Мультфільмы створаны паводле твораў былога палітвязня Андрэя Скурко, напісаных ім для свайго сына Тамашыка падчас адбыцця пакарання.
З 13 верасня ў 20:00 па Менску на YouTube-канале BayBus пачнецца выпуск серыі мультвершаў Андрэя Скурко «Хто жыве ў гаражы», заснаваных на вершаванай кніжцы пра машынкі і выдадзенай выдавецтвам «Гутэнберг».
Як адзначаюць стваральнікі, мультвершы – гэта вясёлыя і кароткія паэтычныя мульцікі для дзетак, створаныя для таго, каб прыносіць радасць і развіваць цікавасць да беларускай мовы.
,,«Вас чакаюць гісторыі пра розныя жывыя машынкі і іх выпрабаванні. Усё будзе буксаваць і разлівацца, раскручвацца і адвальвацца! Карацей, будзе весела!» – кажуць аўтары праекту.
Ілюстрацыі і анімацыю стварала мастачка Вольга Кузьміч. На беларускую мову тэксты агучвалі ўдзельнікі праекту «Кніжны воз», сярод галасоў – Крысціна Дробыш і Алег Гарбуз. Музыку для праекта стварыла Наталля Бібікава.
Усяго чакаецца 16 эпізодаў, якія будуць выходзіць кожную пятніцу.
Першы выпуск можна паглядзець тут:
Бэйбус – беларускамоўная забаўляльная, навучальная, развіццёвая лічбавая прастора для маленькіх гарэзаў і дарослых жэўжыкаў.
Унікальны кантэнт YouTube-канала і сацсетак праекта дапамагае дзецям і дарослым не толькі вывучаць беларускую мову з дапамогай казак і вершыкаў, атрымоўваць веды з найцікавейшых галінаў такіх, як мастацтва, гісторыя, культура, але і забаўляцца.
Раман Шавель belsat.eu