Лукашэнка памілаваў чарговых 30 палітвязняў. Папярэдняя хваля вызваленняў была прымеркаваная да 3 ліпеня – афіцыйнага Дня незалежнасці. Юрый Васкрасенскі кажа пра магчымае вызваленне тысячы палітзняволеных у абмен на скасаванне санкцыяў. Што ўсё гэта азначае і чаго чакаць далей? Ці можа рэжым адпусціць усіх асуджаных з палітычных матываў? Разбіраемся з экспертамі.
Чаму рэжым пачаў вызваляць палітвязняў?
Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік Святланы Ціханоўскай:
«Гэта не гуманізм, і ніякай адлігі ў Беларусі няма. Трэба глядзець на сітуацыю ў комплексе, а не на фрагменты. Дыктатар адных вызваляе, а новых саджае. ГУБАЗіК прама кажа, што яны вызвалілі месца наступным беларусам. Вызваляючы частку людзей цяпер, Лукашэнка дэманструе сваю сілу, і што ён гэта можа зрабіць».
Андрэй Ягораў, чалец Каардынацыйнай рады, палітолаг:
«Думаю, гэта найперш звязана з тым, што беларускі рэжым шукае павышэння ўласнай суб’ектнасці, нейкага апірышча, акрамя Расеі. Ён ізаляваны ад усіх, але разумее, што Расея, якая ратуе рэжым, у той жа час – пагроза для яго, і таму ў перспектыве магчымых трансфармацыяў, зменаў адносна Украіны Лукашэнка шукае іншыя апірышчы – у Кітаі найперш, але таксама спадзяецца ў нейкай ступені на ўзнаўленне дачыненняў ці прынамсі змяншэнне ізаляванасці з боку Еўразвязу, ЗША, заходняга свету ў цэлым».
Яўгенія Доўгая, стваральніца медыяініцыятывы «Палітвязынка»:
«Я перакананая, што гэта запрашэнне да перамоваў як еўрапейскіх, так і амерыканскіх палітыкаў».
Аляксей Лявончык, сузаснавальнік фондаў By_Help і BYSOL:
«Лукашэнка распачаў касметычную гульню, да якой яго прымусілі вонкавыя чыннікі, у першую чаргу – ціск Кітаю пры пасярэдніцтве Польшчы, якая пагражала закрыць мяжу. Тым самым яна перашкодзіла б кітайскаму праекту «Адзін пояс – адзін шлях».
Другі чыннік – развіццё падзеяў ва Украіне: фронт стаіць, украінцы лёгка зайшлі ў Курскую вобласць Расеі. Мяркую, у галаве Лукашэнкі ёсць думка, што яны гэтак жа лёгка могуць зайсці ў Гомельскую вобласць, і супраць іх ніхто ваяваць не будзе, бо гэтая вайна абсалютна не папулярная сярод беларускага грамадства, і нашая армія не падрыхтаваная.
І трэці чыннік – набліжэнне выбараў. Лукашэнка хоча перапрызначыць сябе і аднавіць сваю свабоду сядзець на двух крэслах, якую меў да 2020 года.
Падкрэслю: гэтая гульня касметычная, бо Лукашэнка вызваліў 80 чалавек, а пасадзіў у ліпені больш за сто, у жніўні таксама. Ніхто са знакавых палітвязняў не выйшаў. Калі б ён сапраўды хацеў паляпшэння стасункаў, людзі б выходзілі больш масава, спыніліся б пасадкі, на волі былі б Калеснікава, Знак, Пачобут. Але гэтага не адбываецца».
Вольга Лойка, галоўная рэдактарка медыяпраекту «План Б»:
«Я спадзяюся, што гэта сігнал Захаду аб гатовасці штосьці абмяркоўваць. І гэта добры момант, каб распачаць дыскусію».

Каго выпускаюць і хто можа выйсці на волю неўзабаве?
Латушка:
«Каго дыктатар захоча, таго і будзе вызваляць. На сёння ён дыктуе ўмовы. Вызваляюць пераважна тых, каму засталося некалькі месяцаў да сканчэння тэрміну пакарання, ці тых, у каго сур’ёзныя праблемы са здароўем. Але фактычна рэжым працягвае працаваць на злом нацыі. Гэта ў нейкім сэнсе генацыд, каб прапусціць праз канвеер рэпрэсіяў як мага больш беларусаў. На сёння не выглядае, што Лукашэнка плануе спыніць рэпрэсіі».
