навіны

«Трэба ўмацоўваць барацьбу з Пуціным і Лукашэнкам». Ціханоўская, Пазняк і Рудкоўскі выступілі ў абарону «Белсата»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Галасы ў падтрымку «Белсата» пастаянна гучаць з розных трыбун. Сабралі выказванні палітыкаў Святланы Ціханоўскай і Зянона Пазняка, а таксама палітолага Пятра Рудкоўскага ў падтрыманне нашага выдання. 

Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю буйному польскаму выданню «Rzeczpospolitа» назвала «Белсат» унікальным праектам, які дае магчымасць змагацца з прапагандай Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна

«Што датычыцца "Белсата", то для нас гэта асаблівая справа. Мы ведаем, што змены ў функцыянаванні канала звязаныя з перафарматаваннем TVP, але "Белсат" – гэта ўнікальны праект. Гэта адзіны беларускамоўны канал, вялікі праект, створаны Польшчай. Мы ж змагаемся з велізарнай прапагандысцкай машынай Лукашэнкі і Пуціна. І трэба ўмацоўваць гэтую барацьбу, а не аслабляць. Я спрабую гэта тлумачыць нашым партнёрам», – адзначыла беларуская дэмакратычная лідарка. 

Святлана Ціханоўская, адказваючы на пытанне журналіста аб ліквідацыі самастойнасці «Белсата» падкрэсліла, што польскі бок тлумачыць гэта тым, што цяпер вельмі шмат дапамогі накіроўваецца ва Украіну.

«І гэта справядліва, бо Украіна павінна перамагчы. Але гэта не павінна адбывацца коштам скарачэння дапамогі для беларусаў, якія змагаюцца за свабоду, і коштам незалежных беларускіх медыяў», – адзначыла Ціханоўская. 

Сваё бачанне з сітуацыяй вакол «Белсату» выказаў палітык Зянон Пазняк. У сваім акаўнце ў «Фэйсбук» ён паразважаў наконт страты вялікага архіву матэрыялаў, назапашанага «Белсатам» за гады працы.

«Па пошукавых сістэмах шукаў патрэбныя мне матар'ялы, якія раней былі на старонцы belsat.eu. Нічога не адчыняецца. Усё знікла, тэрабайты матар’ялаў па беларускай культуры, гісторыі і палітыцы. "Рэарганізацыя" Белсату пачалася», – піша Пазняк. 

Як рашэнне, якое дазволіла б пазбегнуць падобнай страты ў будучыні, ён адзначае неабходнасць капіявання ўсіх важных матэрыялаў на папяровыя носьбіты. 

«Першая практычная парада. Важныя для Беларусі матэрыялы трэба капіяваць у асобныя пакі і потым пераводзіць на папяровыя носбіты. Пасля 3-й сусветнай вайны часткова застануцца кнігі, часопісы, рукапісы, карціны, скульптура, архітэктура. Ад інтэрнету не застанецца нічога, а што ацалее, стане непрыдатным хламам. Вайна па знішчэнні Беларусі распачата даўно. Але Белсат яшчэ можна ўратаваць, ягоную Старонку і архіў вярнуць», – адзначае палітык. 

На думку Зянона Пазняка, інтэрнэт і ўсё, што з ім звязана, – гэта не сродак культуры, а ілюзія культуры, «яе часовы стан, магнітная напруга, якая знікае імгненна, цалкам і беспаваротна пры любых прадбачаных і непрадбачаных абставінах».

Беларускі палітолаг Пётр Рудкоўскі, аналізуючы сітуацыю вакол «Белсата», назваў тэлеканал «адной з найважнейшых, калі не самай галоўнай пагрозай для рэжыму Лукашэнкі». Менавіта таму «Белсату» надаецца столькі ўвагі з боку праўладных прапагандыстаў. 

Падчас свайго існавання ў Польшчы, адзначае Пётр Рудкоўскі, «Белсат» ужо двойчы зазнаваў пагрозы свайму існаванню і ў выніку вытрымліваў іх, працягваючы сваё развіццё.

«Гэта ўжо трэці ўдар па "Белсату", прычым удар з самага нечаканага боку і ў самы непадыходны час», – адзначае Рудкоўскі.

«У 2024 годзе мы маем сітуацыю, калі Лукашэнка падтрымлівае Крэмль у яго агрэсіі супраць Украіны, у Беларусі тысячы палітвязняў, амаль усе недзяржаўныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі ліквідаваныя. Рэжым зайшоў у гэтым так далёка, што не варта чакаць, што ён нешта зменіць у гэтым плане ў абмен на аслабленне "Белсату". Адзіны эфект, які цяперашняя сітуацыя з «Белсатам» можа мець унутры Беларусі, — гэта здзеклівае рагоданне лукашэнкаўскіх прапагандыстаў», – падсумоўвае палітолаг.

Раман Шавель, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10