Алякскндр Лукашэнка заявіў 10 жніўня, што над Беларуссю збілі ўкраінскія ўдарныя беспілотнікі, а міністр абароны Віктар Хрэнін рапартуе аб прывядзенні ў «гатовасць № 1» сілаў на мяжы. Гэта адбываецца на тле ўкраінскага ўварвання ў Курскую вобласць Расеі. «Белсат» расказвае, што кажуць улады Беларусі і што аб гэтым думае ўкраінскі эксперт.
Падчас рабочай паездкі ў Шклоўскі раён Аляксандр Лукашэнка распавядаў не толькі пра сельскую гаспадарку. 10 жніўня ў Гарадзішчы ён заявіў, што днём раней каля 18:10 Вайскова-паветраныя сілы і Сілы супрацьпаветранай абароны былі прыведзеныя ў падвышаную баявую гатовасць, бо Збройныя сілы Украіны «парушылі ўсялякія правілы паводзінаў» і парушылі паветраную прастору Беларусі ў небе над Касцюковіцкім раёнам.
Самалёты «Су-30СМ» і верталёт «Мі-24» падымалі, паводле Лукашэнкі і міністра абароны Віктара Хрэніна, на перахоп дзясятка цэляў. Прывялі ў падвышаную баявую гатовасць рэактыўныя сістэмы залпавага агню. У 19:04 сілы паветранай абароны знішчылі некалькі цэляў – «мы падазраем, што гэта ўдарныя беспілотнікі» – над Беларуссю на вышыні 1,5 км і на далёкасці 6,5 км, заяўляе ён. Рэшту цэляў «перадалі» Расеі, іх збілі пад Яраслаўлем, сцвярджае Лукашэнка.
«Навошта гэта Украіне, я не разумею, – казаў Лукашэнка. – Нам трэба разабрацца. Але мы, як я казаў, дакладна вызначаліся з імі і давялі да іх гэтую інфармацыю, што без адказу любыя правакацыі не застануцца».
Хрэнін рапартаваў, што вайсковыя часці сілаў спецыяльных аперацыяў, сухапутных войскаў і ракетных войскаў, у тым ліку комплексы «Іскандэр» і «Паланэз», атрымалі задачы на маршы ў «прызначаныя раёны». Якія раёны прызначаныя, не паведамляюць, але, паводле Хрэніна, вядзецца пра ўзмацненне групоўкі войскаў на гомельскім і мазырскім напрамках.

А гэта не расейскія дроны? І не выдуманыя?
На тэрыторыю Беларусі з пачатку лета неаднаразова праляталі не ўкраінскія, а расейскія беспілотнікі, якія атакавалі Украіну з расейскай і акупаванай украінскай тэрыторыяў, але праляталі над «выступам» пад Брагінам і заляталі нават далей, адзін дрон узарваўся пад Бабруйскам, а яшчэ адзін даляцеў аж да Віцебску.
Беларускія войскі неаднаразова падымалі авіяцыю на перахоп расейскіх дронаў, але не выстаўлялі прэтэнзіяў Расеі. Эксперты дапускалі, што расейскія дроны-камікадзэ сутыкаюцца з моцным агнём супрацьпаветранай абароны, таму змяняюць маршрут і пераходзяць у паветраную прастору Беларусі, дзе ўкраінцы не маюць магчымасці аператыўна адсачыць іх перасоўванне. Але палітолагі не выключалі і чыста палітычны фактар ціску Расеі на Лукашэнку.

