Распальванне міжрэгіянальнай варожасці. На польска-беларускай мяжы – абразы на адрас берасцейцаў і бойкі
навіны

Распальванне міжрэгіянальнай варожасці. На польска-беларускай мяжы – абразы на адрас берасцейцаў і бойкі

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

«Як так можна, што робіцца з людзьмі?!»

Жарсці ў чэргах на мяжы абвастраюцца, даходзіць да боек, разбітых аўтамабільных люстэркаў і, імаверна, ужывання слёзатачывага газу. Нервы здаюць праз доўгае чаканне і «ўлезуноў» – пераважна, як пішуць у Telegram-чатах, машынаў з нумарамі Берасцейскай вобласці. Падарожнікі не шкадуюць абразаў на адрас жыхароў гэтага рэгіёну.
Бойка на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 25 ліпеня 2024 года. (Скрыншот: granica_bypl/ Telegram)
Бойка на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 25 ліпеня 2024 года. (Скрыншот: granica_bypl/ Telegram)
Жарсці кіпяць на мяжы і ў Telegram-чатах, дзе абмяркоўваюць сітуацыю ў памежжы. Надоечы ў Тэрэспалі адбылося некалькі боек з удзелам «улезуноў» і тых, хто чаргу ад іх абараняе. З апублікаваных відэазапісаў вынікае, што на адной машыне меркаванага парушальніка разбілі бакавое люстэрка, а ў самога мужчыну пырснулі з газавага балончыка.
Не сакрэт, што жыхары прымежных рэгіёнаў зарабляюць на мяжы: возяць тое-сёе, у тым ліку паліва ў баках аўтаў, на продаж. І такі бізнес не будзе мець сэнсу, калі сумленна стаяць у чарзе, як усе людзі, – гэта доўга, а неблагі прыбытак можна атрымаць, калі мінаць мяжу хутка. І такія гандляры (у чатах іх пераважна называюць нецэнзурнымі словамі) пакідаюць адно аднаму месцы ў чарзе: калі чарга пачынае рухацца, такія памагатыя не падсоўваюцца следам, а застаюцца на месцы, ствараючы дзіркі. І вось у такія шчыліны бліжэй да пункту пропуску заязджаюць «улезуны», бадзёра праносячыся міма тых, хто сумленна чакае.
У чатах пішуць, што такія прадпрымальнікі на берасцейскіх аўтах з лічбай 1 на нумарах не толькі пускаюць сваіх, але і прапаноўваюць месцы ўсім ахвочым: € 100 – і можна падсунуцца. У выніку абражаюць не толькі прадаўцоў, але і карыстальнікаў гэтай паслугі.
Час ад часу парадак на месцы забяспечваюць польскія паліцэйскія і памежнікі, аднак самы эфектыўны метад, як сцвярджаюць падарожнікі, – самаарганізацыя і кантроль сіламі тых, хто сам стаіць у чарзе. Для такіх валанцёраў складаюць інструкцыі, заклікаючы натаваць пералік аўтаў, каб ніхто не ўціснуўся, і даюць парады, як правільна кідацца на капот, калі нахабнік усё ж намагаецца праехаць, нягледзячы на людскую перашкоду:


,,

«Проста станавіцеся спінаю да капота і, калі пачынае рухацца, падайце на капот, выстаўляючы локці. На легкавіку пакінеце дзве ўвагнутасці. Пасля гэтага жаданне давіць знікне».


