Пакуль Аляксандр Лукашэнка каментуе сваю «добрую волю» па вызваленні палітвязняў, у Бярозе і Баранавічах хапуны, а палітвязняў судзяць паўторна. «Белсат» працягвае фіксаваць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.
«Па матывах ідэалагічнай варожасці»
Гісторыка Ігара Мельнікава пачалі судзіць 10 верасня. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (частка 1 артыкула 361-4 КК). Судзіць яго Міхаіл Макарэвіч.
Да апошняга не было вядома, у чым дакладна абвінавачваюць гісторыка. У дзень суда «Беларусь сегодня» напісала, што справа ў інтэрую «забароненаму» выданню.
Абвінавачванне сцвярджае, што Мельнікаў «па матывах нацыянальнай варажнечы і варожасці, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасці, загадзя ведаючы аб экстрэмісцкай дзейнасці ўдзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурсу, у мэтах развіцця і папулярызацыі медыя такой накіраванасці і ўключэння ў падобную дзейнасць большай колькасці грамадзян, даў ім інтэрв'ю».
У жніўні кнігі гісторыка была прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Ігар Мельнікаў спецыялізуецца на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў 1921-1939 гадах.
Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд Франаку Вячорку. Судовая калегія вырашыла пакінуць апеляцыйную скаргу без задавальнення.
У чэрвені Вячорку завочна пакаралі ў Беларусі 20 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яму таксама прызначылі штраф у памеры 1500 базавых велічынь (60 тысяч рублёў).
Вячорку судзілі па дзевяці артыкулах Крымінальнага кодэксу.
,,«Акрамя таго, яму прад'явілі пазоў "у інтарэсах дзяржавы" аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў, “прычыненай супрацьпраўнымі дзеяннямі”», – адзначаюць праваабаронцы.
Тым часам палітвязня, фігуранта па справе ініцыятывы «Буслы ляцяць» Андрэя Будая будуць судзіць па новай крымінальнай справе.
Андрэй ужо пакараны 15 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штафам у памеры 500 базавых велічыняў. Палітвязня рэгулярна змяшчаюць у СІЗА, а 23 верасня будуць судзіць нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Справу будзе разглядаць Павел Карцінін.
Кіраўніцу аддзела маркетынгу гатэля «Crowne Plaza» 40-гадовую Марыну Алісеенка будуць судзіць за пратэсты і дапамогу палітвязням.
,,«Падобна, што цяпер Алісеенка за кратамі. Яе сацсеткі не абнаўляюцца з 22 студзеня 2024 года, апошняя актыўнасць была за два дні да аблавы КДБ на тых, хто дапамагаў палітвязням», – паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Суд над Марынай пачнецца 2 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе. Яе вінавацяць па двух артыкулах – «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (частка 1 і 2 артыкула 361-4 КК) і «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (частка 1 артыкула 342 КК). Судзіць яе будзе Сяргей Хрыпач.
Намесніка дырэктара кампаніі па юрыдычных кансультацыях затрымалі за ўдзел у пратэстах. На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ў 2020 годзе быў на пратэстных акцыях, сфатаграфаваўся з Марыяй Калеснікавай, а таксама рабіў рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.
Хапуны ў Бярозе і Баранавічах
У Баранавічах працягваюцца затрыманні мясцовых жыхароў. На гэты раз сілавікі ўзяліся за двух братоў за ўдзел у пратэстах. На відэа сілавікоў адзін з мужчын кажа, што падчас мітынгаў 2020 года яны былі ў цэнтры горада, а другі, што яны выязджалі і ў Менск. У гэты момант паказваюць сэлфі аднаго з іх з Паўлам Латушкам, паведамляе «Вясна».
Паводле «Медыязоны», у сацсетках браты падпісаныя як Вадзім і Алег Хільчук.
Быў затрыманы яшчэ адзін жыхар Баранавічаў. Ён кажа, што 9 жніўня 2020 года знаходзіўся ў двары вуліцы Камуністычнай, але на гукі сірэны і крыкаў вырашыў схадзіць у цэнтр горада.
У Бярозе прайшоў хапун — затрымана мінімум 10 чалавек. Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што «астатнім 14 прыцягнутым асобам, абраная мера стрымання не звязаная з пазбаўленнем волі».
Арсен Рудэнка belsat.eu