Кітай ізноў праводзіць маштабныя вайсковыя вучэнні каля Тайваню. Вучэнні «Joint-Sword-2024B» праходзяць у Тайваньскай пратоцы і на поўначы, поўдні і ўсходзе ад Тайваню. Папярэднія адбываліся ў траўні.
Паводле Усходняга камандавання ўзброеных сілаў Кітаю, вучэнні ёсць папярэджаннем сілам, што падтрымліваюць незалежнасць Тайваню. У заяве вайскоўцаў падкрэсліваецца, што вучэнні ‒ неабходная захада для абароны суверэнітэту і нацыянальнага адзінства Кітаю.
Паводле Reuters, 13 кастрычніка вайскоўцы кітайскай арміі апублікавалі відэа «Цалкам гатовыя і ў чаканні бою». На ім відаць знішчальнікі, што ўзаемадзеюць з вайсковымі караблямі, мабільныя ракетныя сістэмы, дэсатныя машыны і маленькая мапа Тайваню.
Падчас вучэнняў, перадае «РИА-Новости», будуць адпрацоўвацца штурм, блакаванне і ўзяцце пад кантроль асноўных партоў і раёнаў вострава. Даты заканчэння вучэнняў не назвалі.
Міністэрства абароны Тайваню ў адказ асудзіла дзеянні Кітаю, назваўшы іх правакацыйнымі, і абвясціла пра разгорнутую мабілізацыю сваіх сілаў у звязку з фактычным акружэннем вострава кітайскімі войскамі.
Справакаваць дзеянні кітайскай арміі магла нядаўняя прамова прэзідэнта вострава Лая Цін Дэ, падчас якой ён заявіў, што Пекін не мае права рэпрэзентавацьТайваню – гэта выклікала асуджэнне з боку ўладаў Кітаю.
Пекін лічыць Тайвань мяцежнаю правінцыяй і, калі спатрэбіцца, мае намер вярнуць яго ў склад Кітаю з ужываннем сілы. Тайвань абвясціў незалежнасць пасля грамадзянскай вайны 1949 года, але як суверэнную дзяржаву яго прызнаюць толькі каля дзесяці краінаў, як Палаў, Тувалу і Бэліз.
Кіраўнік Кітаю Сі Цзінь Пін 1 кастрычніка назваў востраў недатыкальнаю тэрыторыяй Кітаю і пацвердзіў імкненне да ўз’яднання з Тайванем.
Раман Шавель belsat.eu