Раман Фрэнка Гэрбэрта «Дзюна» выйдзе на беларускай мове ў 2025 годзе. Пра гэта расказала выдавецтва «Янушкевіч».
«З вялікай радасцю паведамляем, што мы заключылі кантракт на беларускае выданне культавага рамана Фрэнка Гэрбэрта "Дзюна" (перакладчык – Ігар Кулікоў)», – піша выдавецтва.
Абяцаюць, што «Дзюна» па-беларуску з’явіцца хутчэй, чымся выйдзе трэцяя частка экранізацыі кнігі ад Дэні Вільнёва.
«Чаму "Дзюна" такая важная? Апублікаваная ў 1965 годзе "Дзюна" – гэта не проста эпічныя прыгоды на бязлюднай планеце, гэта празорлівае даследаванне палітыкі, рэлігіі, экалогіі і чалавечых амбіцый. У "Дзюне" закранаюцца складаныя тэмы ўлады, выжывання і аховы навакольнага асяроддзя, якія сёння актуальныя як ніколі.
Раман Гэрбэрта паўплываў на мноства іншых твораў навуковай фантастыкі, ад «Зорных войнаў» да сучаснай літаратуры. Беларускі пераклад дазволіць нашым чытачам па-новаму зірнуць на гэты шэдэўр фантастыкі, вечнае змаганне паміж чалавецтвам і прыродай, тэхналогіямі і традыцыямі», – піша «Янушкевіч».
17 кастрычніка стала вядома, што ў Беларусі заблакавалі сайт інтэрнэт-крамы «Кнігаўка». Крама фізічна працуе ў Варшаве, яе адкрыў выдаўца Андрэй Янушкевіч. У Беларусі ягонае выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі.
Арсен Рудэнка belsat.eu