У Празе адкрылі Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі афіцыйна адкрылі ў Празе Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі. Кіраваць «амбасадай» прызначылі Крысціну Шыянок, адну з лідарак беларускай супольнасці ў Чэхіі, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі і выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на адкрыцці Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе
Міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на адкрыцці Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе, Чэхія. 26 сакавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Удзел у адкрыцці Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ўзялі амбасадары, дэпутаты чэшскага парламенту, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі і Чэхіі.

«Адкрыццё гэтага Офісу пачынае новую старонку ў нашым супрацоўніцтве, – казала Святлана Ціханоўская. – Ён пасылае моцны сігнал беларускаму народу, які змагаецца за свабоду: “Вы не самотныя ў сваёй барацьбе, мы падтрымліваем вас”. Адкрыццё гэтага Офісу сведчыць аб тым, што вы адрозніваеце злачынны рэжым Лукашэнкі ад беларускага народу».

У выступе яна згадвала Аксамітную рэвалюцыю – падзеі ў Чэхаславаччыне ў 1989 годзе, што прывялі да падзення камуністычнага рэжыму і мірнага ўсталявання дэмакратыі. Ціханоўская казала, што гісторыя Чэхіі нагадвае ёй пра моц мірнага супраціву і волі народу. Яна таксама нагадала, што адзін з лідараў той рэвалюцыі, а пазней прэзідэнт Чэхаславаччыны і першы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл быў значнай асобай для беларусаў і ці не найбольшым абаронцам палітвязняў, а таксама заклікаў прыняць Беларусь у Еўразвяз.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: «Ніхто, акрамя нас, не вырашыць нашыя праблемы»
2024.03.23 22:01

Міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі выказаў надзею, што Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе будзе спрыяць падтрыманню беларускіх дэмакратычных сілаў, незалежных медыяў і палітвязняў, а таксама будзе служыць мостам паміж грамадзянскаю супольнасцю Беларусі, Чэхіі і Еўропы.

Напрыканцы цырымоніі Ціханоўская ўганаравала Ліпаўскага Крыжам Добрасуседства – такі знак яна раней уручала міністрам замежных справаў Польшчы і Ісландыі, старшыні Еўрапарламенту і іншым замежным палітыкам.

У Чэхіі Ціханоўская таксама сустрэлася з шэрагам палітыкаў, у тым ліку з прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам. Паводле Офісу Ціханоўскай, яны абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, жорсткія ўмовы ў беларускіх турмах, а таксама варыянты шматбаковага ціску на рэжым. Акрамя таго, ключавой тэмай дыялогу было выцягванне Беларусі з вайны. Асобна Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне еўрапейскага выбару Беларусі і заклікала прэзідэнта Чэхіі падтрымаць гэтую ініцыятыву.

«Я ўдзячная Чэхіі і чэшскаму прэзідэнту за цвёрдую пазіцыю – за падтрымку Украіны і свабоднай Беларусі, – адзначыла Ціханоўская пасля сустрэчы. – Самае важнае, што я хацела данесці: нельга адкладваць Беларусь на пасля і пакідаць яе Пуціну як суцяшальны прыз. Вырашэнне крызісу ў рэгіёне павінна быць комплексным і ўключаць у сябе Беларусь. Дэмакратычныя змены ў нашай краіне – інвестыцыя ў бяспеку Украіны і ўсёй Еўропы».

Прэзідэнт Чэхіі Пэтэр Павэл атрымлівае Крыж добрасуседства ад Святланы Ціханоўскай
Прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл атрымлівае Крыж Добрасуседства ад Святланы Ціханоўскай. Прага, Чэхія. 26 сакавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Напрыканцы сустрэчы беларуская лідарка ўручыла Пэтру Паўлу Крыж Добрасуседства.

Ціханоўская таксама сустрэлася з прэзідэнтам чэшскага Сенату Мілашам Выстрчылам і спікеркай парламенту Маркетай Пэкаравай Адамавай. З Выстрчылам Ціханоўская абмеркавала больш шырокае прызнанне і ўзмацненне легітымнасці Аб’яднанага пераходнага кабінету і ўсклала кветкі да магілаў лідараў Беларускай Народнай Рэспублікі. З Пэкаравай Адамавай беларуская лідарка абмеркавала кампанію падтрымання палітвязняў.

Ціханоўская анансавала, што рыхтуецца канферэнцыя, прысвечаная беларускім палітзняволеным, якую правядзе Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы разам з чэшскімі патронамі канферэнцыі.

Hавiны
«Зробім сотні такіх жа фота ўжо ў Беларусі». Ціханоўская падзякавала за Дзень Волі
2024.03.26 10:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў