навіны

Чаму расейскія шагэды цяпер лётаюць праз Беларусь?

У ноч на 2 сакавіка ў адным з жылых раёнаў Адэсы падчас расейскае атакі дронамі тыпу «Шагэд» адбылося траплянне ў жылы дом. У выніку ўдару была абрушаная частка дому, загінулі 12 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года. (Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат)
У ноч на 2 сакавіка ў адным з жылых раёнаў Адэсы падчас расейскае атакі дронамі тыпу «Шагэд» адбылося траплянне ў жылы дом. У выніку ўдару была абрушаная частка дому, загінулі 12 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года. (Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Расейскі дрон-камікадзэ «падарожнічаў» у Магілёў, у горадзе гучалі сірэны.

Апошнім часам пачасціліся выпадкі выкарыстання паветранай прасторы Беларусі падчас расейскіх атак на Украіну. 16 ліпеня ў беларускім небе з’явіліся мінімум два расейскія дроны-камікадзэ «Shahed», прычым адзін з іх даляцеў ажно да Магілёва і, як паведаміў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн», разбіўся за 55 км ад гораду Бабруйску. Разбіраемся, што гэта можа значыць.
У ноч на 2 сакавіка ў адным з жылых раёнаў Адэсы падчас расейскае атакі дронамі тыпу «Шагэд» адбылося траплянне ў жылы дом. У выніку ўдару была абрушаная частка дому, загінулі 12 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года. (Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат)
У ноч на 2 сакавіка ў адным з жылых раёнаў Адэсы падчас расейскае атакі дронамі тыпу «Шагэд» адбылося траплянне ў жылы дом. У выніку ўдару была абрушаная частка дому, загінулі 12 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года. (Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат)
Першыя сем месяцаў поўнамаштабнай вайны абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі адбываліся амаль рэгулярна. Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», усяго ў 2022 годзе з Беларусі ў бок Украіны было запушчана больш за 700 ракетаў. Таксама меліся звесткі пра тое, што з тэрыторыі Гомельскай вобласці восенню 2022-га запускалі дроны-камікадзэ. Аднак у кастрычніку 2022 году ўсе атакі спыніліся. З таго часу напады ўласна з Беларусі не фіксаваліся, а транзітнае выкарыстанне беларускай паветранай прасторы было рэдкасцю.
Апошнім часам выпадкі пачасціліся. Паводле ўкраінскага боку, 22 чэрвеня праз паветраную прастору Беларусі ляцелі ракеты, запушчаныя Расеяй па Украіне, а 5, 11, 13 і 16 ліпеня – дроны-камікадзэ.
Казаць, што гэтая з’ява зрабілася масавай, пакуль не выпадае, аднак пачынае вымалёўвацца пэўная тэндэнцыя. Прычым звяртаюць на сябе ўвагу дзве цікавыя акалічнасці.
Па-першае, гэта не прамыя ўдары расейскіх шагэдаў праз Беларусь. У большасці выпадкаў расейскія беспілотнікі «Shahed» спачатку ўваходзілі ў паветраную прастору Украіны, потым ляцелі ў Беларусь, а затым вярталіся ва Украіну.
Па-другое, мінімум у двух выпадках маршрут шагэдаў у Беларусі не мае аніякага сэнсу з пункту гледжання ваенных аперацыяў Расеі супраць Украіны.
Гэтак, 13 ліпеня, Расея запусціла з раёну Прыморска-Ахтарску (Краснадарскі край РФ) пяць ударных дронаў «Shahed-131/136»: чатыры з іх былі знішчаныя ўкраінскімі вайскоўцамі, а пяты выйшаў з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Гомельскай вобласці.
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
Паводле звестак «Беларускага Гаюна», расейскі шагэд праляцеў Гомель і Жлобін, увайшоў у Магілёўскую вобласць, а затым і ў Менскую, максімальна наблізіўшыся да Менску. Потым беспілотнік увайшоў у Віцебскую вобласць і, як мяркуецца, даляцеў ажно да Віцебску. Далейшы лёс расейскага шагэду невядомы: звестак пра знішчэнне або падзенне не было. Сумарна дрон-камікадзэ праляцеў над тэрыторыяй Беларусі больш за 350 км.
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
16 ліпеня расейскі шагэд заляцеў у Беларусь у кірунку Нароўлі, што ў Гомельскай вобласці, потым зайшоў у Магілёўскую вобласць, рухаўся на Бабруйск, Быхаў, Беразіно і далей на Магілёў. У Магілёве пасля гэтага было чуваць сірэны паветранай трывогі. Агулам БПЛА праляцеў над Беларуссю больш за 300 км, паведамляў «Беларускі Гаюн». Увечары маніторынгавы праект паведаміў, што шагед разбіўся за 55 км ад гораду Бабруйску і за 120 км ад мяжы з Украінай.
Каб зразумець, што адбываецца з шагэдамі ў Беларусі, спачатку трэба разабрацца ў тэхнічных асаблівасцях гэтых БПЛА.
