навіны

Беларус, якому Швецыя адмовіла ў палітычным прытулку, вярнуўся на радзіму і быў затрыманы

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: novynarnia.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: novynarnia.com
podpis źródła zdjęcia

Грамадзянін Беларусі, не атрымаўшы палітычнага прытулку ў Швецыі, мусіў вярнуцца ў Беларусь, дзе быў затрыманы. Зараз ён знаходзіцца ў менскім СІЗА.


Згодна з паведамленнем выдання «Sveriges Radio», мужчына два гады таму прыехаў у Швецыю разам з маці і папрасіў палітычнага прытулку, бо яны разам бралі ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
 

У дакументах, якія беларус перадаў разам з маці ў Міграцыйную службу, адзначаецца, што супраць іх на радзіме была распачатая крымінальная справа.

У той жа час выданне гаворыць, што ў мінулым годзе іхныя заявы аб наданні прытулку былі адхіленыя, а тыдзень таму беларусаў павінны былі выслаць з Швецыі на радзіму.
 

Паводле выдання, мужчына быў затрыманы непасрэдна на мяжы і адпраўлены ў менскі следчы ізалятар. Прычыны затрымання і выстаўленыя абвінавачанні пакуль невядомыя. Інфармацыю аб затрыманні стала вядомай са словаў сваякоў мужчыны. Пра лёс жанчыны пакуль нічога не вядома. 

На думку адваката Стэфана Крсціча, які прадстаўляў інтарэсы некаторых беларусаў у справе надання палітычнага прытулку ў Швецыі, многія з іх сталі ахвярамі таго, што шведская Міграцыйная служба ацэньвала іхныя справы згодна са старой і неактуальнай інфармацыяй:
 

«На маю думку, шмат хто апынуўся ў цяжкім становішчы. Іхныя справы разглядаліся згодна са старымі звесткамі, паводле якіх сцвярджалася, што праблемы абмяжоўваюцца 2020 годам і што няма прыкметаў сістэматычнага пераследу апазіцыйных асоб, як паказана ў новай інфармацыі».

Яшчэ адна гісторыя пра дэпартацыю са Швецыі


Радыё «Свабода» даведалася пра падобны выпадак – магчыма, з той жа сям’ёй. Паводле выдання, сям’ю беларусаў, маці і сына, дэпартавалі са Швецыі ў Беларусь 21 жніўня. Цяпер тое самае пагражае яшчэ аднаму чалавеку з гэтай сям’і. Яна павінна выехаць са Швецыі да 3 верасня. Бацька і муж дэпартаваных памёр за кратамі ў Беларусі.


Беларусы сцвярджаюць, што хадзілі на пратэсты 2020 года ўсёй сям’ёй, маці атрымала штраф, але абыходзілася без затрыманняў. Ды восенню 2022 года бацька не вярнуўся дамоў з працы – знайшоўся ў следчым ізалятары з крымінальнай справай. Родных выклікалі на допыты, маці і сын вырашылі таемна з’ехаць з Беларусі, пазней за імі паехала дачка. Пераехалі яны ў Швецыю.


Бацьку асудзілі на тры гады пазбаўлення волі за «Масавыя беспарадкі», «Распальванне варожасці», «Абразу Лукашэнкі» і яшчэ два артыкулы. У жніўні 2023 года ён памёр за кратамі.


У Швецыі сям’я падала прашэнне аб прытулку. Паводле іх, дакументы прымалі неахвотна, бо сям’я прыехала па італьянскіх, а не шведскіх візах. У выніку ім адмовілі ў прытулку, маці і сына змясцілі ў спецыяльны лагер, а пасля дэпартавалі ў Беларусь праз Літву, на маці пры гэтым надзявалі кайданкі. Дачку, якой таксама адмовілі ў прытулку, абавязалі пакінуць Швецыю да 3 верасня.


У дэмакратычных сілаў шмат пытанняў


Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай, паведаміў «Свабодзе», што дэмакратычныя сілы сочаць за сітуацыяй і спрабуюць высветліць акалічнасці справы – і будуць рабіць усё магчымае, каб такія сітуацыі не паўтараліся.


Пазней Офіс Ціханоўскай паведаміў медыям, што правёў некалькі раўндаў кансультацыяў, але «пакуль больш пытанняў, чым адказаў» адносна прычынаў і працэдуры дэпартацыі. Міграцыйнае агенцтва паведаміла шведскім медыям, што даведалася пра выпадак з медыяў, а цяпер пачынае перагляд ранейшых рашэнняў адносна беларусаў.


«Наша ніва» знайшла прыкметы таго, што сям’я быццам бы палітвязня хлусіць, а мужчына мог заставацца на волі, ды, падобна, сапраўды памёр. Былы турэмны лекар Васіль Завадскі пацвердзіў «Нашай ніве» і «Медыязоне», што пасведчанне аб смерці зняволенага фальшывае: бланк няправільны, а даведку выдалі нібы самому памерламу.


Раман Шавель, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10