25 лістапада ў Грузіі адбываецца першае паседжанне парламенту 11-га склікання, у якім бярэ ўдзел толькі партыя «Грузінская мара». У той жа час пад будынкам парламенту апазіцыя ладзіць пратэсную акцыю з патрабаваннем правесці новыя сумленныя выбары.
Пратэстоўцы прайшлі шэсцем да праспекту Руставэлі, пасля чаго размясцілі там намёты, а таксама паставілі генератары з намерам заставацца там да пачатку парламенцкага паседжання. Паліцыя не перашкаджала дзеянням пратэстоўцаў.


Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала паседжанне парламенту Грузіі неканстытуцыйным, удакладніўшы, што масавыя фальсіфікацыі падарвалі легітымнасць новых дэпутатаў.
,,«Я адмовілася склікаць першую сесію, а Канстытуцыя не прызнае нікога, хто можа зрабіць гэта замест мяне. Мой пазоў застаецца на разглядзе ў Канстытуцыйным судзе», – напісала Зурабішвілі ў сацыяльнай сетцы «Х» 24 лістапада.
Ноч з нядзелі на панядзелак пратэстоўцы таксама правялі пад вокнамі парламенцкага будынку. Асаблівых інцыдэнтаў за гэты час не адбылося. Паведамляецца толькі пра затрыманне аднаго мужчыны, які ўдарыў паліцыянта.


Раніцай 25 лістапада колькасць удзельнікаў акцыі пачала прыкметна павялічвацца, але ў той жа час на плошчы Свабоды з’явіліся вадамёты, а таксама сканцэнтраваліся вялікія сілы спецназу. Службовыя ўваходы ў будынак парламенту ахоўваюцца паліцыяй.
Тым часам пад сценамі парламенту з дынамікаў даносяцца словы: «Рабы Расеі, просім вызваліць Грузію. У адваротным выпадку супраць вас будуць ужытыя захады, прадугледжаныя законам».


Дэпутаты партыі «Грузінская мара» ўжо ўвайшлі ў будынак парламенту і прайшлі рэгістрацыю. Пазней, не звяртаючы ўвагі на пратэсты, 88 дэпутатаў ад кіроўнай партыі прагаласавалі за прызнанне паўнамоцтваў парламенту са 150 дэпутатаў, у тым ліку тых, хто не прызнае выбараў і адмаўляецца ўваходзіць у парламент.


Нагадаем, што партыя «Грузінская мара», згодна з інфармацыяй грузінскага ЦВК, атрымала 89 са 150 мандатаў. Апазіцыя і прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі адмаўляюць вынікі выбараў, якія адбыліся 26 кастрычніка, і патрабуюць правядзення новых выбараў. Апазіцыйныя дэпутаты праігнаравалі першае паседжанне парламенту на знак сваёй нязгоды з вынікамі сфальсіфікаваных выбараў.
Раман Шавель belsat.eu