Пуцін заявіў, што не плануе нападаць на NATO. Але ж сказаў, што і на Украіну не нападаў


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас наведвання 27 сакавіка 344-га цэнтру баявога скарыстання і перавучвання лётнага складу Міністэрства абароны РФ заявіў, што не плануе нападаць на краіны NATO. У прыватнасці, ён адзначыў, што вайсковы бюджэт РФ у дзесяць разоў меншы за амерыканскі.

Уладзімір Пуцін падчас наведвання 344-га цэнтру баявога скарыстання і перавучвання лётнага складу Мінабароны РФ. 27 сакавіка 2024 года.
Фота: Kremlin.ru

«І мы што, маючы на ўвазе гэтыя суадносіны, збіраемся ваяваць з NATO ці што? Гэта проста трызненне», – цытуе Пуціна ягоная прэс-служба.

Пры гэтым ён заявіў, што не нападаў і на Украіну, а абараняе там «нашых людзей, якія жывуць на нашых гістарычных тэрыторыях». Паводле прэзідэнта Расеі, NATO ігнаруе інтарэсы Масквы ў сферы бяспекі і «падышлі проста да нашых межаў».

«А мы што робім? Толькі баронім сваіх людзей на нашых гістарычных тэрыторыях. Таму тое, што кажуць наконт таго, што мы збіраемся пасля Украіны нападаць на Еўропу, – гэта поўная лухта», – двухсэнсоўна сказаў Пуцін.

Паводле яго, краіны NATO «палохаюць сваё насельніцтва магчымай «расейскай пагрозай», а самі распаўсюджваюць свой дыктат на ўвесь свет».

«У нас няма ніякіх агрэсіўных намераў у адносінах да гэтых дзяржаваў. Мы і ва Украіне ніколі б нічога не рабілі, калі б там дзяржперавароту не здзейснілі, а потым не пачалі б ваенных дзеянняў на Данбасе. Яны ж вайну развязалі ў 2014 годзе», – заявіў Пуцін.

Падчас любой вайны ўзнікаюць прапановы аб перамовах. Увесну чарговы раз гэтая тэма пачала гучаць і датычна вайны Расеі з Украінай. Турэччына прапаноўвае зладзіць мірны саміт, Вашынгтон дзеліцца планамі дамагчыся перамоваў да канца гэтага года. Belsat.eu тлумачыць, чаму цяпер, вясною 2024 года, шанцаў на завяршэнне вайны Украіны і Расеі пры дапамозе дыпламатычных сродкаў значна меней, чым у 2022 годзе.

Аналітыка
Ці могуць Расея і Украіна сесці за стол перамоваў?
2024.03.28 07:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў