Што азначае заява Зяленскага пра «дыпламатычную акупацыю» Беларусі?


Беларусь пад акупацыяй, а Пуцін кантралюе гэтак званых сілавікоў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв‘ю італьянскаму тэлеканалу «Rai 1» патлумачыў, што Масква жадае поўнага знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці.

«Ён такія рэчы робіць або сілай, зброяй, або палітычна. Тое, што ён зрабіў з Беларуссю, – гэта без ахвяраў і без крыві, пакуль што. Там хаўрусніцкія ўлады, дзе ён цалкам кіруе і сілавым блокам на тэрыторыі Беларусі, і войскамі на тэрыторыі Беларусі».

Як доказ прэзідэнт Уладзімір Зяленскі згадаў напад расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе.

«Калі раней яны заяўляюць, што Лукашэнка ўжо нічога не вырашае, калі яны баяліся Лукашэнку раздражняць, баяліся адкрыцця другога фронту, а цяпер так заяўляюць, то магчыма, гэта сведчыць пра тое, што сапраўды Кіеў лічыць свае рукі больш развязанымі, у тым ліку ў дачыненні да нейкіх беларускіх аб’ектаў і г. д», – каментуе палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Як зазначыў прэзідэнт Украіны, Расеі ўдалося захапіць Беларусь, цытата, «без ахвяраў і крыві». Украінскі палітолаг Максім Плэшко звяртае ўвагу: гэта можа змяніцца. Напрыклад, вагнэраўцы ўжо навучаюць вайскоўцаў Лукашэнкі:

«Калі Пуцін далей запусціць шчупальцы ў Беларусь, то беларусы адназначна стануць людскім матэрыялам для захопніцкіх войнаў. Бо чаму бураты і ўсе іншыя павінныя ісці ваяваць, а беларусы – не? Яны ж таксама нібыта расейцы, як лічыць Пуцін. Таму для беларусаў настае час выкліку, трэба гэта ўсведамляць і разумець. Свая нацыя і свая дзяржава маюць быць».

Напярэдадні прэзідэнт Украіны быў з візітам у Стамбуле. Кіраўнік Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган запэўніў, што падтрымлівае еўраатлантычную інтэграцыю Украіны, і прапанаваў запрасіць расейцаў на мірныя перамовы:

«З самага пачатку вайны мы робім максімальны ўнёсак у тое, каб вайна скончылася на падставе перамоваў. Мы гатовыя правесці мірны саміт, у якім таксама будзе ўдзельнічаць Расея».

Уладзімір Зяленскі зазначыў, што не бачыць, якім чынам можна запрашаць прадстаўнікоў людзей, якія ўсё блакуюць, руйнуюць і ўсіх забіваюць:

«Мы хочам атрымаць вынік. Вынік – справядлівы мір, справядлівы для Украіны. Таму спачатку цывілізаваныя краіны свету распрацуюць дэталёвы план і будуць мець вынік. А ўжо потым будуць далучаць прадстаўнікоў Расеі – тых, хто гатовы да справядлівага міру».

Ці ёсць месца Беларусі ў будучых перамовах? Украінскі палітолаг Максім Плэшко перакананы: беларускае пытанне ўключанае ў рамку бяспекі.

«Калі вы памятаеце гэтыя заявы, што замежныя войскі могуць быць накіраваныя ва Украіну (напрыклад, прэзідэнт Францыі Макрон пра гэта казаў), чаму не варыянт, што гэтыя войскі не бяруць удзелу ў вайне, а стаяць уздоўж украінска-беларускай мяжы? Такім чынам яны стабілізуюць сітуацыю, а ўкраінскія войскі могуць больш ісці на поўдзень», – кажа Максім Плэшко, палітолаг з Цэнтру беларускіх камунікацыяў.

Паводле палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, пытанне спынення расейскага ўплыву на Беларусь наўрад ці будзе ісці ў агульным пакеце перамоваў. Пакуль жа няма падставаў меркаваць, што перамовы паміж Кіевам і Масквой увогуле могуць адбыцца ў найбліжэйшы час.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»