Вярхоўная Рада Украіны ўзгадніла прызначэнне Андрэя Сібігі на пасаду міністра замежных спраў. Да гэтага ён займаў пасаду першага намесніка кіраўніка МЗС.
Былы міністар замежных спраў Дзмітрый Кулеба быў адпраўлены ў адстаўку неўзабаве пасля заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра «перазагрузку».
«Нам сёння патрэбна новая энергія, і гэтыя крокі звязаны з узмацненнем нашай краіны на розных напрамках. Міжнародная палітыка, дыпламатыя не будуць выключэннем», — сказаў Зяленскі.
Дзмітрый Кулеба — таленавіты дыпламат, які кіраваў МЗС Украіны з 2020 года. Цяпер яму ўсяго 43 гады. Яму публічна падзякаваў за працу кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазеп Барэль, а таксама міністарка замежных спраў Нямеччыны Аналена Бэрбок і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Андрэй Сібіга як дыпламат займаў пасады аташэ, дырэктара Дэпартамента консульскай службы МЗС, пасла Украіны ў Турцыі. З 2021 па 2024 год быў намеснікам кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ермака. З 2024 года быў першым намеснікам міністра замежных спраў Украіны.
Планы па «перазагрузцы ўрада» агучваліся яшчэ ў пачатку лета. Кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія анансаваў, што больш за 50 % штатнай колькасці Кабінета Міністраў зведаюць змены.
Яшчэ раней Уладзімір Зяленскі змяніў кіраўніка ЗСУ — на месца Валерыя Залужнага прыйшоў Аляксандр Сырскі.
Арсен Рудэнка belsat.eu