Палёт Рамана Пратасевіча ў Дубай і распаўсюд праз ягоны Telegram-канал імёнаў вызваленых палітвязняў, імаверна, ёсць часткай вялікай гульні афіцыйнага Менску. Улады Беларусі нагадваюць, што праблема, якая справакавала ўвядзенне значнай часткі санкцыяў Еўразвязу, ужо развязаная, таму яны разлічваюць на тое, што Брусель пачне скасоўваць адпаведныя абмежаванні. Ці спраўдзяцца разлікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі?
Вяртанне Пратасевіча
Апошнім часам у медыйнай прасторы значна актывізаваўся былы палітвязень і блогер Раман Пратасевіч.
Ён стварыў Telegram-канал «SPRAVA» яшчэ ў жніўні 2021 года, калі быў пад хатнім арыштам у статусе абвінавачанага. Аднак абнаўлялася «SPRAVA» вельмі рэдка. Цягам двух апошніх гадоў блогер апублікаваў усяго каля дзясятка паведамленняў, пераважна рэпостаў з іншых рэсурсаў.
Аднак у верасні 2024 года канал Пратасевіча раптам ажыў. Спачатку блогер паведаміў, што паляцеў у адпачынак у Дубай і апублікаваў адтуль шмат здымкаў. У стрыме з Дубаю ён распавёў, што суд зняў з яго абмежаванні на выезд з краіны і скасаваў буйны штраф. Пазней, пасля вяртання ў Беларусь, Пратасевіч апублікаваў імёны памілаваных палітвязняў, стаўшы першакрыніцаю для ўсіх медыяў.
Раптоўную актыўнасць Пратасевіча ў публічнай прасторы наўрад ці можа лічыць выпадковасцю. Цягам апошніх трох месяцаў афіцыйны Менск пайшоў на шэраг крокаў і агучыў мэсіджы, якія сведчаць пра намер наладзіць кантакт з Захадам для нармалізацыі стасункаў і аслаблення санкцыйнага ціску. А лёс Пратасевіча ў свой час быў адным з ключавых фактараў для радыкальнага пагаршэння беларуска-еўрапейскіх стасункаў.

Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Соф’я Сапега былі затрыманыя 23 траўня 2021 года ў менскім аэрапорце ў выніку прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair», які выконваў рэйс Афіны – Вільня. Аперацыя для перахопу пасажырскага самалёта была арганізаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля таго, каб злавіць Пратасевіча. У выніку адбыўся вялікі міжнародны скандал.
Пратасевіч актыўна супрацоўнічаў са следствам, даваў інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню і выступаў на прэс-канферэнцыях. Дзякуючы гэтаму яго неўзабаве перавялі пад хатні арышт, прычым на паказальна вольных умовах. У траўні 2023 года Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зняволення, але пад варту не ўзялі і неўзабаве памілавалі. У чэрвені таго ж года была памілаваная Сапега, якая, у адрозненне ад свайго былога хлопца, амаль год правяла ў папраўчай калоніі. Пасля вызвалення дзяўчына адразу пакінула Беларусь.
,,Кейс Пратасевіча шмат для каго выглядаў неадназначна. З аднаго боку, ён сапраўды актыўна супрацоўнічаў са следствам (у тым ліку даваў паказанні на іншых палітвязняў) і неаднаразова браў удзел у прапагандысцкіх праграмах. З другога боку, з краіны яго не выпускалі і некаторыя працягвалі ўспрымаць яго як закладніка.
Адпачынак у Дубаі яўна не ўпісваецца ў вобраз закладніка, а выкарыстанне Telegram-каналу Пратасевіча для распаўсюду інфармацыі пра памілаваных палітвязняў увогуле здаецца вельмі сімвалічнай з’явай. Ствараецца ўражанне, што ўлады Беларусі хочуць такім чынам паказаць, на зняцце якіх санкцыяў яны разлічваюць.
Пратасевіч як фактар палітыкі
Цяпер ужо не ўсе памятаюць, што львіную долю санкцыяў супраць афіцыйнага Менску ўвялі не за фальсіфікацыю выбараў і масавыя рэпрэсіі, а за прымусовую пасадку самалёта «Ryanair», міграцыйны крызіс і вайну ва Украіне.
У прыватнасці, пасля інцыдэнту з рэйсам Афіны – Вільня Еўразвяз спыніў авіязлучэнне з Беларуссю. У пачатку чэрвеня 2021 года беларускім авіяперавознікам афіцыйна забаранілі лятаць праз паветраную прастору ЕЗ і карыстацца еўрапейскімі аэрапортамі. У заяве 24 траўня Брусель абгрунтаваў сваю пастанову не толькі зняволеннем Пратасевіча і Сапегі, але і тым, што ўлады Беларусі сваімі дзеяннямі ў прынцыпе паставілі пад пагрозу бяспеку авіяпералётаў. Аднак патрабаванне да ўладаў Беларусі было толькі адно: вызваліць Пратасевіча і Сапегу і забяспечыць ім «свабоду перасоўвання». Пасля палёту Рамана ў Дубай можна сцвярджаць, што гэтае патрабаванне рэжым Лукашэнкі цалкам выканаў.

