Камандуючы Унутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў пашырае свае сілы: пахваліўся «кузняй спецназаўскіх кадраў» і анансаваў новыя атрады. Прынамсі адзін з іх могуць рыхтаваць баевікі расейскай «групы Вагнэра».
Былы начальнік ГУБАЗіК, камандуючы Унутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў 4 верасня наведаў вайсковую частку 3214 – базу спецназу ў менскім Уруччы.
Паводле яго, гэтая частка «захоўвае статус кузні спецназаўскіх кадраў, самай магутнай і шматлікай брыгады ва Унутраных войсках». А праз «няпростую сітуацыю ў свеце і на межах краіны» ў дзейнасць часткі пастаянна ўносяць «сур’ёзныя змены», каб «аператыўна рэагаваць на любыя правакацыі».
Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (САХР, па-расейску СОБР) атрымаў статус цэнтру спецыяльнага прызначэння і цяпер адказвае за падрыхтоўку і службовае ўжыванне ўсіх 10 новых спецпадраздзяленняў і двух «добраахвотніцкіх атрадаў спецназу», расказалі ва Унутраных войсках.
Працу ў пашырэнні гэтага цэнтру працягваюць. Так, у бліжэйшы час плануюць стварыць асобныя атрады снайпераў і аператараў дронаў.
Снайпераў для Унутраных войскаў раней ужо рыхтавалі – і нават хваліліся, што гэтым займаюцца баевікі расейскай «групы Вагнэра». У лютым расказвалі, што трывае ўжо «шосты сезон» тактычна-спецыяльнага рыхтавання байцоў з удзелам інструктараў ПВК Вагнэра.

«Карпянкоўцы» ў Беларусі ўжываюцца ў палітычных рэпрэсіях, чым хваляцца самі сілавікі. Напрыклад, у аблавах у Жыткавічах і Петрыкаве за падпіскі на каналы, названыя «экстрэмісцкімі», браў удзел атрад спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў «Буран». Іншы такі атрад «карпянкоўцаў», «Тайфун», браў удзел у затрыманні жыхара Горадні за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў Карпянкоў палохаў беларусаў расейскімі баевікамі.
Карпянкоў таксама звяртае ўвагу на «вайскова-патрыятычнае выхаванне моладзі». У час візіту ў вайсковую частку ва Уруччы ён адзначыў «вайскова-патрыятычны клуб» пад назвай «Рысь» і тое, што ў частцы 3214 «праводзіцца самая вялікая колькасць зменаў летніх лагераў».
Вясной Карпянкоў аб’яднаў беларускія «вайскова-патрыятычныя клубы» ў фонд «Маладая гвардыя». Дзяцей, як паказалі на прэзентацыі фонду, навучылі рукапашнаму бою, зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава, стральбе з розных відаў зброі, кіраванню дронамі.
Алесь Наваборскі belsat.eu