Іранскія беспілотнікі «Shahed» (у Расеі іх называюць «Герань») сталі адным з ключавых інструментаў паветранай вайны супраць Украіны: яны масава выкарыстоўваюцца супраць аб’ектаў цывільнай інфраструктуры з восені 2022 года. «Shahed 136» можа несці да 40 кг выбухоўкі і біць па цэлях на адлегласці да 1000 км (афіцыйна – нават да 2000). Гэта досыць просты і танны апарат.
Першапачаткова шагэды былі «сляпыя»: лёталі толькі паводле загадзя вызначаных каардынатаў і не мелі зваротнай сувязі з аператарам. Прынцып: запусціў і забыўся. Расейцы ўвесь час стараліся займацца мадэрнізацыяй гэтых БПЛА. У тым ліку ёсць звесткі, што баявую частку на некаторых дронах павялічылі з 40 да 90 кг. Аднак у кантэксце залётаў шагэдаў у Беларусь прынцыпова важнай выступае іншая навацыя: дроны-камікадзэ цяпер не заўсёды «сляпыя». У некаторыя БПЛА ўмантавалі паўэрбэнкі, 4G-мадэмы з сім-картамі, а ў асобных выпадках – відэакамеры і блокі навігацыі DGPS.
Гэтыя «гаджэты» зрабілі шагэды яшчэ больш небяспечнымі для ўкраінцаў. Ва ўмовах якаснага пакрыцця тэрыторыі мабільным інтэрнэтам аператар дрона можа ў рэжыме рэальнага часу змяняць маршрут, уводзячы новыя каардынаты руху. Такім чынам, калі група дронаў трапляе пад супрацьдзеянне РЭБ і моцны агонь супрацьпаветранай абароны, расейцы могуць іх адразу перанакіраваць на іншы маршрут, на іншыя цэлі. Або пасля пэўных манеўраў БПЛА могуць вярнуцца для нанясення ўдару па першапачатковай цэлі, дачакаўшыся, напрыклад, таго, каб мабільная група СПА перамясцілася ў іншую лакацыю.
Раней авіяцыйны эксперт Багдан Далінцэ ў каментары «Белсату» зазначаў, што такія прасунутыя версіі «Shahed» не масавая з’ява. Аднак падобна на тое, што менавіта яны выкарыстоўваліся ў большасці выпадкаў «падарожжа» ў Беларусь.
З улікам гэтай тэхнічнай асаблівасці залёты шагэдаў на тэрыторыю Беларусі ў шэрагу выпадкаў выглядаюць цалкам лагічным ваенным манеўрам. Дроны-камікадзэ, імаверна, сутыкаюцца з моцным агнём СПА, таму змяняюць маршрут і пераходзяць у паветраную прастору Беларусі, дзе ўкраінцы не маюць магчымасці аператыўна адсачыць іх перасоўванне. А потым вяртаюцца ва Украіну зусім іншым кірункам, разлічваючы на фактар нечаканасці. Цяжка сказаць, наколькі гэтая тактыка эфектыўная на практыцы, але ў тэорыі яна выглядае абгрунтавана.
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 16 ліпеня каля 04:10 шагэд з паветранай прасторы Кіеўскай вобласці заляцеў у Беларусь у раёне вёскі Белая Сарока і рухаўся на поўнач, у кірунку Хойнікаў. Далей БПЛА здзейсніў паварот на паўднёвы ўсход і, абыходзячы Брагін, накіраваўся ў бок Камарына. А 5-й раніцы шагэд пакінуў Беларусь і вярнуўся на тэрыторыю Украіны, цяпер у Чарнігаўскую вобласць. Сумарна дрон-камікадзэ правёў на тэрыторыі беларускай краіны каля 50 хвілінаў і праляцеў не менш за 60 км.
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
Мапа, якую склала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». (Фота: Hajun_BY / Telegram)
Аналагічны шлях (толькі ў адваротным кірунку) шагэд прарабіў 11 ліпеня.
Разам з тым, маршрут шагэду 13 ліпеня (даляцеў да Віцебску) і яшчэ аднаго дрона-камікадзэ 16 ліпеня (дасягнуў Магілёва) цяжка растлумачыць. Тут у БПЛА або адбыўся тэхнічны збой, або аператар ненаўмысна пераблытаў каардынаты, або расейцы з незразумелай прычыны адмыслова «ганялі» дрон-камікадзэ па ўсёй краіне. У любым выпадку такое «падарожжа» шагэдаў над Беларуссю – рэч вельмі небяспечная. Па сутнасці, над галовамі беларусаў лётала магутная бомба, кіраванне якой, імаверна, на нейкім этапе было цалкам або часткова страчанае.
Цікава і тое, якой была рэакцыя беларускіх вайскоўцаў на гэтыя палёты. Калі расейскі дрон заляцеў у Беларусь 11 ліпеня, авіяцыю паднялі ў паветра адразу – імаверна, для падстрахоўкі. Падчас віцебскага «падарожжа» шагэда 13 ліпеня, калі верыць «Гаюну», авіяцыю паднялі паводле трывогі толькі праз дзве гадзіны. 16 ліпеня ў першым выпадку (маршрут Белая Сарока – Камарын) вылет беларускіх самалётаў не быў зафіксаваны. А ў выпадку магілёўскага «падарожжа», паводле звестак «Гаюна», авіяцыю паднялі ў паветра праз 35 хвілінаў. Чаму алгарытм дзеянняў быў розны – невядома.
Ці можа быць так, што Расея адмыслова актывізавала выкарыстанне беларускай паветранай прасторы, каб павысіць градус напружання паміж Менскам і Кіевам? Палітычны фактар выключаць нельга.
З аднаго боку, чым часцей падчас атак шагэды будуць карыстацца Беларуссю для манеўравання, тым вышэй імавернасць таго, што Украіна пачне збіваць расейскія паветраныя цэлі над беларускай тэрыторыяй.


