Беларускія памежнікі кажуць, што раніцай 8 кастрычніка на мяжы з Польшчай знайшлі траіх збітых бежанцаў з Ірана: двое жывых і адзін мёртвы. Беларускі бок абвінаваціў у яго смерці польскіх памежнікаў. «Белсат» папрасіў Памежную службу Польшчы пракаментаваць гэтыя абвінавачанні.
Беларускі бок напісаў, што 8 кастрычніка знайшоў на сваёй тэрыторыі бежанцаў, якіх «збілі да смерці, распранулі і адабралі абутак», а таксама прыклаў відэа з мёртвым чалавекам.
«Брат забітага расказаў, што ўсіх траіх затрымалі еўрапейскія сілавікі. Нягледзячы на тое, што ўцекачы не аказвалі ніякага супраціву, у дачыненні да іх ужывалі газавыя балончыкі і наносілі ўдары прыкладамі аўтаматаў. Нягледзячы на істотнае пахаладанне, польскія ваенныя раздзелы ўжо знясіленых бежанцаў, адабралі абутак і выкінулі іх у пераднепрытомным стане праз брамку для жывёлін на тэрыторыю Беларусі. Пасля знаходжання ў дэмакратычнай Еўропе выжылі толькі двое замежнікаў», – піша Памежны камітэт Беларусі.
За справу вельмі аператыўна ўзяўся Следчы камітэт Беларусі, пракаментаваўшы яшчэ не расследваную справу так: «злачынная дзейнасць палякаў старанна задакументаваная. Іх злачынствы будуць падвергнутыя фундаментальнай прававой ацэнцы».
Белсат папрасіў прэс-сакратара галоўнакамандуючага Памежнай службы падпалкоўніка Анджэя Юзвяка пракаментаваць гэтыя абвінавачванні.
«Мы не каментуем матэрыялы, размешчаныя ў Інтэрнеце беларускімі службамі, разглядаючы іх як чарговыя элементы правакацыі і дэзінфармацыі», – заявіў падпалкоўнік Юзьвяк.
Гледзячы па статыстыцы Telegram-канала «Што думаюць беларусы» сацыёлага Генадзя Коршунава, на межах Беларусі і Польшчы колькасць мігрантаў зараз мінімальная, хаця заўсёды ў гэты час яна падвышалася.
«Гэтым годам па першых тыднях лістапада назіраецца не рост ціску на межы, а, наадварот, зніжэнне актыўнасці мігрантаў. На мінулым тыдні дык увогуле маем мінімальную колькасць спроб патрапіць у краіны ЕС з Беларусі аж з канца лютага – усяго крыху болей за 450 кейсаў. Традыцыйна большая колькасць адзначаецца на беларуска-польскай мяжы, меньшая – на мяжы з Латвіяй, на мяжы з Літвой – крыху болей чым «каля нуля», — піша ён.
Тэса Анэйда belsat.eu