навіны

Улады Бельгіі пачалі правяранне інфармацыі аб імаверных пастаўках «кітайскай» драўніны з Беларусі

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Marcin Rutkiewicz / Reporter / East News
podpis źródła zdjęcia

У жніўні «Белсат» паведамляў, што паводле нашых крыніцаў, падсанкцыйная беларуская драўніна знайшла новы шлях у ЕЗ: у абыход санкцыяў прадукцыя цяпер экспартуецца пад выглядам кітайскай. У бельгійскай мытні ў адказ на наш запыт паведамілі, што спраўджваюць гэтую інфармацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«На Кітай ціснуць цяжэй». Беларусь, падобна, знайшла новы спосаб абыходзіць санкцыі ЕЗ на драўніну

навіны

У сярэдзіне жніўня «Белсат» са спасылкаю на ўласную крыніцу напісаў, што беларускую драўніну пачалі пастаўляць у ЕЗ пад выглядам кітайскай. Раней, як выявіў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, гэтая прадукцыя афармлялася нібыта як казахская і кіргізская.


«Падобныя схемы сталі ўжывацца ў дачыненні беларускай прадукцыі метала- і дрэваапрацоўвання, але ўжо пад выглядам нібыта кітайскай вытворчасці. Тавар – пелеты, драўляныя домікі, металаканструкцыі – надалей вырабляюцца ў Беларусі, але, каб пазбегнуць санкцыяў, маркіруюцца кітайскімі таварамі і пастаўляюцца ў Еўразвяз», – паведаміла нашая крыніца.


Звесткі Еўрастату сведчаць пра рост у студзені – траўні сёлета паставак драўніны з Кітаю ў краіны ЕЗ сухапутнымі маршрутамі, і гэта ўскосна пацвярджае новую схему абыходу санкцыяў Беларуссю, улічваючы геаграфічнае становішча нашай краіны, якая не мае выхаду да мора.


Самыя буйныя пакупнікі кітайскай драўніны і вырабаў з яе, калі ўлічваць пастаўкі толькі сухапутнымі маршрутамі, — Польшча, Чэхія, Нідэрланды і Бельгія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

У бельгійскай мытнай службе на запыт «Белсату» адказалі, што ў дачыненні кітайскага імпарту ўжо распачатае правяранне. Адначасова ў ведамстве звярнулі ўвагу, што наменклатура гэтага імпарту адрозніваецца ад той прадукцыі, якая раней пастаўлялася з Беларусі:


«У імпарце з Кітаю маюцца не тыя вырабы дрэваапрацоўвання, што раней імпартаваліся з Беларусі».


У мытнай службе таксама запэўнілі, што пільна спраўджваюць краіну паходжання драўніны:


«Калі пасля правярання дакументаў у работніка ўзнікаюць сумневы ў сапраўдным паходжанні драўніны, ён можа звярнуцца ў лабараторыю мытнага і акцызнага кантролю, якая мае супрацу з ENFORCE – бельгійскім цэнтрам у судовай экспертызе драўніны. Галоўная яго задача – змаганне з нелегальным гандлем драўнінай».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: wirestock / Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: wirestock / Freepik
Belsat

Фірмы-пракладкі і адкрытая кантрабанда. Як Беларусь абыходзіць санкцыі

навіны

На запыт «Белсату» таксама адказала мытная служба Нідэрландаў. Там адмовіліся паведамляць, ці спраўдзяць кітайскі імпарт драўніны:


«Што датычыць правяранняў, то з тактычных меркаванняў мытная служба не робіць аніякіх заяваў».


Пры гэтым ва ўстанове прызналі магчымасць абыходу санкцыяў, бо выявіць такія факты складана:


«Ужываючы санкцыйныя захады, мытня таксама ўлічвае неабходнасць перадухілення абыходу. На падставе аналізу рызыкаў мытня спраўджвае дэкларацыі. На еўрапейскім узроўні мытня мае супрацу з Еўракамісіяй і іншымі дзяржавамі ЕЗ для абмену і аналізу інфармацыі аб магчымым абыходзе санкцыяў. Аднак на практыцы даказаць факт абыходу аказваецца няпроста, таму верагоднасць абыходу заўсёды застаецца».


Пра тое, наколькі пільна спраўджваецца паходжанне драўніны, якую купляюць Нідэрланды, у мытнай службе не адказалі, спаслаўшыся на «тактычныя меркаванні».


Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы, у функцыі якой улучаны мытны кантроль, у адказ на наш запыт запэўніла, што маніторыць імпарт драўніны і стала намагаецца супрацьдзеяць парушэнню санкцыяў, уведзеных супраць Беларусі і Расеі.


Службоўцы пільна спраўджваюць мытныя дэкларацыі, разлікі паміж удзельнікамі гандлёвай угоды, доказы паходжання тавараў, шукаюць прыкметы падробкі ў дакументах, прымаюць іншыя захады:

,,

«Мы аналізуем усю інфармацыю аб магчымым абыходзе санкцыяў, і ў выпадку імаверных парушэнняў кіраўнік Нацыянальнай падатковай адміністрацыі звяртаецца да міністра ўнутраных справаў з просьбаю аб абмежавальных захадах і ўлучэння ў санкцыйны пералік».


Ідзецца пра ўласныя санкцыі Польшчы, а не агульнаеўрапейскія. Такія рэстрыкцыі Варшава ўводзіць згодна з законам ад 2022 года за падтрыманне агрэсіі супраць Украіны і ў мэтах нацыянальнай бяспекі.


Мытная служба Чэхіі на запыт «Белсату» аб кітайскім імпарце драўніны не адказала.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10