,,

«Для Беларусі гэта не вельмі добрая гісторыя ў сэнсе яшчэ большага ўцягвання ў вайну, існуе пагроза падзення абломкаў, ракетаў, што не разарваліся», – тлумачыў раней у каментары «Белсату» былы добраахвотнік ЗСУ, спікер фракцыі «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе Андрэй Кушняроў.


Акрамя таго, з’явіцца спакуса пачаць выкарыстоўваць паветраную Беларусі для атак украінскіх беспілотнікаў на аб’екты на тэрыторыі Расеі. Такі транзіт таксама можа пацягнуць за сабою эскалацыю.
З іншага боку, на фоне тых масаваных ракетных абстрэлаў, што чыніліся з тэрыторыі Беларусі ў першыя сем месяцаў поўнамаштабнай вайны, цяперашнія залёты шагэдаў выглядаюць дробяззю. Калі б Расея імкнулася стварыць для Беларусі casus belli, то падрыхтавала б больш сур’ёзную правакацыю. Хіба што мэты Масквы былі вельмі абмежаваныя: не ствараць другі фронт, а проста панерваваць Менск і Кіеў.
Варта таксама ўлічваць, што для Масквы парушэнне чужой паветранай прасторы наагул не выглядае праблемай. Напрыклад, вядомы як мінімум адзін выпадак, калі расейцы білі па тэрыторыі Украіны праз паветраную прастору Малдовы, у сувязі з чым афіцыйны Кішынэў выказаў пратэст. З боку Расеі гэта не было наўмыснай правакацыяй – імаверна, расейскіх вайскоўцаў проста не надта турбавала рэакцыя Малдовы. У выпадку з рэжымам Лукашэнкі – фактычнага хаўрусніка Масквы – расейцы не рызыкавалі атрымаць нават дыпламатычную ноту пратэсту.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10