Зняволенага Юрыя Зянковіча судзяць за абразу мядзельскіх міліцыянтаў
28.12.2022, 21:38
Менскі абласны суд пачаў разгляд «справы аб дзяржперавароце». На фота – Юрась Зянковіч. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года. (Фота: БелТА)
podpis źródła zdjęcia
Асуджанага ў «справе аб дзяржперавароце» Юрася Зянковіча судзяць за абразу мядзельскіх міліцыянтаў. Пра гэта паведамляе дзяржаўная газета «Мінская праўда».
Менскі абласны суд пачаў разгляд «справы аб дзяржперавароце». На фота – Юрась Зянковіч. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года. (Фота: БелТА)
27 снежня ў судзе Мядзельскага раёну пачалі разглядаць чарговую справу супраць Юрася Зянковіча. 28 снежня паказанні ў судзе давалі міліцыянты з Мядзельскага раёну, якія праходзяць у справе «пацярпелымі».
Паводле крымінальнай справы, «Зянковіч у 2020–2021 гадах неаднаразова з пачуцця помсты ад свайго імя пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім». Следчыя лічаць, што Юрась Зянковіч намагаўся падаць міліцыянтаў Мядзельскага раёну ў непрывабным святле. Сярод пацярпелых – тры асобы.
Суддзя Аляксандр Шутко зрабіў працэс закрытым.
Юрась Зянковіч. (Фота: Юрась Зянковіч / Facebook)
2 верасня Зянковіча асудзілі ў «справе аб дзяржперавароце» да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца ды палітолаг Аляксандр Фядута і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – ім прысудзілі па 10 гадоў кожнаму. Фядуту, Кастусёва і Зянковіча прызналі вінаватымі ў «змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам».
Юрась Зянковіч – юрыст, з 2007 года жыў у Злучаных Штатах Амерыкі, куды пераехаў разам з бацькамі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Як дэпутат дабіўся, каб у Ждановічах з’явілася вуліца Васіля Быкава.
У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Фордэмскім універсітэце (Fordham University School of Law), стаў адвакатам, займаўся справамі міграцыі. Зянковіч мае грамадзянствы Беларусі і ЗША. Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, у тым ліку ў Менску, стала жыў у Г’юстане. Пастаянна наведваў Беларусь, нават набыў тут нерухомасць у Мядзельскім раёне. Спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў аб прэзідэнцкіх амбіцыях. Хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, але прайграў Аляксею Янукевічу. Падчас пратэстаў у жніўні 2020-га быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУСу, трымаў там галадаванне пратэсту.