Меркаваннi

Ідуць размовы пра мір. Аднак на якіх умовах?

Варшава
Варшава. Польшча. 11 красавіка 2024 года. Фота: Jakub Porzycki/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Ужо заўтра Варшава зробіцца галоўнаю пляцоўкаю на шляху да мірных перамоваў аб Украіне. Гэта анансаваў польскі міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі. 

«У Варшаве адбудуцца найважнейшыя размовы пра вайну ва Украіне. На наступным тыдні буду прымаць сустрэчу ў фармаце Ваймарскага трыкутніка плюс», – сказаў Радослаў Сікорскі напярэдадні.

На перамовы прыбудуць міністры замежных справаў Нямеччыны і Францыі, а таксама Украіны. Будзе і кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі. Відавочна, што размовы пра мір ідуць. Аднак на якіх умовах?

Тэма, як вядома, выйшла зноў у публічную прастору пасля тэлефанавання канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца Уладзіміру Пуціну. Крамлёўскі людаед праспяваў старую песню. Ён гатовы размаўляць, але на сваіх умовах. Гэта б азначала самыя страты для Украіны – як тэрыторыяў, гэтак і будучых гарантыяў бяспекі.

І польскі міністр замежных справаў кажа пра згоду Берліну і Варшавы, што нельга гаварыць пра Украіну без Украіны. Толькі самое тэлефанаванне Шольца адбылося без згоды Кіева. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі мяркуе, што гэта толькі выводзіць Крэмль з ізаляцыі, і быў супраць званка.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прымае ўдзел у сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігай у Кіеве, Украіна, 13 верасня 2024 года. Фота: Ukrinform/NurPhoto via Getty Images
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прымае ўдзел у сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігай у Кіеве, Украіна, 13 верасня 2024 года. Фота: Ukrinform/NurPhoto via Getty Images

Гэта дыпламатычныя размовы. А рэальнасць? Што рабіць Украіне, калі яе папросту пазбавяць і без таго не найлепшай заходняй дапамогі? Аддаць Пуціну частку тэрыторыяў? Тады атрымаецца, што ён пераможца.

З другога боку, што значыць «аддаць»? Неяк ні адна з гэтых дзяржаваў не разважае, каб аддаць кавалак сваіх земляў.

Што ж рабіць? Абяцаць, што Украіна не будзе імкнуцца ў NATO? То гэтага Пуцін і патрабуе з самога пачатку. Але чаму ён тут павінен вырашаць?

Паверыць у заходнія гарантыі бяспекі? Але ж яны не працуюць, яшчэ згодна з Будапэшцкім мемарандумам, калі Масква анексавала Крым у 2014 годзе. Заходнія гаранты не рынуліся бараніць незалежнасць Украіны, а толькі занепакоіліся.

Гэтага было мала, і тады на сцэну выйшаў Лукашэнка-міратворац. Ангела Мэркель і Франсуа Алянд наведалі беларускую сталіцу ды падпісалі разам з Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам Менскае мірнае пагадненне ў лютым 2015-га.

,,

І што з гэтага? Частка Данбасу заставалася акупаванаю, Крым заставаўся анексаваным. На Захадзе супакоіліся замарожаным канфліктам. А ў лютым 2022 года расейскія акупанты з боку Беларусі пачалі поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Як пасля гэтага верыць Пуціну і ягонаму хаўрусніку Лукашэнку? Пытанне рытарычнае. Доказ таму – нядзельны масаваны абстрэл Украіны. Своеасаблівы адказ на размову з Шольцам


Найлепш усё разумее Украіна, якая ў гэтай гісторыі толькі нясе страты. Паколькі да Лукашэнкі даверу няма, міратворчаю сталіцаю паспрабуе зрабіцца Варшава.

«Расея мае дастаткова тэрыторыяў і не мае патрэбы заваёўваць земляў суседзяў. Няхай забірае сваё войска ў Расею», – нагадвае Радослаў Сікорскі.

 

Чаму Расея мусіць паслухаць? Калі ўжо больш за 10 гадоў тэрарызуе Украіну. Можа, рэч у палітычных зменах у ЗША? І Еўропа спрабуе быць першым міратворцам? Толькі ці не атрымліваецца, што ўся сіла Захаду тут рассыпаецца ў прах перад страхам, які напускае Пуцін?

Саступіць – даць яму перадышку, каб ён акрыяў і ўдарыў ізноў. Ці можна з забойцам, які вас атакуе з нажом, быць ветлівым? Еўропа спрабуе – Украіна атрымлівае па галаве. Трэба, хутчэй, дзеяць хутка і радыкальна. Ці адбудзецца гэта ў Варшаве? Будзем сачыць.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10