Еўрапейскі Звяз 22 жніўня заклікаў беларускія ўлады забяспечыць зняволеных належнай медычнай дапамогай і вызваліць усіх палітычных вязняў. Пра гэта гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў.
Паводле яе, Еўразвяз прыняў «да ўвагі вызваленне некалькіх палітычных зняволеных у Беларусі, асуджаных за ўдзел у мірных пратэстах пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года». Таксама ў заяве звярнулі ўвагу на тое, што некаторыя з вызваленых зняволеных мелі патрэбу ў тэрміновай медычнай дапамозе, і заклікаў улады забяспечыць усіх зняволеных належнай медычнай дапамогай.
У сваёй заяве Еўразвяз надалей заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, якія «часта ўтрымліваюцца ва ўмовах, што пагражаюць жыццю». Стана нагадаў, што ў Беларусі больш як 1300 палітвязняў, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Максім Знак і Віктар Бабарыка, якія больш як 18 месяцаў пазбаўленыя кантактаў з вонкавым светам.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падзякавала Еўразвязу за заяву ў сацсетцы Х:
«Мы ўдзячныя Еўразвязу за пастаяннае падтрыманне народу Беларусі. Хоць кожнае вызваленне – гэта палягчэнне, але ўсё яшчэ шмат людзей надалей знаходзяцца пад вартай, а рэпрэсіі працягваюць узмацняцца. Нашае змаганне не скончыцца, пакуль усе палітычныя зняволеныя не будуць вызваленыя, а ў дэмакратычнай Беларусі не будзе адноўленая справядлівасць».
16 жніўня Аляксандр Лукашэнка памілаваў 30 палітвязняў, падпісаўшы адпаведны ўказ. Пад дзеянне гэтага ўказу трапілі 14 жанчын і 16 мужчын. Прозвішчы часткі з іх ужо вядомыя, некаторыя – пакуль у сакрэце, бо праваабаронцы захоўваюць інфармацыйную цішыню і не апублічваюць прозвішчы астатніх вызваленых, клапоцячыся пра іхную бяспеку. У той жа час ёсць пытанні, чаму ў спіс на вызваленне трапляюць менавіта гэтыя асобы.
Якуб Хруст, «Белсат»