На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў перыяд з верасня да лістапада чакаецца эскалацыя ў вайне паміж Украінай і Расеяй, якая нібыта можа распаўсюдзіцца на тэрыторыю Беларусі. Гэтая заява зрабілася тэмаю тыдня для дзяржаўных прапагандыстаў, якія таксама распавялі пра натаўскія войскі на мяжы і гатовасць Беларусі даць магутны адказ агрэсару. Ці сапраўды існуе пагроза эскалацыі і да чаго Лукашэнка рыхтуе беларусаў?
17 верасня падчас урачыстай імпрэзы, прысвечанай так званаму Дню народнага адзінства, Аляксандр Лукашэнка раптам надумаў працытаваць «адзін дакумент», які ён атрымаў ад спецслужбаў. Нібыта Злучаныя Штаты з сярэдзіны верасня да пачатку лістапада чакаюць «істотную эскалацыю ваеннай абстаноўкі як з боку Масквы, гэтак і з боку Кіева». «Заходнія спецслужбы кажуць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі», – заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, нагодаю для эскалацыі будуць пралёты расейскіх беспілотнікаў праз тэрыторыю Беларусі. «Амерыканцы ўказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць нашую інфраструктуру на паўднёвай мяжы», – запэўніў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі і зазначыў, што «ім патрэбная вайна».
«Я хачу проста ў сувязі з гэтым папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых супернікаў. І тых, хто не разумее яшчэ. Не трэба гэтага рабіць! Гэта не пойдзе на карысць не толькі рэгіёну Еўропы, але і ўсёй планеце. Напад на Беларусь, запомніце гэта, – гэта трэцяя сусветная вайна», – заявіў ён.
Прэс-сакратарка Наталля Эйсмант пазней удакладніла, што, паводле інфармацыі Лукашэнкі, абвастрэнне сітуацыі чакаецца ў канцы верасня – пачатку кастрычніка.
«Гэта можа быць спроба ўцягнуць Беларусь у вайну, – зазначыла яна. – Дзеля чаго гэта трэба? Не выключана, што гэта адзін з крокаў да дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры краіны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў».
Будучая эскалацыя сталася для дзяржаўных медыяў на тыдні тэмай № 1. Тэлеканал «Первый информационный» распавёў таксама пра пагрозу з боку Літвы, дзе на палігоне Пабрадзе (30 км ад беларускай мяжы) плануецца размясціць 1000 амерыканскіх вайскоўцаў. Прапагандысты прыгразілі ворагам «Іскандэрамі» і «Паланэзамі» ды паабяцалі, што любая агрэсія «літаральна выпарыцца» ад беларускага адказу.
На гэтым тыдні, 23 верасня, Міністэрства абароны РБ абвясціла чарговыя вучэнні тэрытарыяльнай абароны – цяпер у Віцебскай вобласці.

Містыфікацыя пагрозы
Лукашэнка паклаў у аснову сваёй заявы пра пагрозу эскалацыі рэальны факт: расейскія беспілотнікі сапраўды выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі падчас атак на Украіну. Агулам пачынаючы з ліпеня было зафіксаванае пранікненне не менш як 45 дронаў-камікадзэ «Shahed». Часам беларускае камандаванне вымушанае было паднімаць у паветра авіяцыю, суправаджаць або нават перахопліваць беспілотнікі. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў ваколіцах Гомля беларускія ВПС знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе.
Разам з тым, няма ніякіх падставаў гаварыць пра тое, што гэтая сітуацыя можа справакаваць Украіну на ўдар па інфраструктурных аб’ектах на поўдні Беларусі.
Рэч у тым, што Расея запускае дроны-камікадзэ не з тэрыторыі Беларусі і не наносіць наўпроставых удараў праз Беларусь. Звычайна расейскія беспілотнікі спачатку залятаюць у паветраную прастору Украіны, потым ляцяць у Беларусь, а затым часцяком зноў вяртаюцца ва Украіну. Імаверна, часам расейскія вайскоўцы свядома выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі для манеўравання, каб заблытаць украінскія СПА. А часам дроны-камікадзэ проста губляюць кіраванне пад уздзеяннем украінскіх сродкаў РЭБ ці ў выніку ўласнага тэхнічнага збою. Так ці інакш, роля Беларусі тут мізэрная і не ідзе ні ў якае параўнанне з падзеямі 2022 года, калі з беларускай тэрыторыі па Украіне былі запушчаныя больш за 700 ракетаў.
Расея цяпер не выкарыстоўвае вайсковай інфраструктуры Беларусі для паветраных атак на Украіну, таму ўкраінцам няма ніякага сэнсу атакаваць беларускую тэрыторыю. Гэта не палепшыць становішча Украіны, а наадварот, пагоршыць – як мінімум можа прывесці да таго, што з тэрыторыі Беларусі зноў будуць чыніць ракетныя абстрэлы. Ні Украіна, ні Злучаныя Штаты ў гэтым не зацікаўленыя.
Тое, што найбліжэйшым часам у канфлікце Расеі і Украіны можа адбыцца нейкая значная эскалацыя, увогуле сумнеўна. Абодва бакі цяпер ваююць на максімуме сваіх магчымасцяў, і на адкрыццё новага фронту або правядзенне новых маштабных наступленняў рэсурсы наўрад ці знойдуцца. У Расеі няма значных рэзерваў, якія можна было б перакінуць у Беларусь для паходу на Кіеў. А беларуская армія, запэўніў Лукашэнка, сама ўступаць у баявыя дзеянні не плануе.

