Вольны хор падрыхтаваў праграму з 16 твораў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў.
Канцэрт памяці рэпрэсаваных паэтаў пройдзе ў варшаўскім касцёле св. Аляксандра ў гадавіну «чорнай ночы» 1937 года – 29 кастрычніка. Уваход вольны. Для тых, хто не зможа трапіць, «Белсат» зладзіць трансляцыю на YouTube-канале «Белсат Music».
Вольны хор разам з беларускімі акторамі падрыхтаваў адмысловую праграму з 16 твораў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў, 10 з якіх прагучыць упершыню.
Заспяваюць творы на вершы забітых бальшавікамі Алеся Дудара, Цішкі Гартнага і Міхася Чарота, рэпрэсаваных Міколы Куліковіча, Наталлі Арсеньевай, Міколы Равенскага, Міхася Кавыля, Дзмітрыя Верасава, Вольгі Бурнос, Сяргея Новіка-Пеюна і іншых.
Таксама прагучаць творы кампазітара і дырыжора першага беларускага хору Уладзімера Тэраўскага, якога расстралялі ў 1938 годзе, і творы сучасных кампазітараў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
Вядоўцамі канцэрту будуць Марына Юрэвіч (Вольны тэатр) і Мікола Стонька (Купалаўцы).
Канцэрт пачнецца 29 кастрычніка ў 20:00 (паводле польскага часу) у касцёле св. Аляксандра (plac Trzech Krzyży w Warszawie). Сачыць за навінамі пра канцэрт можна на гэтай старонцы на Facebook.
«Чорная ноч», або «Ноч расстраляных паэтаў», стала ў Беларусі пікам рэпрэсіяў, якія агулам цягнуліся больш за 400 дзён. Уначы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя больш за сто дзеячаў культуры і навукі. З 4 сакавіка 1937-га да 22 траўня 1938-га агулам было рэпрэсавана больш за 100 тысяч чалавек. У сярэднім штодня арыштоўвалі 200 чалавек, пераважна забіралі ноччу.
Фота вокладкі: Белсат
belsat.eu