навіны

Пракуратура Польшчы апавяла, чаму пашпарт суддзі Шмыта прызналі несапраўдным

Томаш Шмыт
Томаш Шмыт паказвае сваё пасведчанне суддзі падчас прэс-канферэнцыі, на якой ён папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Надоечы стала вядома, што былому польскаму суддзі Томашу Шмыту, які ўцёк у Беларусь, анулявалі пашпарт. «Белсат» запытаўся ў польскай пракуратуры, ці насамрэч пашпарт быў прызнаны несапраўдным, калі так, то чаму было прынятае такое рашэнне, ці азначае гэта таксама пазбаўленне беглага суддзі польскага грамадзянства і ці зможа ён вярнуцца ў Польшчу. Апавядаем, што нам адказалі.

Прэс-служба польскай пракуратуры пацвердзіла, што пракурор насамрэч падаў заяву мазавецкаму ваяводу «аб прызнанні пашпарта падазраванага Томаша Шмыта несапраўдным». Мазавецкі ваявода ў адказ пастанавіў ануляваць пашпарт былога суддзі.


,,

«Гэтыя дзеянні мелі на мэце абмежаванне магчымасцяў падазраванага, які ў вышуку, для перасоўвання. Гэтае рашэнне не азначае аўтаматычнага пазбаўлення падазраванага польскага грамадзянства. У выпадку мінання мяжы Польшчы падазраваны Т. Шмыт быў бы затрыманы, бо ён у вышуку, і ў ягоным дачыненні суд выдаў пастанову аб часовым арышце», гаворыцца ў адказе пракуратуры, падпісаным прэс-сакратаркаю Катажынаю Цалеў-Яшэўскай.


Belsat

Алкаголь, мікракрэдыты, Стамбул. Польскія спецслужбы накапалі новае пра ўцеклага суддзю Шмыта

навіны

Пра прызнанне пашпарту былога суддзі Шмыта несапраўдным раней паведаміла «Gazeta Wyborcza».


«Згодна з законам, ваявода можа прызнаць несапраўдным пашпарт любога грамадзяніна на патрабаванне суда, што вядзе крымінальную справу, або пракурора, які вядзе расследаванне. Патрабаванне не патрабуе абгрунтавання», – пісала выданне.


Прапагандысцкія тэлеграм-каналы, набліжаныя да ўладаў рэжыму Лукашэнкі, паспяшаліся напісаць, што ў Польшчы «без нейкіх прававых падставаў анулявалі пашпарт суддзі Шмыта», «толькі за тое, што ён наведаў Беларусь і выказаў сваё меркаванне».


«Наш закон аб пазбаўленні грамадзянства скіраваны выключна супраць экстрэмістаў і тэрарыстаў, а ў Польшчы пазбаўляюць грамадзянства проста за нязгоду з афіцыйнаю пазіцыяй», заяўлялі прапагандысты.


Сам Шмыт выказаўся, што ануляванне пашпарту – вынік ягонай працы.


6 траўня 2024 года сталася вядома, што польскі суддзя Шмыт перабывае ў Менску і просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. У Польшчы ён быў замяшаны ў скандале з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы. Гэтым уцекачом актыўна карыстаюцца лукашэнкаўскія прапагандысты ды, імаверна, спецслужбы.


Шмыт заяўляў, што ўцёк праз нязгоду з палітыкаю польскіх уладаў і пагрозу фабрыкавання супраць яго справы за шпіянаж. Польскія ўлады, паводле яго, пад уплывам Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі вядуць у дачыненні Беларусі і Расеі «несправядлівую і абразлівую» палітыку ды нібыта могуць такім чынам уцягнуць Польшчу ў вайну ва Украіне.


7 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Шмыт меў доступ да сакрэтных дакументаў і да Міністэрства юстыцыі, а значыць, і для беларускіх спецслужбаў яны былі дасяжныя. У Польшчы былы суддзя абвешчаны ў вышук, на ягоны арышт выдадзены еўрапейскі ордар.


У канцы верасня Шмыт апублікаваў у сацсетцы Х допіс пра тое, што «гэтыя ідыёты з Беларусі ніколі гэтага не зразумеюць», і нават развітаўся з чытачамі. Ён напісаў, што яго «могуць забіць», што яму «пляваць на дамоўленасці» і што ён усё яшчэ можа «разбурыць гэтую дзяржаву» ды «цяпер ім проста хана».


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10