На пытанні ў чатах кшталту «ніхто не ведае, чаму ўжо гадзіну зусім не рушымся?» часта адказваюць: «Не будзеце спыняць “улезуноў”, яшчэ доўга будзеце стаяць».
Бойка на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 25 ліпеня 2024 года. (Скрыншот: granica_bypl/ Telegram)
Бойка на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 25 ліпеня 2024 года. (Скрыншот: granica_bypl/ Telegram)
Відэа тузаніны на мяжы выклікала багата каментароў:
«Як так можна, што робіцца з людзьмі?!»
«Ганьба нацыі».
«Наступным разам не толькі люстэркі паляцяць, і твар будзе разбіты, і шыны парэзаныя».
«Камень у лабавое, невыгодна будзе ездзіць».
«Фатаграфуйце нахабнікаў – герояў мусяць ведаць у твар».
«Каардынуйцеся, не сядзіце ў машынах, разам мы можам зрабіць бізнес пеўняў стратным».
«Хутка яны пойдуць у бой праз грошы, вы перакрываеце іхны заробак».
«Большасць “улезуноў” – першы рэгіён, большасць тых, хто прадае чаргу, – першы рэгіён. Вы сваім прыкладам паказваеце, што астатнія для вас – пыл, пытанне: чаго вы чакаеце, чалавечнага стаўлення? Вашыя паводзіны на мяжы з боку Польшчы – мне сорамна за нас, лезеце ў бойкі, людзей давіце, казкі расказваеце. Усім нялёгка, стой, як усе, будзь падобны да чалавека».
«У чарзе каля 300 машынаў, і нават калі ўсе “ўлезуны” з першага рэгіёну, гэта менш за 0,1 % жыхароў Берасця. Навошта абражаць усіх? Вы распальваеце? І спробы пагардлівых выказванняў “карэнных сталічных” – гэта добрае апраўданне паводзінаў некаторых на мяжы».
«Ніхто не кажа пра нармальных хлопцаў з першага рэгіёну, стаяць, дзяжураць і дапамагаюць».
«Усім нармальным хлопцам на першым рэгіёне, якія сумленна стаяць у чарзе, – рэспект!»
«Усім удачы на мяжы. Беражыце сябе і заставайцеся людзьмі».
Адзін з падарожнікаў напісаў сапраўдны маніфест, заявіўшы, што калі не закідаць усе інстанцыі скаргамі, праблема не развяжацца:
«Народ у чарзе раз’яднаны, не інфармаваны, малаініцыятыўны, запужаны, абыякавы. “Улезуны” – арганізаваныя, інфармаваныя, сквапныя, без сумлення і без мазгоў (замяняе сквапнасць). Таму, акрамя допісаў у чат, неабходна знайсці сілы напісаць заяву ўва ўсе магчымыя інстанцыі. Нашая ўлада так упарадкаваная, што пакуль не будзе перавышаная крытычная маса абурэння і гневу, тое, што адбываецца, будзе справаю саміх тапельцаў. А калі будзе перманентны ціск на ўладу з боку неабыякавага народу, то развязанне можа быць знойдзенае на раз – два. Таму варта праявіць крыху актыўнасці і грамадзянскай адказнасці».
Чарга на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 26 ліпеня 2024 года. (Скрыншот: granica_bypl/ Telegram)
Чарга на польска-беларускай мяжы. Тэрэспаль, Польшча. 26 ліпеня 2024 года. (Скрыншот: granica_bypl/ Telegram)
Паводле звестак Памежнага камітэту Беларусі на вечар 26 ліпеня, у Берасці ў чарзе ў бок Польшчы было 300 легкавікоў. Напярэдадні ў чатах пісалі, што чакаць даводзіцца 25 гадзінаў. Шлях дадому – таксама пакутлівы, але хутчэйшы: каля 12–15 гадзінаў.
Аўтобусаў у чарзе ў пятніцу ўвечары было ўсяго 10, хаця тыя, хто ехаў раніцою або ў ноч на пятніцу, чакалі 14 гадзінаў.


,,

«Удзень польскі бок вельмі стараўся, працаваў дадатковы канал для аўтобусаў», – паведамілі падарожнікі.


Пасажыры таксама сведчылі, што кіроўцы аўтобусаў бліжэй да шлагбаума бралі на падсаджванне, каштавала гэта € 40.
Belsat

Пралка ў 2,6 разу даражэйшая, айфон – таннейшы. Кошты на побытавую тэхніку ў Беларусі і Польшчы

навіны
У Беларусь праз Тэрэспаль аўтобусам – шпаркі варыянт, усяго 5 гадзінаў, на цяперашнія часы нішто. Паводле падарожнікаў, польскія мытнікі багаж зусім не даглядалі.
У «Каменным Лозе» на мяжы з Літвою ўвечары было 140 легкавых машынаў. Тыя, хто мінуў мяжу напярэдадні, прачакалі ажно 29 гадзінаў. Праўда, узнагародаю быў няпільны дагляд літоўскіх мытнікаў, пыталі толькі пра цыгарэты і алкаголь, фармальна зазіралі ў багажнік. Хаця, натуральна, такое бывае не заўсёды. У бок Беларусі таксама чакаюць доўга, каля 20 гадзінаў.
Аўтобусаў у чарзе, паводле Памежнага камітэту, было тры, днём мяжу праходзілі за 8–9 гадзінаў. Калі ехаць у Беларусь, чакаць даводзілася каля 4–5 гадзінаў.
У «Беняконях» увечары ў пятніцу налічылі 105 легкавікоў, 33 гадзіны пакутаў – і вы ў Літве. З таго боку мяжы чарга меншая, да першага шлагбаума чакалі каля 8–9 гадзінаў.
Аўтобуснай чаргі тут няма, што ў адзін, што ў другі бок афармленне займае 2,5–3 гадзіны. Адзін аўтобус у Беларусь нават «заляцеў» за 1,5 гадзіны.
У «Грыгораўшчыне» ў бок Латвіі чаргі пятнічным вечарам не было, у бок Беларусі – невялікая, час чакання – не менш за 4–6 гадзінаў:


,,

«Латышы вельмі хутка, беларусы – амаль дзве гадзіны, шманалі ўсё цалкам, нават дзіцячыя рэчы праверылі, зазіралі ў пенал».


Сцяпан Кубік belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10