Сеў у турму за тое, што дапамагаў беларусам згадаць пра сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
Як дакладна заўважыў Сяргей Навумчык, Паўла Белавуса абвінавачваюць у дзвюх рэчах: развіцці беларускай нацыянальнай ідэі ды імкненні змяніць уладу, якая была варожаю ўсяму беларускаму.
Павел Белавус. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
І таму абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве выглядае цалкам лагічна, але ёсць нюанс. Фактычна гаворка ідзе не пра здраду Беларусі, а пра здраду Расеі. Успомніце, як некалькі гадоў таму ў Расеі прынялі закон аб крымінальнай адказнасці за заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласці. Тым, хто мог бы звярнуцца да нацыяў РФ з заклікам рэалізаваць сваё права на самавызначэнне, прыгразілі турмой. Па сутнасці, гэта быў закон аб крымінальнай адказнасці за сепаратызм. Гэта лагічна для каланіяльнай краіны: забараняць народам калоніяў нават услых казаць пра нейкую там незалежнасць. Тое, што для нацыі – права на самавызначэнне, для каланізатара – сепаратызм.
Называць Паўла Белавуса палітычным зняволеным – гэта ўсё ж такі недаацэньваць ягоны ўклад. Павел – змагар за свабоду беларусаў, і гэта ў апошнія 200 гадоў аўтаматычна азначае выступ супраць каланіяльнай улады Расеі. Павел сеў у турму за тое, што дапамагаў беларусам згадаць пра сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
Здавалася, што можа быць небяспечнага для велізарнай вайсковай машыны Расеі ў бяскрыўднай краме вышыванак і кубкаў з нацыянальнай сімволікай?
Ды такая ж небяспека, як у магчымасці выступаць у судах на роднай мове. Дазволіць чытаць законы на нашай мове. Небяспечна дазваляць гаварыць на працы на нашай мове. Небяспечна дазволіць атрымліваць адукацыю на нашай мове.
Усвядоміць сябе каланізаванай нацыяй будзе крыўдна для шмат якіх беларусаў. Бо гадамі мы лічылі, што мы еўрапейская краіна, высокаадукаваны народ, толькі кіраўнік у нас няўдалы. А як зменіцца кіраўнік, адразу зажывём.
Крама Symbal.by. (Фота: Белсат)
Жыць з каланізаванай свядомасцю можа нават быць зручна да нейкага часу. Казаць сабе, што добра ўладкаваліся, бо газ і нафту атрымліваем па льготных цэнах. Але толькі датуль, дакуль каланізатары не адправяць на вайну душыць паўстанне ў іншай былой калоніі. Пакуль каланізатар не ўбачыць у пратэстах супраць фальшывых выбараў імкненне калоніі аддзяліцца і не дапаможа расправіцца з імі. Для Расеі спроба скінуць уладу Лукашэнкі ў 2020-м – гэта сепаратызм.
На жаль, як мы ўсе ўбачылі ў 2022-м, галоўная пагроза для жыцця і свабоды беларусаў – гэта не Лукашэнка, а Расея. І галоўны саюзнік Расеі ў гэтым пытанні не Лукашэнка, а каланізаваная свядомасць некалькіх мільёнаў беларусаў. Якія – у выніку дзесяцігоддзяў палітыкі русіфікацыі – ужо не ўсведамляюць сябе асобным народам, не маюць нацыянальнай ідэнтычнасці, а адчуваюць сябе ці то спадкаемцамі Савецкага Саюзу, ці то часткай трыадзінага славянства.
,,
Мне здаецца, Павел Белавус разумеў гэта. І таму ягоная праца палягала ў напаміне пра нацыянальную ідэнтычнасць тым беларусам, якія забыліся пра яе за апошнія 200 гадоў. Ён не змешваў кактэйляў Молатава, а прадаваў вышыванкі.
Як бачым з абвінавачвання, кубкі і кашулі з нацыянальнай сімволікай падаліся каланізатарам больш небяспечнымі за ўзброеныя напады на акупантаў. Смешна чытаць абвінавачванне ў атрыманні еўрапейскіх грантаў на $ 40–50 тыс., калі параўнаць гэта з дзясяткамі мільёнаў долараў для «Russia Today». Самая маштабная прапагандысцкая машына ў свеце з мільённымі бюджэтамі не вытрымала канкурэнцыі з адным уладальнікам невялікай крамы нацыянальнай сімволікі. Чаму?
Калі чалавек хлусіць, гэта адбіваецца на фізіялагічным узроўні дзясяткамі паказнікаў: пульс, пот, зрэнкі, жэсты. Гэтыя паказнікі вымяральныя, яны фіксуюцца дэтэктарам хлусні і заўважаюцца людзьмі, чыя праца заключаецца ў тым, каб распазнаваць хлусню, напрыклад банкірамі і мытнікамі. Усе мы ў рознай ступені надзеленыя здольнасцю адрозніваць праўду ад хлусні – гэта тое, якімі мы створаныя. Таму казаць праўду нягледзячы на рызыку смерці – заўсёды было самай небяспечнай зброяй.
І таму нават валодаючы мільярднымі бюджэтамі, ядравай зброяй і мільёнамі мабілізаваных – Расея зазнае паразу ў гэтай вайне. Бо ніякія мільёны долараў не здольныя зрабіць праўду з хлусні. Вызваліць беларусаў з турмаў можа толькі параза Расеі.