Доўгая:
«Я пакуль не магу зразумець логікі. Ёсць людзі з гуманітарнага спісу, мамы няпоўнагадовых дзяцей, а ёсць і тыя, якія не адносяцца ні да адной з катэгорыяў. Шмат тых, каму заставалася няшмат да сканчэння тэрміну, але ёсць і тыя, каму яшчэ доўга трэба было сядзець.
Магчыма, адпускаюць не самых небяспечных для рэжыму, ці прамацваюць глебу – што будзе пасля вызвалення, бо відаць, што ўлады асцярожнічаюць з тым, каб выпускаць людзей. Але не гэта галоўнае, а тое, што за чатыры гады справа нарэшце зрушылася. За апошнія два месяцы выйшлі каля 80 асобаў. Гэта вельмі добры вынік, і я лічу, што цяпер трэба зрабіць усё, каб працэс вызвалення ішоў далей».
Ягораў:
«Мы назіраем не адзінкавыя вызваленні, а пэўны працэс – адпускаюць групы людзей, і гэта адбывалася ўжо некалькі разоў, што адрозніваецца ад папярэдніх вызваленняў. Таму можам спадзявацца, што гэта будзе больш працяглы працэс.
Найперш трэба сказаць, каго рэжым не вызваляе, і з кім сітуацыя застаецца складаная: гэта знакавыя палітычныя лідары – як Бабарыка, Калеснікава, Статкевіч. Пакуль выглядае, што яны будуць вызваленыя апошнімі. Сёння больш увагі надаецца гуманітарнаму спісу і тым людзям, якія трапляюць пад фармальныя крытэры, якія існуюць нават у беларускай сістэме і дазваляюць прымяніць датэрміновае вызваленне пры пакаянні: гэта жанчыны, шматдзетныя людзі ці з малымі дзецьмі, хворыя».
Лявончык:
«Да нас даходзіць інфармацыя з калоніяў, як гэта адбываецца. Мы чуем пра кастынгі – прыязджаюць пракуроры і падбіраюць тых палітвязняў, якія мусяць выйсці. Гэта як латарэя.
Ёсць частка з гуманітарнага спісу, але іх меншасць. Яшчэ траціна – тыя, каму да канца тэрміну заставалася пару месяцаў. Яшчэ траціна – тыя, каму было шмат да канца тэрміну. Не ўсіх, хто пісаў прашэнне аб памілаванні, вызваляюць, гэтак жа, як і не ўсіх, хто не напісаў, пакідаюць сядзець. Нам вядома прынамсі пра дзесяць выпадкаў, калі людзі не пісалі прашэнняў, але іх вызвалілі. Думаю, тут кіруе вялікі рандом і рашэнні пракуратуры».
Лойка:
«Пакуль зразумелай тэндэнцыі мы не заўважылі. Большасць – тыя, каму заставалася сядзець каля года, але ёсць і тыя, каму заўважна больш. Таму выглядае, што калі няма выразнай логікі, то акно магчымасцяў пакуль адкрытае шмат для каго».

Ці можна чакаць, што адпусцяць усіх?
Латушка:
«Не варта чакаць – мы павінны рабіць усё, каб прымусіць Лукашэнку іх вызваліць. Нельга не прыняць пад увагу, што ён робіць гэтыя крокі пасля чэрвеньскага пакету санкцыяў ЕЗ, які з 1 кастрычніка ў значнай ступені гарманізуе санкцыі ў дачыненні рэжыму з санкцыямі адносна Расеі і ёсць моцным ціскам на рэжым. Нават вядомы прапагандыст у інтэрв’ю кажа, што рэжым гатовы выпускаць за адмену санкцыяў, прызнаючы факт іх уплыву».
Ягораў:
«Складана сказаць. Наўрад ці гэта можа адбыцца да гэтых выбараў без нейкіх сутнасных зрухаў у рэгіянальным вымярэнні і ў сітуацыі бяспекі, дзе галоўны фактар – вайна ва Украіне. Калі вайна ва Украіне дасягне стадыі перамоваў, спынення агню, то магчыма, у гэтай сітуацыі рэжым пачне больш актыўна шукаць выйсця з міжнароднай ізаляцыі, і тады мы можам пабачыць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных».