Праўда, тут узнікае іншая праблема: статус «Белавія». Рэч у тым, што санкцыі супраць авіякампаніі ЕЗ увёў у снежні 2021 года, але не ў звязку з Пратасевічам, а праз тую ролю, якую «Белавія» выконвала ў міграцыйным крызісе. Разам з тым, пэўныя крокі да дээскалацыі міграцыйнага крызісу з боку афіцыйнага Менску апошнім часам таксама назіраюцца: пачынаючы з чэрвеня заўважна ўпалі актыўнасць і агрэсіўнасць нерэгулярных мігрантаў на мяжы з Польшчаю.
Інцыдэнт з самалётам «Ryanair» у значнай ступені перадвызначыў увядзенне супраць рэжыму Лукашэнкі сектаральных санкцыяў, якія закранулі ключавыя галіны эканомікі. Пад удар трапілі экспарт і транзіт калійных угнаенняў ды нафтапрадуктаў, а таксама вытворчасць тытунёвых вырабаў. Беларусі быў абмежаваны доступ да фінансавага і банкаўскага рынку ЕЗ. У пастанове Еўразвязу ад 24 чэрвеня 2021 года тлумачылася, што «абмежаванні ўводзяцца ў адказ на эскалацыю сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і гвалтоўныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама на прымусовую пасадку рэйсу «Ryanair» у Менску 23 траўня 2021 года і звязанае з гэтым затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі». У гэтым дакуменце Рада ЕЗ зноў спасылалася на папярэднюю заяву ад 24 траўня, дзе гучаў заклік да вызвалення Пратасевіча і Сапегі.
Інцыдэнт з «Ryanair» таксама стаўся прычынай для ўвядзення шэрагу санкцыйных абмежаванняў з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады.

Разлік на ўгоду
«Белсат» раней ужо тлумачыў, што цяпер адбываецца самая сур’ёзная пасля падзеяў 2020 года спроба афіцыйнага Менску прарваць міжнародную ізаляцыю. Цягам ліпеня – верасня ў выніку чатырох хваляў памілавання ў Беларусі на свабоду выйшлі ўжо 115 палітвязняў. Акрамя таго, знізілася напружанасць на мяжы з ЕЗ і змякчылася публічная рыторыка. Разам з тым, рэпрэсіі ў краіне не спыніліся і нават не былі сцішаныя на час палітычнай гульні з Захадам. За ліпень – жнівень праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі больш асобаў, чым за гэты перыяд выйшлі на свабоду.
Гэтая дваістасць падыходаў указвае на тое, што Лукашэнка не плануе распачынаць паўнавартаснай адлігі, і на поўнае скасаванне санкцыяў Менск, імаверна, нават не спадзяецца. Але разлічвае выгадна абмяняць палітвязняў на частковае скасаванне санкцыяў.

