Шуфлядка

«Суджаны мой, ражаны, пакажыся мне!» Як варажыць на Каляды

Ілюстрацыйны здымак. Каляды ў Клецкім раёне Менскай вобласці, Беларусь 13 студзеня 2024 г. Фота: Stringer/Anadolu via Getty Images
Ілюстрацыйны здымак. Каляды ў Клецкім раёне Менскай вобласці, Беларусь 13 студзеня 2024 г. Фота: Stringer/Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Каляды ‒ магічныя дні, насычаныя падзеямі і абрадамі, сярод якіх асобнае месца займае варажба як спроба праз акультную практыку высветліць сваю будучыню ці атрымаць адказы на пытанні. У розны час для гэтага выкарыстоўваліся розныя спосабы, сярод якіх ‒ тлумачэнне знакаў і падзеяў ці кантакт са звышнатуральнымі істотамі.

Назва свята Каляды мае язычніцкія карані і, паводле адной з версіяў, паходзіць ад слова «кола», што азначае «сонца», што звязвалася з днём першага зімовага сонцастаяння як сімвал пачатку новага года. Святкаваць пачыналі 25 снежня, а канчалі 6 студзеня. Калі ж на нашыя землі прыйшло хрысціянства, свята атрымала новыя рысы: пачаткам Калядаў стала Раство, а канцом Вадохрышча, якое адзначаюць 19 студзеня.

Некаторыя крыніцы сведчаць: нашыя продкі верылі, што варажыць варта ў «страшны» тыдзень, з 14 да 18 студзеня (асабліва ў ноч перад Вадохрышчам), бо першы тыдзень Калядаў «святы». Іншыя кажуць, што для гэтага падыходзяць усе дні 719 студзеня.

Варажыць прынята ў цёмны час аднаму ці ў кампаніі.

Варажылі ў асноўным дзяўчаты з дапамогаю ледзь не ўсяго, што траплялася пад руку. Галоўнымі ж пытаннямі былі замужжа, выгляд жаніха і што чакае за найбліжэйшы год. Часам варажылі і сталыя жанчыны, заклапочаныя дабрабытам у сям'і. Радзей хлопцы.

Спосабаў варажбы было мноства. Самы вядомы кідаць бот з левай нагі праз сябе. Куды глядзеў насок кінутага бота, адтуль і варта чакаць жаніха.

Таксама для варажбы выкарыстоўвалі палена, якое выцягвалі з вогнішча, не гледзячы, і паводле яго выгляду вызначалі, які будзе жаніх: гладкае будзе прыгожы, з сучкамі з вялікай сям'і, крывое і шурпатае непрывабны.

Даведацца пра магчымае замужжа можна было і абхапіўшы рукамі як мага болей дошак плота. Цотная колькасць абяцала жаніха да канца года.

Таксама будучыню можна было падслухаць пад чужымі вокнамі. Калі чулі, што гаспадар казаў «ідзі», гэта азначала хуткае замужжа. Калі дзяўчына чула, што нехта казаў «сядзі» або «сядай», ёй наканавана было застацца ў гэтым годзе ў дзеўках.

Калядныя абрады варажбы былі звязаныя і з жывёлаю. Дзяўчаты бралі сабе па аладцы, адчынялі дзверы, клалі іх на парог і запускалі ў хату сабаку. Чыю аладку ён хапаў першаю, тая першаю станецца нявестаю.

Певень або курыца. У пакоі ставілі ваду, люстэрка і насыпалі жыта. Куды спачатку падыдзе птушка, такі ў дзяўчыны будзе жаніх. Да зерня  будзе багаты, глядзелася ў люстэрка  прыгожы, пачынала ваду піць  п’яніца. Праўда, сёння ў горадзе паспрабуй яшчэ знайсці плот з дошак ці пеўня, таму выкарыстоўваюцца больш дасяжныя спосабы даведацца пра сваю будучыню.

На крупах. Над слоікам з крупамі трымаюць левую руку далонню ўніз, задаюць пытанне і бяруць невялікую жменю крупаў. Калі ўдалося дастаць цотную колькасць крупінак, то адказ станоўчы, няцотную адмоўны.

Грэбень. Бяруць новы грэбень, расчэсваюць ім валасы на ноч. Той, хто прысніўся, будучы жаніх.

На люстэрках і свечках. Два люстэркі размяшчаюцца насупраць адно аднаго, з бакоў запальваюцца ​​дзве свечкі, каб адлюстроўваліся ў кожным, клічуць: «Суджаны мой, ражаны, пакажыся мне!» Пасля ўглядаюцца ў адлюстраванні і шукаюць там сілуэт жаніха. Калі ж ён паспрабуе выскачыць адтуль, трэба голасна выкрыкнуць «цур мяне!».

Варажыць можна і на кнізе, проста задаўшы ёй важнае пытанне. Назавіце старонку і радок (знізу ці зверху), менавіта там будзе адказ.

На аркушы паперы і свечцы. Напішыце пытанне на паперы, падпаліце ​​ад свечкі і пакладзіце ў талерку. Паўтарыце сваё пытанне. Калі папера дагарыць, накіруйце на яе святло так, каб яна адкідала цень. У гэтым ценю і трэба шукаць знакі, якія будуць адказам на пытанне.

На воску і малацэ. Падпаліце свечку і павольна капайце вадкім воскам у талерку з малаком. Разгледзьце фігуру, якая атрымалася, і паспрабуйце знайсці асацыяцыі. Напрыклад, крыж да хваробаў, жывёла да праблемаў, зорка да павышэння на працы, кветка ці вянок да вяселля або сустрэчы жаніха, чалавечая постаць да з'яўлення сябра.

Калі ж вы не верыце ў варажбу, то звярніце ўвагу на сны, якія ўбачыце ў калядныя тыдні. Лічыцца, што ў гэты магічны час сны прарочыя. Дарэчы, кажуць, з пачатку гэтага года шмат хто апавядае пра дзіўныя і яскравыя малюнкі ў снах, што раней для іх не было ўласціва. Праўда, што гэта значыць, ніхто не патлумачыў.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10