Доўгая:
«Калі-небудзь гэта адбудзецца, але не думаю, што адразу за адзін дзень. Улады таксама мусяць растлумачыць сваім прыхільнікам, чаму яны раптам выпускаюць тых, хто, як яны казалі, хістаў іхную краіну. Таму гэта будзе даволі асцярожны працэс. Але думаю, ёсць верагоднасць, што да канца 2025 года, да 2026 года выпусцяць усіх. І таксама да выбараў, думаю, выйдзе нейкая частка. Думаю, што лічбы, якія назваў Васкрасенскі пра 900 хадайніцтваў аб памілаванні, адпавядаюць рэчаіснасці.
Адпускаючы людзей, рэжым нібы запрашае да перамоваў. І тут важна ім даслаць сігнал, што мы гатовыя да дыскусіі, калі рэпрэсіі спыняцца. Гэтая тэндэнцыя мяне радуе. І людзям, якія сядзяць, тое, што некага адпускаюць, дае надзею, – што і яго, магчыма, хутка выпусцяць».
Лявончык:
«Не думаю, што Лукашэнка цяпер выпусціць усіх. У маім разуменні, ён аперуе не логікай, а эмоцыямі, бо ўсе гэтыя рэпрэсіі, якія цяпер адбываюцца, – эмацыйная рэч. Логіка рэпрэсіяў палягае на тым, што яны павінныя дасягнуць мінімальнага ўзроўню, каб выклікаць максімальны страх. Далей не трэба, інакш рызыкуеш стварыць сабе ўнутраных ворагаў. Рэпрэсіі ў Беларусі набралі маштабы, якія абсалютна не грунтуюцца на логіцы. І плану выйсця з гэтай сітуацыі няма.
Лукашэнка разумее, што палітзняволеныя – такі козыр, якога нельга выкідаць. І не будзе такога, што Лукашэнка за тое, каб вярнуць амбасадараў у Беларусь, выпусціць усіх. Максімум 20 чалавек, бо ў яго яшчэ ёсць вялікая праблема з санкцыямі. Ён будзе гандлявацца як тэрарыст – не адпускаць усіх, пакуль за іх можна штосьці выгандляваць. Калі Лукашэнка пабачыць, што ў ягоным кірунку пачнуцца нейкія крокі, – давай мы штосьці табе дамо, а ты іх выпусціш, – ён пачне яшчэ больш арыштоўваць, каб папоўніць абменны фонд».
,,Лойка:
«У перспектыве – безумоўна. Але пакуль трэба зыходзіць з таго, што акно магчымасцяў адкрытае, і з яго трэба дастаць як мага больш людзей, асабліва з тэрміновага гуманітарнага спісу, бо пакуль мы будзем весці дыскусію, акно можа закрыцца. І вайна, і выбары могуць моцна змяніць расклад, а людзям гэта важна проста цяпер».
Ці гатовыя Еўропа і дэмакратычныя сілы гандлявацца з Лукашэнкам?
Латушка:
«Заходнія партнёры кажуць адназначна, што санкцыі – за вайну, за саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны – будуць знятыя толькі тады, калі пераможа Украіна. Пакуль не спыняцца рэпрэсіі, нельга ставіць пытання аб адмене нейкіх санкцыяў, і трэба разумець, што санкцыі ўводзіліся з розных прычынаў.
Але мы спрыяем таму, каб людзі выходзілі на волю. Гэта можна параўнаць з вайной, калі спачатку трэба спыніць узаемныя абстрэлы, агонь, а пазней пачынаюцца перамовы. Трэба спыніць рэпрэсіі, а пасля пачынаць перамовы. Каманда НАУ ёсць той галоўнай у кантэксце санкцыяў камандай, якая імкнецца выпрацаваць пазіцыю, аргументы і выставіць іх рэжыму Лукашэнкі ў якасці нашых супольных з Захадам умоваў. Бо калі ў нас няма аргументаў, пазіцыі, няма чаго прад’явіць рэжыму, тады і няма перамоваў, няма сілы з нашага боку. Абменным "фондам" зараз шмат хто называе санкцыі. І называюць менавіта тыя, хто выступаў супраць працы каманды НАУ па стварэнні гэтага санкцыйнага "фонду"».
Ягораў:
«Думаю, беларускія дэмакратычныя сілы гатовыя ўдзельнічаць у перамовах. Пры наяўнасці розных падыходаў да вызвалення палітвязняў усе лічаць, што вызваленне людзей – адна з галоўных задачаў для дэмакратычных сілаў.
