Меркаваннi

Даведка пра несудзімасць – як камень спатыкнення для беларусаў

Ілюстрацыйны здымак. (Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum)
Ілюстрацыйны здымак. (Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum)
podpis źródła zdjęcia

У Менску банкрутуюць таксапаркі, а ў Варшаве наадварот патрэбныя кіроўцы

Кожны дзень, не аддзяляючы выходныя ад будняў, на вуліцы Варшавы выязджаюць тысячы машынаў таксі, аўтобусаў, іншых відаў гарадскога пасажырскага транспарту. Найбольш папулярная ў аматараў стырна і руху з ветрыкам праца – гэта, канечне ж, таксі.
Ілюстрацыйны здымак. (Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum)
Ілюстрацыйны здымак. (Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum)
Асобы самых розных нацыянальнасцяў, хлопцы і зусім маладыя дзяўчаты, мужчыны і жанчыны ідуць працаваць туды, дзе можна і зарабіць нармальна, і з безліччу людзей пазнаёміцца. Досвед не патрабуецца. Па-першае, канешне, трэба змяніць правы кіравання з беларускіх на польскія, альбо адвучыцца на курсах (каля 1000 долараў), аплаціць паслугі медкамісіі, атрымаць даведку аб несудзімасці з польскага рэгістру – і ў шлях. Чэргаў у чаканні вольных месцаў няма.
Не скажу, што гэта праца вельмі папулярная сярод беларусаў. Але для іх усяго вышэй пералічанага мала. Больш за тое: самае істотнае і самае цяжкадасягальнае – гэта даведка аб несудзімасці з краіны паходжання. У адпаведнасці з Законам аб аўтамабільным транспарце, акрамя даведкі з нацыянальнага рэгістру судзімасцяў асобам, якія не з’яўляюцца грамадзянамі дзяржавы-чальца Еўрапейскага звязу, трэба яшчэ не мець праблемаў з законам на радзіме. Неабходнасць гэтага тлумачыцца забеспячэннем бяспекі людзей, якія наведваюць польскую сталіцу, і саміх жыхароў Варшавы. Патрабаванне рэзоннае. Пасажыр мусіць быць упэўнены, што сеў у машыну не да нейкага маньяка, за якім на радзіме цягнецца шлейф крымінальных «подзвігаў», а да адэкватнага, спраўджанага чалавека. 20 лістапада 2023 года сталічны офіс Варшавы размясціў на сваім сайце паведамленне пра неабходнасць прадстаўлення такой даведкі. І калі цягам наступных месяцаў гэта было не так строга, то ад 1 чэрвеня без яе на працу проста не бяруць.
Падобныя даведкі – не праблема для людзей амаль з усяго свету. Толькі не для беларусаў. Сама працэдура – не складаная. Калі не маеш магчымасці асабіста з’явіцца ў органы Унутраных справаў Рэспублікі Беларусь, то можаш гэта зрабіць з дапамогаю натарыяльна замацаванай даверанасці на атрымальніка. А можна яшчэ прасцей: на сайце Амбасады Рэспублікі Беларусь у Польшчы размешчана інфармацыя аб гэтым. Запаўняеш заяву, падаеш асабіста, плаціш збор 50 еўраў і праз два-тры тыдні будзеш мець такую даведку. Але ж загвоздка ў чым. Паняцце крымінальнай адказнасці ў Беларусі і ў абсалютнай большасці краінаў свету, дзе няма палітычнага пераследу, абсалютна розная. Акрамя фізічнага гвалту супраць асобы альбо яе маёмасці, карупцыі ці ашуканства, што абсалютна справядліва караецца ўсюды, у беларускіх уладаў свой закон. Там і крымінальны пераслед за крыўды чыноўнікаў, міліцыянтаў, суддзяў, «лайкі», перапосты. Таму, трэба вельмі падумаць, перш чым выдаткоўваць зусім не лішнія 50 еўраў, якія ў выніку і табе не дапамогуць, і пойдуць на ўтрыманне беларускага рэжыму. А галоўнае – не вернуцца.
Сам выхад на вуліцу падчас пратэстаў – гэта ўжо крымінальны пераслед. Фотаздымак на тле натоўпу народу, партрэт у бел-чырвона-белых колерах ці нацыянальным строі – да адказнасці. Усё гэта аўтаматычна становіцца злачынствам. Цікава, што справу могуць завесці так, што ты пра гэта і ведаць не будзеш. Без суда і следства, як кажуць. Бяру сябе. Выязджаў з Беларусі амаль чатыры гады таму – аніякага крымінальнага пераследу не было. Зараз праз свайго былога калегу, які цяпер працуе ў той сістэме і мае доступ да базы правапарушэнняў, даведваюся, што на мяне справа ўжо заведзеная. Значыць, рухацца ў напрамку атрымання такой даведкі ўжо няма сэнсу. Як сумна жартуе жонка, цябе з-за аднаго прозвішча ў базу ўнясуць. А за шматгадовую працу на «экстрэмісцкім канале» – і пагатоў.
Можна было б звярнуцца да беларускіх палітыкаў за мяжой, якія ўваходныя ў высокія кабінеты з просьбай узняць гэтае пытанне. Але з іншага боку, з якой нагоды польскія ўлады мусяць ствараць прэцэдэнт менавіта для беларусаў?
З кіраўніком Беларускага дому ў Варшаве Алесем Зарэмбюком наважыліся скласці ліст-зварот, у якім падрабязна патлумачылі, што з палітычных прычынаў у Беларусі хутка ці не кожны будзе мець крымінальную справу. І нельга параўноўваць законы цывілізаваных краінаў і Беларусі. Але пакуль патрабаванні агульныя для ўсіх іншаземцаў, якія не паходзяць з краінаў Еўразвязу. Можа быць толькі ў Варшаве такое, задаўся я пытаннем і звярнуўся ў офіс таксі лагістычнай групы «Avalon». Старэйшая спецыялістка Іна Бурым праз электронную пошту распавяла, што цяпер у Польшчы кожныя гарадскія ўлады патрабуюць наяўнасць даведкі аб некаральнасці з краю паходжання кандыдата. І гэта распаўсюджваецца на ўсе працы, звязаныя з перавозкай людзей. Патрабаванне непахіснае.
Вось так, калі ў Менску банкрутуюць таксапаркі, а ў Варшаве наадварот патрэбныя кіроўцы, асабліва пасля таго, як увялі правілы абавязковай наяўнасці польскіх правоў на кіраванне аўтамабілем, беларусы і хацелі б дапамагчы, але не могуць. Бо, абʼектыўна, колькі нас тут гэтак званых «нейтральных», то бок, абсалютна аніяк не «вінаватых» перад рэжымам. Асабліва сярод тых, хто з’ехаў вымушана пасля 2020 года. Бачачы і ведаючы, якое бязмежжа робіцца на Радзіме, вельмі цяжка пазбегнуць нейкага каментара ў інтэрнэце, альбо звычайнай згоды з аднадумцам праз «лайк». Ці, усёй душою падтрымліваючы Украіну, хочаш-не хочаш, а назавеш Расею ворагам і агрэсарам. Ды проста дастаткова публічна адобрыць абсалютна справядлівыя санкцыі. А гэта ўсё ўжо трапляе на аловак створаным у карных органах шматлікім групам сачэння. Таму тут не праходзіць неапраўданая рызыка проста так развітацца з 50 еўрамі, маўляў, ай, у вір з галавою, пан, альбо прапаў.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10