15 снежня першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу споўнілася б 90 гадоў. Мы ведаем яго як выбітнага грамадскага дзеяча, сумленнага чалавека і шчырага патрыёта, але нам мала вядома пра тое, якім ён быў у стасунках з найбольш блізкімі людзьмі, пра што размаўляў з імі, чаму вучыў. Менавіта пра гэта «Белсат» змеркаваў спытаць ва ўнучкі вядомага палітыка Станіславы Гліннік, якая працуе асабістай памочніцай Святланы Ціханоўскай.
– Ці абавязаныя вы тым, што вас завуць Станіслава, свайму дзядулю?
– Высветлілася, што так. Хаця мае бацькі мне казалі ўсё маё дзяцінства, што назвалі мяне паводле каталіцкага календара, а вырасла – спраўдзіла: усё ж такі ў гонар дзядулі.
– Якім вы ўспамінаеце дзядулю? Ці згадваеце, нейкую размову з ім, выпадак?
– Я заўсёды думаю пра яго як пра самы галоўны прыклад чалавека ў маім жыцці. Ён заўсёды быў вельмі актыўны, энергічны, вясёлы, нічога не баяўся. І пры гэтым меў свой розум і рабіў вялікія справы, застаючыся сумленным чалавекам.
– А нейкую размову памятаеце?
– Шмат было размоваў… Ён вельмі актыўна адстойваў свае пазіцыі, калі ў нас былі розныя погляды на нешта, і канешне, моцна паўплываў на тое, як я стаўлюся да людзей. Дзядулевы выказванні заўсёды мелі вялікі ўплыў: напрыклад, ён мог сказаць, што яму хтосьці не падабаецца – і я ўсё жыццё буду думаць, што гэта кепскі чалавек. Ці наадварот: калі ён скажа, што вось гэта добры чалавек, то я заўсёды гэта буду памятаць. Ягоныя словы моцна адбіваліся, і яму ніколі не трэба было нічога паўтараць – ён вёў за сабою ўсю сям’ю.
– Ці шмат часу праводзілі разам? Чаму ён вас яшчэ вучыў, што ставіў на першае месца?
– Напэўна, не праводзілі шмат часу разам: дзед быў вымушаны працаваць за мяжою, ездзіць з лекцыямі па ўсім свеце пасля таго, як Лукашэнка «выпісаў» яму пенсію ў адзін долар [у 1997 годзе Аляксандр Лукашэнка адмяніў пастанову парламенту, што прызначала пажыццёвую пенсію былым кіраўнікам дзяржавы і прэм’ер-міністрам у памеры 70 % ад акладу дзейных кіраўнікоў – у выніку гэта прывяло да таго, што пенсія Станіслава Шушкевіча зрабілася крыху больш за адзін долар. – Заўв. рэд. «Белсату»]. Як карупцыяй нашая сям’я не славілася, то дзед быў вымушаны зарабляць на жыццё і ездзіў увесь час.
Мы мала бачыліся, але на ўсе святы збіраліся дома. Калі ён вяртаўся ў Беларусь, я абавязкова прыходзіла ў госці, і мы шмат размаўлялі. Ён збольшага не тое, каб вучыў мяне жыццю ці чамусьці такому, а распавядаў класныя гісторыі са сваіх падарожжаў – тое, што дзіцёнку было цікава.
Мы ездзілі з ім у будаўнічыя крамы, на дачу, дзе ён будаваў лазню, і ўсё гэта пераўтваралася ў дзіцячыя прыгоды.
– Ці браў ён вас з сабою ў падарожжы?
– Ніколі. Але калі я ўжо жыла ў Польшчы і ён прыязджаў, то часам было, што ён мяне браў на нейкія сустрэчы, знаёміў з беларускай апазіцыяй у выгнанні. Такое было. Але да таго, як з’ехала, – не.
– Ці не хапае вам сёння дзядулі? Што б вы сёння сказалі яму?
– Канешне, не хапае. Я думаю, што зрабіла б значна менш памылак на сваім шляху: з кім камунікаваць, з кім працаваць, калі б мне было з кім параіцца. Я пачала займацца актыўнай дзейнасцю тады, калі ўжо параіцца было немагчыма.
А дзядулю сказала б сёння, што ён заўсёды меў рацыю, нават калі мне здавалася, што не.
belsat.eu