Некаторыя санкцыі маглі б быць знятыя ў абмен на вызваленне палітвязняў, напрыклад, тыя, што датычаць транспарту, шляхоў зносінаў, некаторыя эканамічныя санкцыі, паслабленні для беларускага прыватнага бізнесу. Ці будзе гэта – складана сказаць, бо пакуль агульная пазіцыя, што ўсе палітвязні павінны выйсці, каб санкцыйны рэжым пачалі пераглядаць. І трэба ўлічваць, што значная частка санкцыяў абумоўленая сітуацыяй бяспекі – міграцыйны крызіс, саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны, і гэта робіць пытанне вызвалення ў абмен на зняцце санкцыяў складаным. Але нягледзячы на гэта, я думаю, гэтае пытанне трэба ставіць на парадак дня».
Лявончык:
«Да словаў Васкрасенскага пра вызваленне палітвязняў не варта ставіцца сур’ёзна, аднак тое, што яму загадалі гэта заявіць, кажа пра тое, што ва ўладзе хтосьці зандуе, ці пойдзе Захад на зняцце санкцыяў у абмен на вызваленне палітзняволеных. Але калі Захад пойдзе на гэта, гэта будзе азначаць, што ён узнагародзіць Лукашэнку за тое, што той пасадзіў гэтых людзей і цяпер іх вызваляе. Захад на гэта не пойдзе. Яны ўжо бачылі паўторныя колы гандлю з дыктатарамі, якія ні да чаго не прыводзілі».
Доўгая:
«Я рада, што Офіс Ціханоўскай крыху змяніў рыторыку – тое, што яны раней казалі, што мы не гандлюем людзьмі. Але калі ў нас мэта выратаваць людзей, тым, хто ў калоніі, абсалютна ўсё роўна, як гэта будзе названа: гандаль ці неяк інакш.
Мне падаецца, цяпер вельмі важна, каб дэмакратычныя сілы паспрыялі таму, каб працэс пайшоў далей. Дзеля гэтага трэба выклікаць палітычную волю ў еўрапейцаў і амерыканцаў. Але падставай гандлю павінна быць спыненне рэпрэсіяў – гэта самае важнае, да чаго мы мусім прыйсці ў гэтай гісторыі.
Наконт санкцыяў: чаму б, напрыклад, не зняць санкцыі з «Белавія»? Так, гэта быў міжнародны тэрарызм. Але Пратасевіч на ўмоўнай волі, Сапега таксама. Людзі, якія праз іх трапілі за краты, цяпер могуць выйсці. А для беларусаў тое, што самалёты будуць лётаць, наадварот плюс – яны тады не паедуць у Расею. Ці чаму б не зрабіць нейкаму палітыку гуманітарны званок за Марыю Калеснікаву ці Паліну Шарэнду?»
Лойка:
«Еўропа і цяпер актыўна гандлюе з Лукашэнкам, у шмат якіх пазіцыях. Напрыклад, ёсць даволі вялікія пастаўкі з Польшчы – гэта адзін з буйных імпарцёраў. Датычна палітвязняў, я спадзяюся, што Еўропа гатовая да перамоваў, бо гаворка ідзе пра людзей, якія застаюцца сімваламі еўрапейскага выбару Беларусі. Калеснікаву, напрыклад, – яна сімвал не толькі для Беларусі, а для ўсёй Еўропы».

Чаго чакаць пасля выбараў 2025 года?
Ягораў:
«Нейкіх сутнасных зрухаў я б хутчэй чакаў да выбараў. Пакуль рэжым рыхтуецца, ён у тым ліку праз вызваленне палітвязняў спрабуе дамагчыся больш лаяльнага міжнароднага стаўлення. Але самі выбары будуць праходзіць у закрытым і даволі жорсткім рэжыме, каб не было сюрпрызаў, бо 2020 год дагэтуль застаецца пагрозай, і яны баяцца, што беларускае грамадства можа паўтарыць штосьці падобнае».

Лявончык:
«Будзе залежыць ад Кітаю, сітуацыі ва Украіне, пазіцыі Польшчы і ЕЗ адносна закрыцця мяжы з Беларуссю, наколькі санкцыі будуць працягваць біць – а яны б’юць, таму і пачаліся вызваленні. Наўрад ці штосьці зварухнецца знутры, бо вакол Лукашэнкі не засталося людзей, якія маглі б параіць яму змяніць кірунак».
Лойка:
«Гэта загадка, і я б сказала, што сюрпрызы могуць быць яшчэ да выбараў. Расклад мяняецца вельмі хутка».
Ганна Ганчар belsat.eu