшлі «рэчыва расліннага паходжання цёмна-зялёнага колеру». Экспертыза выявіла, што гэта марыхуана.
«Жыхарка Горадні праходзіла навучанне ў адной з установаў адукацыі Польшчы і за гэты час неаднаразова набывала наркотыкі для ўласнага ўжывання», – адзначылі ў Берасцейскай памежнай групе.
За перамяшчэнне праз мяжу і абарачэнне марыхуаны супраць беларускі распачалі крымінальныя справы паводле ч.1 арт. 328-1 КК і ч. 1 арт. 328 КК. Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам ці без штрафу.
Цяпер студэнтка ў ізалятары часовага ўтрымання на мяжы. Гледзячы на фота, можна зрабіць выснову, што ў дзяўчыны было менш за 1 грам марыхуаны.
Нагадаем, у Беларусі адно з самых суровых пакаранняў у Еўропе за абарачэнне наркотыкаў. З 2015 года пакаранне ў Беларусі ўзмацнілі: крымінальная адказнасць наступала з 14 гадоў, максімальнае пакаранне паводле «наркатычных» артыкулаў – 20 гадоў.
У 2019 суровы закон змякчылі, у 2025 годзе – яшчэ раз. 17 лютага 2025 года зменшылі мінімальнае пакаранне паводле трох частак «наркатычнага» 328-га артыкулу. Цяпер асуджаныя паводле гэтага артыкулу чакаюць зніжэння тэрмінаў.
Пасля зменаў заканадаўства мінімальнае пакаранне за захоўванне наркотыкаў без мэты збыту – адзін месяц арышту (была хімія тэрмінам да 5 гадоў або калонія ад 2 да 5 гадоў).
За захоўванне з мэтай збыту давалі ад 3 да 5 гадоў калоніі, а цяпер суд можа пакараць хіміяй на той жа тэрмін ці пазбаўленнем волі ад 3 да 8 гадоў.
Трэцяя частка артыкулу засталася нязменная, але нечакана змякчылі самую суровую частку артыкулу 328 – чацвёртую. За набыццё, захоўванне, перавозку і збыт, учыненыя групай асобаў, мінімальнае пакаранне складала 10 гадоў калоніі, цяпер – ад 8. Максімальны тэрмін застаўся ранейшы – 20 гадоў пазбаўлення волі.
У Польшчы ў 2017 годзе легалізавалі медычную марыхуану, якая выдаецца паводле рэцэптаў (але не дае права прывозіць яе ў Беларусь і іншыя краіны, дзе яна забароненая).
Тэса Анэйда / belsat.eu