На Беларусь ідзе сапраўдная катастрофа. Не, гэта не ўраган Катрына, не айсберг, што некалі загубіў «Тытанік», і не магчымасць узброенага канфлікту на тэрыторыі краіны.
Трыццаць гадоў таму на тэрыторыі Беларусі пражывалі 10 243 000 асобаў, на 1 студзеня гэтага, 2024-га, года – усяго 9 мільёнаў сто пяцьдзясят шэсць тысяч. І гэта толькі афіцыйныя звесткі.
Як прагаварылася Міністэрства юстыцыі, а сам Белстат ужо некалькі гадоў хавае адпаведныя лічбы, у 2023 годзе ў Беларусі нарадзілася 65 тысяч дзяцей. І гэта – менш, чым нараджалі ў вайну. Так, гэта – факт, і яго нельга растлумачыць нічым іншым, акрамя як адмовай беларусаў заводзіць дзяцей ва ўмовах рэпрэсіі і вайны. У найгоршыя часы развалу 90-х гэты паказнік быў на ўзроўні 9.
Што адбываецца і чаго нам чакаць у найбліжэйшыя гады. Якія дадзеныя хаваюць у афіцыйнай статыстыцы? Беларусы выміраюць ці проста ўцякаюць з краіны? Пра гэта глядзіце ў новым выпуску «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам.
Як мы выглядаем у параўнанні з іншымі краінамі?
Рэсурс cia.gov, што абапіраецца на афіцыйныя звесткі, сцвярджае, што мы займаем 210 месца з 228 вымераных краінаў.
Тут важна ўспомніць пра яшчэ адзін важны паказнік – гэта ўзровень фертыльнасці, або каэфіцыент сумарнай нараджальнасці. Гэта колькасць дзяцей, якіх нараджае адная жанчына за жыццё. І тут мы таксама – у самым нізе спісу нават еўрапейскіх краінаў, у нас гэты паказнік меншы за 1,4. На падставе звестак можна вызначыць гэты каэфіцыент як... нічога добрага. Каб проста забяспечваць стабільную колькасць насельніцтва, гэты паказннік мусіць быць 2,1. Менавіта пры крыху больш як дваіх дзецях на жанчыну можна казаць пра патэнцыйнае развіццё. Мы на траціну далёкія ад такой нормы.
Але ў скарачэнні колькасці насельніцтва ёсць, акрамя нараджальнасці, яшчэ дзве прычыны, два складнікі: гэта смяротнасць і міграцыя. Ды ёсць краіны, у якіх праблемы з нараджальнасцю здымаюцца з дапамогай залучэння мігрантаў.
Смяротнасць
Тут Белстат таксама традыцыйна хавае статыстыку, але гэта не перашкаджае названаму раней рэсурсу сцвярджаць, што і з гэтым паказнікам мы – у топах, на 10 месцы, 13,3 смерці на тысячу насельніцтва.
Дарэчы, ведаеце, якая асноўная прычына смяротнасці ў Беларусі? Хваробы сістэмы кровазвароту – больш за палову смерцяў. Што часта хаваецца за гэтым? Статыстыка спажывання алкаголю практычна не мяняецца, і там мы таксама ў топах, спажываем утрая вышэй за норму, вызначаную Сусветнай арганізацыяй здароўя за мяжу бяспекі.
Паглядзім на суседзяў. У Польшчы насельніцтва практычна стабільнае, у Літве і Эстоніі ўпэўнена расце, у Латвіі – падае, але з хуткасцю, утрая меншай за нашую, айчынную.
Міграцыя
Але мы забыліся пра міграцыю: можа, яна нас уратуе? Тым больш, што на дзяржаўным тэлебачанні рэгулярна паведамляюць пра выдачу грамадзянства, напрыклад, украінцам, латвійцам, а то і немцам з амерыканцамі.
Ізноў жа, адкрыем статыстыку. І ўбачым, што афіцыйныя звесткі нам не даступныя з 2019 года.
Лічбаў рэальнага адтоку беларусаў не ведае ніхто, у нас ёсць толькі ўскосныя звесткі. Так, на думку таварыша Кубракова, міністра ўнутраных справаў, за мяжу з'ехалі трыста пяцьдзясят тысяч асобаў. Сацыёлаг Коршунаў сцвярджаў, што рэальны лік, з улікам яшчэ і эканамічнай міграцыі ў Расею – да 700 000 асобаў.
Найбольш песімістычныя для будучыні Беларусі звесткі прагучалі на тэлеканале «Белсат». Са звестак справаздачы Еўрастату, датычнай міграцыі, толькі ў 2023 годзе колькасць беларусаў, якія ўпершыню атрымалі дазвол на жыхарства ў Еўразвязе, склала дзвесце восемдзесят адну тысячу. А ў цэлым, пачынаючы з 2020-га года – каля 800 000 асобаў. Гэта дзесяць адсоткаў насельніцтва нашае краіны. І нават калі ўлічыць натуральны ўзровень, што склаўся ў 2020 годзе – 60 000 асобаў за год, – то ўсё роўна мы назіраем рэзкі скачок колькасці беларусаў, ахвочых пакінуць радзіму. І скачок гэты – не менш як паўмільёна асобаў. І гэта без уліку беларусаў, якія застаюцца ў Грузіі, ЗША, Расеі ці Украіне.
Як улічвае іх беларуская статыстыка? Фактычна – ніяк. Так, у нас з'явіліся інавацыі ў заканадаўстве, цяпер ёсць абавязак апавяшчаць беларускую дзяржаву пра наяўнасць у цябе дазволу на жыхарства ў якой-небудзь краіне. І нават пэўная колькасць, дзясяткі тысячаў, паведамілі пра такі дакумент. Але большасць выбрала пакуль не паведамляць добраахвотна пра гэтую акалічнасць, тым больш што ніякай сур'ёзнай адказнасці за ўтойванне пакуль не прадугледжана.
Колькі ж нас засталося?
Беларусь імкліва губляе насельніцтва. І таму, што беларускія жанчыны не адчуваюць сябе ў бяспецы і не хочуць нараджаць, нягледзячы на ўгаворы Качанавай з абяцаннямі фантастычных сацыяльных гарантыяў. І, вядома, яшчэ і таму, што колькасць беларусаў, якія разбягаюцца ў розныя бакі, перавышае найсмялейшыя фантазіі.
З пэўнай асцярожнасцю можна сцвярджаць, што рэальная колькасць жыхароў Беларусі крыху перавышае 8,5 млн. Ці дрэнна гэта? Вельмі. Ужо сёння галоўнай праблемай эканомікі стала нястача працоўных рук, а заўтра мы ўбачым дэфіцыт у нашым пенсійным фондзе, які штогод павялічваецца. Бо працаўнікоў будзе ўсё менш, а пенсіянераў – усё больш. І гэта таксама праблема, з якой мы сутыкнёмся, і простых развязкаў – няма. Без рэформаў не абысціся.