Нечаканыя нюансы
Пры гэтым у тэзісах улады звяртаюць на сябе ўвагу дзве цікавыя акалічнасці.
Па-першае, хаця Лукашэнка звыкла дэманізуе Захад, частку адказнасці за магчымую эскалацыю ён ускосна ўскладае на Расею. Падчас выступу 17 верасня ён упершыню прызнаў, што расейскія дроны-камікадзэ сапраўды лётаюць праз Беларусь. Акрамя таго, у тым «дакуменце» спецслужбаў, на які спасылаецца Лукашэнка, гаворка вядзецца пра эскалацыю з боку як Украіны, гэтак і Расеі.
Калі Лукашэнка загаварыў пра тое, што напад на Беларусь прывядзе да трэцяй сусветнай вайны, то ў канцы дадаў: «Таму ні ў якім разе ні ўкраінцам, ні расейцам, яны гэта выдатна разумеюць, ні амерыканцам, якія жадаюць адседзецца за акіянам, гэтага рабіць нельга». То бок галоўны саюзнік Менску раптам апынуўся ў адным сэнсавым шэрагу з патэнцыйнымі праціўнікамі: Украінай і ЗША. Ад чаго Лукашэнка перасцерагае расейцаў, калі ўдар па Беларусі нібыта рыхтуюць Украіна і ЗША?
,,Па-другое, Наталля Эйсмант звязала магчымую атаку на інфраструктуру паўднёвых раёнаў Беларусі з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі. Тлумачэнне выглядае проста абсурдна: выходзіць, што Злучаныя Штаты нібыта гатовыя развязаць трэцюю сусветную вайну толькі для таго, каб «дэстабілізаваць абстаноўку» ў Беларусі напярэдадні выбараў. Аднак менавіта ў прывязцы да электаральнай кампаніі – трэба шукаць тлумачэння заявам Лукашэнкі пра пагрозу эскалацыі.
Лукашэнка або вайна?
Імаверна, менавіта тэма вайны і міру будзе ключавой для перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі.
Па-першае, міф пра вонкавую пагрозу дазволіць апраўдаць вылучэнне кандыдатуры Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.
Варта памятаць, што пасярод крызісу 2020 года Лукашэнка абяцаў: пасля прыняцця новай Канстытуцыі ён прэзідэнтам ужо не будзе. Новая Канстытуцыя была зацверджаная ў пачатку 2022 года, але ён прадказальна нікуды не сышоў. Пасля гэтага Лукашэнка пачаў наўпрост звязваць сваё далейшае знаходжанне ва ўладзе з вайной: паводле яго, калі вакол Беларусі будзе «цяжкая абстаноўка», то ён ніколі не пакіне сваёй пасады. Таму цалкам лагічна, што напярэдадні новых выбараў Лукашэнка плануе штучна нагнятаць сітуацыю: маўляў, і хацеў бы сысці, але вымушаны ратаваць краіну.
Па-другое, стаўленне да вайны – гэта адно з нешматлікіх пытанняў, у дачыненні якіх у беларускім грамадстве цяпер магчымы агульнанацыянальны кансэнсус. І прыхільнікі пераменаў, і прыхільнікі дыктатуры адназначна выступаюць супраць удзелу Беларусі ў вайне.
Лукашэнка разлічвае максімальна эксплуатаваць антываенныя настроі ды менавіта таму амаль незаўважна размывае канкрэтную крыніцу пагрозы. Нібыта напасці на Беларусь хочуць ЗША і Украіна, але тут і расейскія беспілотнікі лётаюць, і эскалацыя з боку Масквы не выключаная… Паміж радкоў нараджаецца мэсідж, які ўлады паспрабуюць прадаць сваім праціўнікам: маўляў, з Лукашэнкам можна не пагаджацца, але толькі ён здольны супрацьстаяць ціску Крамля і перадухіліць уступленне Беларусі ў вайну.

Невыпадкова, што менавіта гэты тэзіс быў ўкладзены ў вусны палітвязня Юрася Зянковіча ў нядаўнім «пакаянным» інтэрв’ю:
«Лукашэнка за апошнія два гады правёў бліскучую працу, перадухіліўшы ўцягванне Беларусі ў вайну. Гэта, несумненна, ягоны плюс, і я не саромеюся гэтага казаць, хаця ўсе ведаюць мяне як крытыка існай улады. Але я заўсёды аддаю належнае сваім супернікам. У дадзеным выпадку Лукашэнка зрабіў вельмі добрую працу. Калі б мы прыйшлі да ўлады, то амаль напэўна нам бы не ўдалося пазбегчы ўцягвання Беларусі ў вайну».
Той факт, што ўлады прымусілі агучыць гэты тэзіс не проста палітвязня, а чалавека з грамадзянствам ЗША, таксама невыпадковы. Імаверна, лозунг «Лукашэнка або вайна» Менск хоча прадаць яшчэ і на Захадзе, каб дамагчыся хаця б частковай легітымізацыі свайго рэжыму.
У апошнія гады Лукашэнка мэтанакіравана стварае ў Беларусі атмасферу перманентнага перадваеннага стану. Імаверна, перад стартам новай прэзідэнцкай кампаніі (паводле чутак, выбары могуць прызначыць на люты 2025 года) улады плануюць яшчэ больш раскруціць тэму вонкавай пагрозы, а потым паўтараць, што на Беларусь не напалі толькі дзякуючы «мудрай палітыцы правадыра».
Глеб Нержын belsat.eu