Аляксандр Лукашэнка збіраў у сябе прапагандыстаў 29 жніўня, каб таемна абмеркаваць падрыхтоўку да выбараў 2025 года. Публічна ён казаў, што «валіць» на ягоную карысць не трэба, аднак рыхтуюцца маштабныя мерапрыемствы за грошы беларусаў, паведамляе «BELPOL».
«За кадрам засталося абмеркаванне новай прапагандысцкай акцыі "Марафон адзінства". Так-так, усё новае — гэта добра забытае старое. Бо нешта падобнае было ў перыяд выбараў 2006 года. Тады прапагандысцкае шоу называлася “ЗА Беларусь". Цяпер акцэнты змяніліся, і Лукашэнку важна паказаць згуртаванасць усіх вакол адзінага "лідара", якім ён бачыць выключна сябе", — піша «BELPOL».
«Марафон адзінства» — серыя мерапрыемстваў з 17 верасня 2024 года па 24 лютага 2025 года. Гэта значыць, што дата заканчэння — імаверна наступны дзень пасля прэзідэнцкіх «выбараў» 23 лютага 2025 года.
Паводле «BELPOL», 24 чэрвеня 2024 года Міністэрства культуры накіравала праект распараджэння «Аб стварэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2024-2025 гадах акцыі «Марафон адзінства». Гэта выкананне даручэння прэм'ера Рамана Галоўчанкі ад 20 чэрвеня 2024 года, якое мае грыф «Для службовага карыстання».
«У склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні акцыі "Марафон адзінства" увайшлі выключна знаёмыя і правераныя лукашысты», — працягвае «BELPOL».
Створана і спецыяльная рабочая група для марафону. Яе спіс узначальвае Ганна Сяргееўна Лукашэнка, жонка Дзмітрыя Лукашэнкі. Яна таксама ўваходзіць у аргкамітэт.
«Ганна Лукашэнка-Сялук адыгрывае тут вельмі важную ролю, бо кожны крок узгадняецца менавіта з ТАА "Музычная медыякампанія" [там Ганна з'яўляецца генеральным прадзюсарам. — Заўв. рэд.]. Усе канцэпцыі і эскізы мастацкага афармлення стартавага мерапрыемства, запланаванага на 17 верасня 2024 года ў "Менск-Арэна", дапрацоўка сімволікі акцыі з улікам рэгіянальных арнаментаў, канцэпцыя афармлення, а галоўнае, напаўненне акцыі — усё гэта пад кантролем Ганны Лукашэнкі-Сялук", — паведамляе «BELPOL».
Акрамя таго, «Музычная медыякампанія» распрацуе палажэнне аб правядзенні мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці сярод навучэнцаў.
«У цэлым размах прапагандысцкага шабашу будзе вялікім: адзіны перасоўны фудтрак з брэндаваным лагатыпам "акцыі", экскурсійнае наведванне знакавых рэгіянальных аб'ектаў усімі калектывамі, якія прыбылі, арганізацыя на прылеглай да месца правядзення акцыі якаснага выязнога гандлю, натуральна, брэндаваны лагатыпам. Пры гэтым прапагандысцкаму апарату загадана арганізаваць шырокае асвятленне ўсяго, што звязана з дадзеным "мерапрыемствам".
Усё вышэйпаказанае будзе фінансавацца з кішэняў простых беларусаў, гэта значыць з дзяржаўнага бюджэту, і калі ўзнікне такая неабходнасць, будзе развязанае пытанне аб дадатковым фінансаванні асабістым распараджэннем Лукашэнкі», — рэзюмуе «BELPOL».
Арсен Рудэнка belsat.eu