Меркаваннi

Выразныя контуры канца вайны літыем

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: wikipedia.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: wikipedia.org
podpis źródła zdjęcia

Вайна, недахоп зброі, лінія фронту, абмен ваеннапалоннымі... І раптам: бац! Рэдказямельныя металы. Здавалася б, ну якое дачыненне яны маюць да ўсяго гэтага жаху? Аказалася, самае беспасярэдняе. Пра гэтыя металы загаварылі пасля таго, як распачаўся скандал наконт угоды, прапанаванай Уладзімірам Зяленскім амерыканскаму ўраду. Насамрэч перамовы аб даванні ключавым партнёрам Украіны доступу да тых рэдказямельных радовішчаў у абмен на гарантыі бяспекі вяліся яшчэ летась у лістападзе. Тады партал «Suspilne» са спасылкай на крыніцу ва ўкраінскім урадзе заявіў, што пункт пра гэтыя рэсурсы ўвайшоў у «план перамогі» з разлікам на ЗША.

Прайшло крыху часу, і Трамп заявіў, што Украіна павінна забяспечыць доступ ЗША да рэдказямельных элементаў, калі хоча і далей атрымліваць вайсковую дапамогу: «Мы кажам Украіне, што ў іх ёсць вельмі каштоўныя рэдказямельныя металы. Мы хочам, каб яны заклалі іх у якасці гарантыі. Нам патрэбная гарантыя, таму што мы даем ім грошы жменямі». Ён падкрэсліў, што ўкраінскі бок сам зацікаўлены ў гэтым пытанні.

Дзе ж месцяцца гэтыя радовішчы? Менавіта на той тэрыторыі, якую расейскія агрэсары акупавалі і працягваюць акупаваць ужо 10 гадоў. На той зямлі, якая палітая крывёю тысячаў і тысячаў слаўных абаронцаў уласнай краіны і крывёй расейскіх акупантаў. Менавіта там гэтымі хвілінамі ідуць цяжкія баі за кожны сантыметр тэрыторыі. Дагэтуль у свядомасці шматлікіх абывацеляў з савецкіх часоў існуе стэрэатып пра Данбас як пра «ўсесаюзную качагарку». Вугаль, металургія і хімічныя камбінаты. Але ў нетрах Данбасу, акрамя прамысловых, ёсць запасы рэдказямельных металаў, у тым ліку запасы літыю. У раёне Валынска-Азоўскага шчыта яго каля 500 тысяч тонаў. Эксперты ацэньваюць вартасць радовішчаў металаў да 10-12 трыльёнаў долараў. Частка гэтых рэсурсаў цяпер на акупаванай тэрыторыі.

Скандал пачаўся пасля таго, як Зяленскі адмовіўся ад угоды з ЗША, не захацеўшы прызнаваць пазыкі за вайсковую дапамогу памерам 500 мільярдаў долараў. Ён заявіў: «Падабаецца гэта каму-небудзь ці не. Я не прызнаю нават 100 мільярдаў долараў, мы дамаўляліся з прэзідэнтам Байдэнам, што гэта грант! Грант – гэта не абавязак. Мы не будзем вяртаць грантаў. Я не падпісваю таго, што будуць выплачваць дзесяць пакаленняў украінцаў».

У адказ Доналд Трамп перайшоў на асобы і папракнуў украінскага прэзідэнта нізкім рэйтынгам і няздольнасцю спыніць вайну. На сваёй платформе Truth Social Трамп абразліва напісаў пра Зяленскага, што «комік, які дасягнуў сціплых поспехаў», пераканаў ЗША выдаткаваць 350 мільярдаў долараў, каб уступіць у вайну, у якой немагчыма перамагчы і якая не павінна была пачацца. Ён напісаў, што Зяленскі нібыта прызнае, што палова грошай знікла. Відаць, гэтага падалося мала, і Трамп дадаў, што адзінае, што ўдавалася рабіць Зяленскаму, дык гэта маніпуляваць папярэднім прэзідэнтам: «Граў на Байдэне, як на скрыпцы».

І тут на арэну выйшаў Пуцін: «Жадаеце рэдказямельных металаў? Іх у нас ёсць». У інтэрвʼю прыдворнаму прапагандысту Паўлу Зарубіну ён заявіў, што гатовы прапанаваць ЗША сумеснае распрацоўванне гэтых выкапняў, якіх, паводле Пуціна, у Расеі нашмат больш, чым ва Украіне. Значыць, тэма рэдказямельных металаў невыпадкова гучала на перамовах у Саудаўскай Аравіі?

Што гэта азначае на практыцы? Падобна, што трэці бок спрабаваў сарваць угоду, прапанаваўшы ўсё што заўгодна: акупаваныя тэрыторыі, Арктыку, хоць усю Сібір з «алюмініем Дзерыпаскі». Адзін з расейскіх блогераў напісаў з іроніяй: «Аказалася, што сапраўднай мэтай СВА быў агрэсіўны маркетынг для продажу ЗША запасаў алюмінію ў Краснаярскім краі». А іншы блогер дадаў: «Ну вось нарэшце і высветлілася, навошта гэта ўсё было трэба. Каб Алег Уладзіміравіч Дзерыпаска змог паправіць свой бізнес. Нацярпеўся за ваенныя гады! Мы паклалі ў палі паўмільёна расейскіх і ўкраінскіх мужыкоў, каб амерыканцам і групе адказных работнікаў КГБ было зручней адтуль даставаць усялякі карысны рэдказямельны метал!»

А з другога боку, чаму б Трампу і не ўзяць прапанаванага? Што ён можа даць узамен, пакуль незразумела. Можна падумаць, што апошняя рэзалюцыя ААН паказвае: дасць усё, што падабаецца будучаму партнёру. Але ці так гэта напраўду? Яшчэ не вечар. Затое намаляваліся контуры канца вайны. Але нас цікавіць, што будзе далей. Галоўнае з таго, што зрабілася зразумела, – гэта тое, што Расея не ў стане весці вайну далей да такой ступені, што нават гатовая аддаць ЗША свае выкапні. Калі расейцы падпішуць замірэнне з амерыканцамі, то ці не будзе гэта азначаць іх капітуляцыі перад NATO? Ці будзе Расея аплачваць аднаўленне Украіны? А пакуль усё ідзе нядрэнна. Вось і Трамп нарэшце заклікаў размясціць міратворцаў ва Украіне.

Тым часам Украіна і ЗША зацвердзілі новую дамову аб прыродных рэсурсах. І яна станоўча ўлічвае інтарэсы Украіны. Несумненна, гэтыя гістарычныя дні мы будзем доўга прыгадваць. Упершыню ў сацсетках прадстаўленая ўся сусветная палітыка і дыпламатыя. Зусім новая зʼява для чалавечай цывілізацыі. Падпісанне ўгоды запланаванае на 28 лютага. Будзем далей сачыць і папкорн не патрэбны – будзем даядаць пончыкі з Сытага чацвярга.

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10