Урад Расеі вырашыў правесці эксперымент у апрабацыі правілаў уезду ў Расею і выезду з яе: патрабаваць ад замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства біяметрычныя звесткі. Для грамадзянаў Беларусі ў праекце пастановы адразу зрабілі выключэнне.
Пакуль ідэя на стадыі праекту – тэкст праекту апублікаваны на Федэральным партале праектаў праўных актаў. Пад біяметрычнымі звесткамі, імаверна, маюцца на ўвазе адбіткі пальцаў.
Згодна праекту, ад 1 снежня 2024 года да 30 чэрвеня 2026 года ў некаторых пунктах пропуску праз расейскую мяжу будуць збіраць біяметрычныя асабовыя звесткі «з мэтай фармавання лічбавага профілю замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства». На наступным этапе задумалі патрабаваць з усіх замежнікаў здаваць біяметрычныя звесткі ў спецыяльнай праграме і падаваць заяву са сваімі звесткамі і мэтамі візіту.
Выключэнне ў праекце зрабілі для грамадзянаў Беларусі; дзяцей, маладзейшых за 6 гадоў; кіраўнікоў і працаўнікоў замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў, а таксама чальцоў іхных сем’яў; службовых асобаў міжнародных арганізацыяў (або акрэдытаваных у Расеі, або тых, хто едзе ў Расею ў сувязі са службовымі абавязкамі) і чальцоў іхных сем’яў; уласнікаў дыпламатычных пашпартоў (у складзе дэлегацыяў або ў сувязі са службовымі абавязкамі) і чальцоў іхных сем’яў; заменікам з дыпламатычнымі ці службовымі візамі.
Права на такія эксперыменты ўрад Расеі атрымаў ад Дзяржаўнай думы 23 ліпеня.
Расея не кантралюе часткі сваіх межаў. Украіна летам 2024 года акупавала частку Курскай вобласці і вядзе баі ў частках Белгарадскай вобласці Расеі. А Расея называе сваімі тэрыторыямі часткі Украіны – як акупаваныя ў 2014 і 2022 гадах, так і тыя, якія заваяваць не ўдалося.
Алесь Наваборскі belsat.eu