Адна з найбуйнейшых тытунёвых карпарацыяў свету, японская «JT International», і яе брытанская дачка «Gallaher Group» скасавалі ліцэнзійныя пагадненні з беларускай кампаніяй «Тытунь-Інвест». Паводле гэтай ліцэнзіі ў Беларусі шмат гадоў прадаваліся цыгарэты пад маркамі «Winston», «Camel», «Sobranie» і «Monte-Carlo».
Пра гэта паведамляе выданне «Белорусы и рынок».
Абодва дакументы страцілі легітымнасць яшчэ ў траўні сёлета. Ліцэнзійная дамова «JT International» з «Тытунь-Інвестам» дзеяла з 2008 года, з «Gallaher Group» – з 2013 года.
У беларускім офісе «JT International» пацвердзілі факт разрыву пагадненняў. Наяўнасць цыгарэт брэндаў карпарацыі ў штомесячных пераліках, якія публікуе Міністэрства падатках і збораў, у офісе растлумачылі патрабаваннямі беларускага заканадаўства. Згодна з ім, гэтыя звесткі могуць быць на сайце Міністэрства цягам трох гадоў па заканчэнні года, у якім яны заяўленыя або змененыя. Прычым рэшткі прадуктаў, якія застаюцца ў раздробным гандлі, пераацэньваюцца. Гэта прывяло да таго, што ў жніўні, ужо пасля скасавання ліцэнзійнай дамовы, «Тытунь-Інвест» падняў цэны на цыгарэты «Camel», што засталіся на складах крамаў.
Прычыны скасавання пагадненняў не называюцца. Аднак вядома, што ў снежні 2023 года кампанія «Тытунь-Інвест» ды яе саўладальнікі Павел Тапузідыс і Віктар Пятровіч трапілі пад санкцыі ЗША. Усе ўгоды з беларускім вытворцам трэба было завяршыць да 2 лютага 2024 года.
На думку экспертаў выдання «Белорусы и рынок», не выключаны варыянт, што брэнды «JT International» будуць завозіць у Беларусь з Расеі. Або будзе падпісанае ліцэнзійнае пагадненне з іншым вытворцам, на якога не распаўсюджваюцца санкцыі.
Глеб Нержын belsat.eu