навіны

У Беларусі збіраюцца скараціць выкарыстанне замежных моваў на шыльдах і замяніць іх расейскаю

Ілюстрацыя ад МАРГ.
Ілюстрацыя ад МАРГ. Фота: mart_gov_by
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выступіла з рэкамендацыямі скараціць выкарыстанне замежных словаў, у тым ліку абрэвіятураў.

У Беларусі збіраюцца скараціць выкарыстанне замежных моваў на шыльдах. З адпаведнымі рэкамендацыямі выступіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.


Чыноўнікі спасылаюцца на Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ўва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады, перадае «Еўрарадыё».


Вядзецца пра канцэпцыю, якая «рэалізуецца ў мэтах усебаковага падтрымання развіцця культуры Рэспублікі Беларусь, забеспячэння культурнай бяспекі РБ, абароны нацыянальнай культурнай прасторы, захавання і зацвярджэння традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народу, фармавання патрыятычных перакананняў і грамадзянскай адказнасці, процідзеяння пагрозам нацыянальнай бяспекі ў інтарэсах беларускай дзяржавы, грамадства і грамадзянаў».


У якасці аднаго з механізмаў рэалізацыі прадугледжана «скарачэнне выкарыстання замежных словаў».


У звязку з гэтым МАРГ настойліва рэкамендуе суб'ектам гаспадарання «мінімізаваць выкарыстанне замежнай мовы ў назвах гандлёвых абʼектаў, абʼектаў абслугоўвання, а таксама ў рэкламе, у тым ліку рэкламе, запланаванай да размяшчэння (распаўсюду) на шыльдах рэкламнага характару, а таксама на транспартавых сродках», – паведамляе прэс-служба ведамства.


Нагадаем: калі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, беларуская мова была адзінаю дзяржаўнаю. Аднак ужо праз год з ягонай падачы быў праведзены рэферэндум, паводле якога расейскя мова атрымала статус дзяржаўнай нароўні з беларускаю.


З таго часу сітуацыя з ужываннем беларускай мовы ў адукацыі, законатворчасці, медыях і грамадскім жыцці пагаршалася з кожным годам. Калі ў 1999-м беларускую мову называлі роднаю 85,6 % беларусаў, то, паводле апошняга перапісу, 2019 года, – толькі 61,2 % насельніцтва. Аднак доля тых, хто карыстаецца беларускаю мовай у штодзённым жыцці, яшчэ меншая – 28,5 % грамадзянаў.


Сам Аляксандр Лукашэнка дзесяцігоддзі ва ўладзе выступаў на беларускай мове лічаныя разы і, больш за тое, вядомы даволі абразлівымі выказваннямі пра яе.


«Людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, не могуць нічога рабіць, акрамя як размаўляць на ёй, бо па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага. Беларуская мова – бедная мова. У свеце існуюць толькі дзве вялікія мовы – расейская і англійская», – заяўляў Лукашэнка ў 2006 годзе.


Таму і цяпер, хутчэй за ўсё, гаворка пра тое, каб замяніць англійскія словы не на беларускія, а на расейскія.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10