Аналітыка

Прывід дэвальвацыі? Купля валюты ў Беларусі перавысіла продаж

img
Пункт абмену валюты. Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Першыя два месяцы года сталіся трывожнымі для валютнага рынку: попыт на замежныя грошы перавысіў прапанову. Эканамістка Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» адзначыла, што, калі такая тэндэнцыя захаваецца, «валютны рынак зазнае пэўны ціск», а паколькі курс валютаў у Беларусі вызначаецца рынкавым шляхам, нельга выключаць, што аслабленне рубля паскорыцца.

У студзені – лютым беларусы былі чыстымі прадаўцамі валюты, розніца паміж купляй і продажам склала $ 7,8 млн. Пры гэтым асобна ў лютым фізічныя асобы набылі валюты болей, чымся здалі, падлічыў Нацбанк.


«Гэта яшчэ не тэндэнцыя. Мы бачым толькі два месяцы года, і ў студзені беларусы больш прадавалі, чым куплялі. Варта паглядзець, як будзе сітуацыя развівацца бліжэйшыя некалькі месяцаў», – сказала ў каментары «Белсату» эканамістка цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.


Летась беларусы прадалі валюты на $ 1,7 млрд болей, чымся купілі. Паводле эксперткі, збольшага гэта звязана з нізкімі адсоткамі валютных укладаў у адрозненні ад рублёвых, таму людзі забіралі замежныя грошы з банкаў, мянялі на рублі і афармлялі дэпазіты ў нацыянальнай валюце:
,,

«Частка валюты, мы гэта бачылі ў статыстыцы, пайшла ў прырост рублёвых укладаў, бо на рублёвых дэпазітах захоўваць грошы цяпер больш выгадна. Аднак такі перацёк не можа быць вечным, таму што валютныя дэпазіты насельніцтва не бясконцыя. Цалкам магчыма, што сёлета гэтая тэндэнцыя запаволіцца, і гэта адаб'ецца на куплі-продажы насельніцтвам валюты».


Лузгіна пры гэтым звярнула ўвагу на апетыт беларускіх кампаніяў, якія аказаліся чыстымі пакупнікамі валюты:


«Нерэзідэнты, якія традыцыйна болей прадаюць валюты на беларускім рынку, чымся купляюць, прадалі за два месяцы на $ 91 млн, а рэзідэнты, беларускія кампаніі, купілі на чыстай аснове на $ 508 млн. Такім чынам, мы пакуль бачым, што чысты продаж насельніцтва і нерэзідэнтаў меней за чыстую куплю нашых кампаніяў-рэзідэнтаў».


Суразмоўніца «Белсату», зрэшты, прызнае, што першыя два месяцы года могуць быць не паказальнымі, і з часам сітуацыя вернецца да стану, калі кампаніі-нерэзідэнты і фізасобы перакрывалі попыт прадпрыемстваў-рэзідэнтаў:
,,

«Цяпер у пачатку года такога балансавання бракуе. Калі продаж валюты не павялічыцца, гэта будзе ствараць пэўны ціск на валютны рынак, і ў такім выпадку нельга выключаць паскарэння зніжэння курсу беларускага рубля да замежных валютаў».


Настасся Лузгіна пры гэтым не бачыць пагрозы менавіта рэзкай дэвальвацыі акурат дзякуючы рынкаваму вызначэнню курсаў і таму, што Нацбанк можа прыходзіць на біржу з валютаю і падсцілаць рублю саломку, згладжваючы ваганні.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10