У Польшчы плануюць істотна змяніць умовы працаўладкавання замежнікаў, у тым ліку беларусаў. Спрэчкі трываюць вакол дамоваў, паводле якіх афармляюць іншаземцаў. «Белсат» спытаў Міністэрства працы Польшчы, навошта спатрэбіліся змены і ці не паменее ў краіне работнікаў-беларусаў.
Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы ініцыявала змены ў правілы працаўладкавання замежных грамадзянаў. Найбольшы розгалас атрымала прапанова абавязаць працадаўцаў падпісваць з іншаземцамі працоўныя дамовы (umowa o pracę) – гэты дакумент максімальна абараняе работніка, аднак вымагае большых выдаткаў на падаткі і сацыяльныя ўнёскі ў параўнанні з іншымі спосабамі афіцыйнага афармлення.
Да прыкладу, калі працадаўца абяцае заробак 5000 злотых, то насамрэч ён выдаткуе 6024 злотыя, а работнік, аформлены паводле працоўнай дамовы, атрымае на рукі 3738 злотых – усё астатняе ідзе на падаткі ды іншыя ўнёскі. Калі ж працаўнік аформлены паводле дамовы падраду (umowa o dzieło), то пры такім жа заяўленым заробку атрымае на рукі 4520 злотых, а працадаўца выдаткуе ўласна абяцаныя 5000 злотых.
Праз гэта польскія кампаніі звычайна прапаноўваюць менавіта дамовы падраду, каб плаціць менш. І вось Мінпрацы краіны пастанавіла гэта змяніць, выклікаўшы хвалю абурэння ў колах бізнесу, які сцвярджае, што не пацягне дадатковых выдаткаў на заробкі.
У выніку ведамства прыбрала з законапраекту патрабаванне падпісваць працоўныя дамовы (umowa o pracę) з усімі замежнікамі. Аднак прапанавала зрабіць гэта абавязковым, калі іншаземец уладкоўваецца на працу паводле спрошчанай працэдуры (oświadczenie o powierzeniu wykonywania pracy cudzoziemcowi). Такі прывілей маюць грамадзяне Беларусі, а таксама Грузіі, Малдовы і Украіны.
Паводле гэтай працэдуры можна ўладкавацца, калі праца не будзе доўжыцца больш за 24 месяцы, і гэта не сезонная праца, напрыклад, у сельскай гаспадарцы.
Спрошчаны парадак выгадны тым, што пры запрашэнні замежніка не вывучаецца мясцовы рынак працы. Звычайна перад тым, як уладкаваць замежнага грамадзяніна, чыноўнікі мусяць спраўдзіць, ці няма ў пэўнай мясцовасці беспрацоўных асобаў з адпаведнай кваліфікацыяй, якія б маглі заняць вакансію. І толькі калі няма мясцовых прэтэндэнтаў, кампаніям дазваляюць наймаць іншаземца. Пры спрошчаным парадку гэтае правіла не выконваецца.

У прэс-службе Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы растлумачылі «Белсату», навошта хочуць зрабіць абавязковымі працоўныя дамовы для замежнікаў пры спрошчанай працэдуры. Аказваецца, каб перадухіліць гандаль людзьмі:
«Замежнікі, якія прыязджаюць у Польшчу дзеля працы на абмежаваны тэрмін, часта не ведаюць рэаліяў працы, не маюць падтрымання сваіх сем'яў і грамады, не ведаюць польскай мовы, ёсць уразліваю групаю з увагі на эксплуатацыю і гандаль людзьмі. Гэта апраўдвае надаванне ім паўнейшай аховы, якая забяспечваецца працоўнаю дамоваю».
У ведамстве адзначылі, што працоўная дамова дае кожнаму работніку большую абарону і большы спектр сацыяльных правоў, напрыклад, заробак на час хваробы ці аплатны адпачынак.
Толькі сёлета за студзень – верасень у Польшчы паводле спрошчанай працэдуры ўладкаваліся на працу больш за 135 тысячаў беларусаў. Летась – больш за 200 тысячаў, а ў 2022 годзе – 212 тысячаў.
,,«Грамадзяне Беларусі як група, інтэграваная ў польскі рынак працы ў доўгатэрміновай перспектыве, найлепей ведаюць свае правы і таму выбіраюць больш выгадную форму занятасці – працоўную дамову, а гэта значыць, што змены не мусяць прывесці да змяншэння колькасці выдадзеных дакументаў».
Апроч таго, ведамства не плануе рабіць выключэнняў для беларусаў – іх будуць уладкоўваць пры спрошчанай працэдуры паводле працоўнай дамовы, як і грамадзянаў іншых краінаў.
Гэты законапраект цяпер ляжыць у Радзе міністраў Польшчы і пакуль не прайшоў узгаднення ў некалькіх камітэтах, таму цалкам магчыма, што дакумент яшчэ зазнае змены.
Сцяпан Кубік, Дар'я Форман belsat.eu