Нагадваючы пра кейс Пратасевіча, улады, магчыма, хочуць паказаць, якія кірункі санкцыйный блакады яны хочуць прарваць. Імаверна, іх цікавяць авіяпералёты, калійная і нафтавая галіна. З аднаго боку, гэта цалкам лагічна: адпаведныя абмежаванні можна лічыць найбольш адчувальнымі для эканомікі Беларусі.
Мяркуючы паводле той інфармацыі, што прасочвалася ў прэсу ў мінулыя гады, улады не раз кулуарна дэманстравалі зацікаўленасць у развязанні гэтых пытанняў. З іншага боку, у выпадку перамоваў з ЕЗ пазіцыя Менску будзе тут выглядаць найбольш пераканаўча: фармальная прычына тых санкцыяў зліквідаваная, і ў кантэксце вызвалення часткі палітвязняў ёсць падставы абмеркаваць іх зняцце або прынамсі аслабленне.
Крыніца «Белсату» ў дыпламатычных колах ЕЗ на ўмовах ананімнасці патлумачыла, што ў Еўропе разумеюць, што, напрыклад, цяперашні вольны статус Пратасевіча ўступае ў пэўную супярэчнасць з пачатковымі матывамі авіяцыйных санкцыяў. Аднак у параўнанні з 2021 годам сітуацыя зрабілася нашмат больш складанай, і цяпер зняць санкцыі будзе няпроста.
Стаўкі выраслі
Сапраўды, калі б Лукашэнка адправіў Пратасевіча ў Дубай адразу пасля інцыдэнту з самалётам «Ryanair», то рэакцыя міжнароднай супольнасці, хутчэй за ўсё, не выйшла б за межы «глыбокай занепакоенасці». Беларускі бюджэт у такім выпадку не згубіў бы мільярдаў долараў праз санкцыі, выкліканыя тым скандалам.

Аднак цяпер гэтае пытанне цесна пераплялося з іншымі, значна больш складанымі праблемамі. Як ужо адзначалася раней, «Белавія» трапіла пад санкцыі не за Пратасевіча, а за міграцыйны крызіс. Адмяняць пастановы ЕЗ наконт авіязлучэння з Беларуссю, што былі прынятыя ў траўні – чэрвені, без зняцця санкцыяў з «Белавія» – гэта тое, што наўрад ці задаволіць Менск. А каб зняць санкцыі з авіякампаніі, трэба цалкам урэгуляваць міграцыйны крызіс.
Што яшчэ больш важна, цяпер санкцыі супраць Беларусі ўпісаныя ў кантэкст вайны ва Украіне і звязаных з гэтым абмежаванняў адносна Расеі. Па-першае, сектаральныя санкцыі супраць Беларусі ў 2022 годзе былі значна пашыраныя праз саўдзел у расейскай агрэсіі. Па-другое, любыя аслабленні санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, які ёсць хаўруснікам Крамля, будзе азначаць пашырэнне магчымасцяў для абыходу санкцыяў, уведзеных супраць Расеі. Пры тым, што прыярытэтам санкцыйнай палітыкі Захаду апошнім часам была якраз сінхранізацыя абмежаванняў супраць Беларусі і РФ. А прынцыпова змяніць сваю пазіцыю адносна вайны ва Украіне Лукашэнка наўрад ці здольны.
Акрамя міграцыйнага крызісу і вайны ва Украіне існуе праблема палітвязняў, якая з 2021 года значна абвастрылася. Тры гады таму сектаральныя санкцыі ўсё-ткі абгрунтоўваліся не толькі кейсам Пратасевіча, але і агульнай эскалацыяй рэпрэсіяў. З таго часу сітуацыя толькі пагоршылася: калі ў траўні 2021-га ў Беларусі было прыкладна 450 палітвязняў, то цяпер – 1327. У гэтай сітуацыі памілаваць 115 асобаў недастаткова. Каб пераламаць сітуацыю, Лукашэнку трэба масава вызваляць палітвязняў, у тым ліку тых, каго добра ведаюць на Захадзе: палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў.
Глеб Нержын belsat.eu