Раней у Генштабе Украіны казали, што Беларусь можа перадаць Расеі ўзбраенне і ваенную тэхніку, знятую з захоўвання.
Неафіцыйны тэлеграм-канал беларускіх чыгуначнікаў @belzhd_live паведамляе, што ў Беларусі пачалася пагрузка боепрыпасаў у крытыя вагоны для іх далейшага вывазу ў Расею.
Агулам на гэтыя мэты было зарэзервавана 100 крытых вагонаў першага класу бяспечнасці.
«Цяпер пагрузка вядзецца на многіх буйных артылерыйскіх базах узбраення і боепрыпасаў. Так, напрыклад, сёння ў ВЧ 67 878 (гэта 46-ты арсенал ракет і боепрыпасаў) у населеным пункце Бронная Гара вядуцца пагрузачныя работы.
,, Колькасць боепрыпасаў настолькі вялікая, што пагрузку ўласнымі сіламі арганізаваць не могуць і адкамандзіроўваюць вайскоўцаў з іншых падраздзяленняў на дапамогу», – сцвярджае @belzhd_live.
Пасля пагрузкі групы вагонаў накіроўваюць на станцыю Менскага чыгуначнага вузла, там іх «прычапляюць» да звычайных грузавых цягнікоў і адпраўляюць (маршрутам Менск – Ворша – Краснае – Смаленск) на станцыі прызначэння ў РФ.
Пацвярджэння гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў пакуль няма.
Глеб Нержын belsat.eu