Але ці былі нейкія дроны на гэты раз, незразумела. Маніторынгавая група «Беларускі гаюн», якая звычайна адсочвае рух дронаў над Беларуссю, не паведамляла аб здарэннях 9 жніўня. Аб дронах над Беларуссю не паведамлялі і ўкраінскія медыі.
Вайсковы аналітык і былы працаўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак кажа ў каментары «Белсату»: не бачыў паведамленняў ад расейскага боку, каб на тэрыторыю Расеі заляталі з адпаведнага рэгіёну і былі збітыя беспілотнікі. А было б лагічна, што калі б, як казаў Лукашэнка, частка дронаў заляцела ў Расею і была збітая там, пра гэта б расказалі. Ды і аскепкаў дронаў, паводле беларускага боку, яшчэ не знайшлі. Таму ўзнікае пытанне: ці было нешта?
Ці не звязана гэта з Курскам?
Улады Беларусі кажуць аб здарэнні з беспілотнікамі ў кантэксце ўкраінскай атакі ў Курскай вобласці Расеі. Лукашэнка згадвае пра атаку ў Курскай вобласці і прывязвае да яе «вось гэтую правакацыю з мэтай удараў па Расейскай Федэрацыі» – наракае, што «не хацеў бы сёння гэтымі пытаннямі займацца, але нікуды не падзенешся».
Хрэнін называе здарэнне з беспілотнікамі «правакацыяй адносна рэспублікі Беларусь» і кажа, што загад перакінуць войскі на гомельскі і мазырскі напрамкі Лукашэнка аддаў «улічваючы абстаноўку, што складваецца ва Украіне, а таксама ў Курскай вобласці Расеі». Адметна, што толькі 10 жніўня, на пяты дзень курскай аперацыі, Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з асуджэннем гэтай «бессэнсоўнай авантуры» – уварвання на тэрыторыю агрэсара.
Гісторыяй з беларускімі дронамі вельмі цікавяцца расейскія праваенныя каналы: малююць мапы, гразяць баевікамі «групы Вагнэра».
Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі Украіны Андрэй Каваленка лічыць, што сцягванне беларускіх войскаў да ўкраінскай мяжы – гэта спроба дапамагчы Уладзіміру Пуціну і адцягнуць увагу ўкраінскага камандавання на той напрамак, але Лукашэнка мае прагназаваць наступствы правакацыяў.

На думку Івана Ступака, начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі Павел Муравейка мог інспіраваць гісторыю з беспілотнікамі. Муравейку эксперт называе «адным з двух самых вялікіх расейскіх лабістаў сярод беларускіх сілавікоў». Дык магчыма, Муравейка хоча вымусіць Лукашэнку падцягнуць войскі да паўднёвых межаў Украіны, каб стварыць там новую напружанасць і бачнасць магчымага новага ўварвання ва Украіну, каб Украіна адвяла свае сілы з Курскай вобласці.
«Паводле стану на цяпер гэта выглядае як гульня, але гульня не Лукашэнкі, а Муравейкі, – лічыць Ступак. – Я думаю, што гэта гульня расейскіх сілавікоў разам з беларускім начальнікам Генштабу».
І гэтая гульня – покер, у якім блефуюць і чакаюць, хто першым міргне, працягвае эксперт. Калі Беларусь сцягне дадатковыя войскі да ўкраінскіх межаў, імавернасць новага ўварвання ўсё роўна застанецца блізкай да нуля. Дастатковых сілаў на ўварванне ў Беларусі няма, лішніх сілаў у Расеі няма, ва Украіны рэзервы ёсць. А ад паразы беларускага войска без падтрымкі расейскага Лукашэнка можа сам страціць уладу.
Сярод іншага Ступак пытае: а чаму падымалі ў тым ліку рэактыўныя сістэмы залпавага агню? Імі сабраліся перахопліваць ударныя беспілотнікі? Маўляў, яшчэ б каманду па валейболу выставілі на абарону ад дронаў. РСЗВ супраць дронаў не маюць эфектыўнасці.
Чытайце таксама: У трох вобласцях Расеі ўвялі рэжым КТО. Гэта як СВО, якая прыйшла на тэрыторыю агрэсара
Але вернемся да ўборачнай кампаніі
Іван Ступак заўважае, што Лукашэнка спрабуе дыстанцыявацца ад гісторыі з уварваннем у Курскую вобласць: толькі на пяты дзень нешта сказаў пра гэта, а як чалец Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі мусіў бы ў першыя гадзіны выступіць у абарону саюзніка. Ды не: займаўся аграрнымі пытаннямі.
Лукашэнка пасля прамовы пра дроны заявіў:
«Гэта лішні раз кажа аб тым, мужыкі, што нам трэба тут на зямлі працаваць, не складаючы рук, і даваць адпаведныя вынікі для таго, каб пазбегнуць таго, што адбываецца сёння ва Украіне».
Пасля гэтага ён расказаў аб «інтэрацыі» сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, паглынанні ў свой «холдынг» – Кіраўніцтва справамі прэзідэнта – аграхолдынгу «Купалаўскае» і прадпрыемстваў «Александрыйскае» і «Гарадзец». Затым паехаў размаўляць з жыхарамі Гарадзішча і глядзець машынны двор аграхолдынгу «Купалаўскае», казаў аб рамонце тэхнікі і вытворчай дысцыпліне.
Чытайце таксама: «Каб не выпраўляць беларускіх вайскоўцаў у Курскую вобласць». Латушка растлумачыў загад узмацніць мяжу з Украінай
Алесь Наваборскі, Руслан Ігнатовіч, «Белсат»